Выбрать главу

Анюта завярнула ў канец вёскі. За апошняю хатаю прыпынілася. Ад сажалкі цягнула цеплаватаю вільгаццю, пахам угрэтае вады, а з поля цякло моцнае, як з напаленае печы, цяпло збажыны. Мяккі пыл казытаў у пальцы.

3 палёгкаю ўздыхнула, калі ўбачыла на палявой дарозе матацыкл. Віктар чакаў яе. 3 ім Анюта пазнаёмілася ўчора, калі вярталася са Слуцка, — Віктар падвёз яе з напакаванай сумкай ад аўтобуснага прыпынку да хаты. Віктар у калгасе «забяспечваў» работу шабашнікаў, якія будавалі цялятнік. Сам ён ужо два гады як скончыў вучобу, працуе інжынерам у канструктарскім бюро. Шабашнічаць пачаў яшчэ з першага курса, а цяпер сам арганізатар «шабашкі». У яго жонка, сын, пабудаваў кааператыўную кватэру. Зарабляе грошы на машыну. Да горада сорак кіламетраў, на матацыкле заехаць не праблема. Матацыкл на час работы выпрасіў у калгасе — каб у час даставаць матэрыялы. Цялятнік калгасу пазарэз патрэбен да восені.

Віктар павітаўся, пажартаваў:

— А я думаў, ты ўжо на танцы завярнула.

— Давай разам.

— Можна, калі табе хочацца.

— Не. Там ужо не мая кампанія.

— I тым болей не мая, — Віктар па-свойску ўсміхнуўся.

— Давай я лепш правязу цябе на матацыкле, — прапанавала Анюта.

— Умееш?

— Паглядзіш.

Яна страсянула адной нагой, потым другой — вытрасла пыл з басаножак, узялася за руль, села, пару разоў газанула, быццам прывыкала да матора, страсянула галавой:

— Садзіся!

Матацыкл асеў пад Віктарам. Ён памкнуўся абняць яе. Анюта коратка азірнулася цераз плячо:

— Ну!

Віктар прыняў рукі. Яна з месца ўзяла рыўком, унацяжку пераключылася з хуткасці на хуткасць. Пакуль набірала разгон, разоў колькі абмацала тармазны рычаг, каб прывучыць да яго нагу. Адчула, што матор набраў магутнасць. Колы пухка разбівалі дарожны пыл, падкручвалі пад сябе белую стужку палявой дарогі. Анюта з усмешкаю думала пра тое, што Віктару, як і кожнаму, хто прывык ездзіць за рулём, няўтульна ехаць ззаду, памкнулася азірнуцца, пачула, што Віктар нешта крыкнуў, i адчула, як ірванула з рук руль, лёгка кінула наперад. Яна не магла яшчэ зразумець, што адбылося, адчувала пясок у роце, у носе, пыл на твары.

Яна ўбачыла, як Віктар, накульгваючы, падбег да яе, правёў рукамі па плячах, па руках, па спіне.

— Ну як? — толькі i здагадалася спытаць Анюта.

— Лепш не бывае. Газанула! — ён выплюнуў пясок, выцер губы, з палёгкай уздыхнуў і засмяяўся. Тады засмяялася i яна, спачатку нервова, а потым, як убачыла, як Віктар матляе галавой, каб вытрасці з валасоў пясок, смяялася шчыра, да знямогі.

— А ты i рот разявіў!

Віктар падаў Анюце руку, дапамог устаць, падняў, завёў матацыкл. Анюта села на задняе сядзенне.

— Памыцца трэба было б…

— Паехалі купацца, — прапанавала Анюта.

— Давай.

Віктар праехаў па дарозе, потым скіраваў на палявую мяжу, з аднаго боку якое цягнулася ячменнае поле, а з другога — бульбянае. Калі скончыўся бульбоўнік, матацыкл пабег па аселіцы. Віктар ехаў па адной з тых сцяжынак, якія застаюцца на паплавах ад каровіных ног. Па гэтай сцежцы яны нырнулі ў вузкую белую палоску туману. Віктар прыбавіў газу, і матацыкл выскачыў на вышэйшае, зноў павеяла душнаватай летняю цеплынёй. Неўзабаве матацыкл спыніўся на невысокім пясчаным беразе ля рачной завоінкі.

У начным небе недзе высока жыло яшчэ святло, і пад ім роўна і спакойна паблісквала вада, а на тым беразе, дзе пачынаўся сенакос, ціха стаялі лазовыя купчастыя кусты. Адтуль абзываўся адзінокі паплаўнічы драч, здалёк па вадзе даносілася ціхае качынае пакракванне. Засцілаўся туманам луг за лазовымі кустамі ўдалечыні, роўна цякла вада, вечна і загадкава стаяла над зямлёй начная светласць і цішыня, якая поўніць душу неразгаданаю прыгажосцю, па якой вечна смуткуе жывая чалавечая душа.

Анюта раздзелася хутка, азірнулася на Віктара:

— А ты чаго стаіш? Перадумаў?

Знарок спытала моцна, каб парушыць цішыню, ведала, што ён любуецца ёй, паволі пайшла ў ваду, памацала яе нагой. У ваду ўвайшла ціха, прыемна адчувала пад нагамі хрумсткі мылец на дне. Паволі легла на ваду i нячутна паплыла.

Чула, як шумна плюхнуў у ваду Віктар, дагнаў яе, пафыркваў, пырскаўся вадой. Далей паплылі разам. Ён на баку, гледзячы на Анюту, яна роўна, быццам нікога i побач няма.

Анюта першая выйшла на бераг, пакуль плаваў Віктар, выкруціла за алешнікам купальнік. Калі ён вылез з вады, Анюта расчэсвала валасы. У начным святле паблісквала яе мокрае загарэлае цела. Яна адчула Віктараў позірк, крыху павярнулася, зірнула на яго з-пад рукі.

Віктар прыпыніўся, страсянуў галавой — усё ішло сваім парадкам. Ён падышоў да Анюты і моцна абняў яе. Анюта адчула, які ён увесь мускулісты і гарачы, хоць толькі што з вады. I сама адчула, як стала горача ў грудзях, як цела міжволі туліцца да яго. Віктар знайшоў яе губы сваімі, сухімі і гарачымі.