Уладзімір Шыцік
Левы рэйс
Другая версія
У невялікіх гарадках усе ведаюць адзін аднаго. Пачуўшы пра гібель Грыбоўскага, Лапкоў засмуціўся. Яны не былі блізкімі знаёмымі, але гэты чалавек яму падабаўся. Напэўна, сваім адкрытым прыветлівым тварам. Сустракаючыся, Лапкоў заўсёды стараўся павітацца першы.
Смерць сама па сабе жахлівая. Недарэчная, трагічная — тым болей. Грыбоўскі трапіў пад матацыкл перабягаючы дарогу…
Магчыма, каб Лапкоў не быў начальнікам раённага аддзялення аўтаінспекцыі, ён, шкадуючы сімпатычнага яму чалавека, не прыняў бы трагічны выпадак так блізка да сэрца. А зараз ён адчуваў нібы і сваю віну, бо не быў нават у той час у горадзе. Быццам адна яго прысутнасць магла стаць гарантыяй ад падобных здарэнняў.
З раніцы Лапкоў паспяшаўся ў райаддзел. Выпадак быў надзвычайны — загінуў чалавек, і, перш чым выканаць неабходныя фармальнасці на падставе заключэння людзей, якія займаліся гэтай справай, яму хацелася самому азнаёміцца з усімі дэталямі.
— А-а, інспектар, — здзівіўся яго ранняму візіту лейтэнант Корзун. — Падводзяць шафёры?
— Бяда з гэтымі аматарамі. Вадзіць як след не навучацца, а на ўвесь спідометр выціскаюць. Добра, што хоць сам жывы застаўся. А «Жыгулі» — блін. Шкада. Груду лому ўчора прывёз, — ён кіўнуў на акно, якое выходзіла ў двор міліцыі.
— Бачыў,— адказаў лейтэнант. — У нас тут таксама…
— Як гэта здарылася? — перабіў яго Лапкоў.— Не магу неяк паверыць. Хто тут разбіраўся?
— Я, — паціснуў плячыма Корзун. — Толькі разбірацца няма ў чым. Усё — як на далоні. П'яны быў Грыбоўскі.
— Не можа быць, — атарапеў Лапкоў. Неяк не стасавалася гэта з тым, што думалася пра Грыбоўскага раней.
Корзун яшчэ раз паціснуў плячыма і запрасіў інспектара ў свой кабінет. Там дастаў з сейфа тоненькую папку, падаў Лапкову. Паперы былі аформлены як належыць. Пратакол агляду месца, дзе адбылося здарэнне. Тлумачэнні Сіманькова, які кіраваў матацыклам, яго дружбака Панфіловіча, што быў за пасажыра. Заключэнне медыцынскага эксперта, якое сведчыла, што Грыбоўскі быў п'янаваты і памёр не апрытомнеўшы.
Лапкоў ведаў і Сіманькова і Панфіловіча. Абодва працавалі на базе грузчыкамі. У той дзень, як вынікала з іх тлумачэнняў, пасля работы яны затрымаліся ў старожцы — гулялі з вартаўніком у даміно. (Вартаўнік Трацэўскі пацвердзіў гэта.) Калі пайшлі, было ўжо цёмна. Селі на матацыкл. Сіманькоў уключыў фару. Дарога была бязлюднай, і яны паехалі. Хуткасць трымалі невялікую — кіламетраў пяцьдзесят. Грыбоўскі выбег на шашу нечакана. На асфальце, як было адзначана ў пратаколе, застаўся след: матацыкл крута вільнуў у правы бок. І не віна Сіманькова, што не ўдалося пазбегнуць сутыкнення. Кола ўдарыла Грыбоўскага, і ён упаў на асфальт.
Лапкоў закрыў папку і ўздыхнуў. Корзун папрацаваў старанна. Усё выглядала правільным, абгрунтаваным. Хоць бяры ручку і падпісвай.
— Ты не сумнявайся, — па-свойму зразумеў яго задумлівасць Корзун. — Яны паводзілі сябе як належыць. Сіманькоў паклаў Грыбоўскага ў люльку і павёз у бальніцу, а Панфіловіч застаўся на месцы папільнаваць, каб машыны не сцёрлі сляды.
Усё гэта Лапкоў толькі што прачытаў, лейтэнант мог яму і не напамінаць. Таму крыху сухавата сказаў:
— Да цябе прэтэнзій няма.
Корзун здаволена пасміхнуўся і прапанаваў:
— Калі хочаш, можаш агледзець матацыкл, ён у нас.
Лапкоў ведаў і гэты «ІЖ», як ведаў, напэўна, усю аўтамотагаспадарку раёна. Новы магутны матацыкл Сіманькова па вынослівасці і хуткасці не ўступаў ягонаму, інспектарскаму. Сіманькоў на ім у пачатку лета, як казалі ў горадзе, па трыста кілаграмаў гуркоў за тысячу кіламетраў на ленінградскія рынкі вазіў. І хоць столькі гуркоў на той час у самога Сіманькова, напэўна, яшчэ не было і ён, відаць, скупляў першарослікі ў суседзяў, на гэта не звярталі асаблівай увагі. Раён іх быў гурочны, гуркі вырошчваў, бадай, кожны другі жыхар гарадка, і неяк лічылася, што перакупшчыкі зусім не спекулянты, а проста добрыя людзі, якія выручаюць суседзяў, збываючы лішкі зялёнай прадукцыі.
Аглядаючы «ІЖ», Лапкоў думаў, што толькі дарэмна траціць час. Корзун у пратаколе не прапусціў, здаецца, нічога. Матацыкл быў амаль непашкоджаны, ніякіх адмецін на ім не засталося. Падобна, што Сіманькоў з Панфіловічам сапраўды не хлусілі — ехалі з невялікай хуткасцю. Лапкоў і не спадзяваўся знайсці нешта такое, што прайшло міма ўвагі Корзуна і яго памочнікаў — грамадскіх інспектараў. Аднак загінуў чалавек, і таму Лапкоў не лічыў для сябе магчымым апірацца толькі на чужую думку. Хаця і належала яна лейтэнанту Корзуну. Гэты невысокі чырванашчокі мацачок з універсітэцкім значком на кіцелі вызначаўся ўніклівасцю і добрасумленнасцю. Праўда, яму не ставала часам вопыту — у райаддзеле працаваў усяго паўгода. Але хватку меў.
Вядома, каб Лапкоў сам аглядаў месца, дзе загінуў Грыбоўскі, магчыма, і заўважыў бы нешта такое, што не ўбачыў лейтэнант. Як-ніяк у такіх справах ён разбіраецца лепш. Але хіба магло гэта істотна адбіцца на канчатковым заключэнні? У галоўным Корзун не памыліўся, і, як высветлілася, пешаход быў п'яны. А гэта карэнным чынам мяняе справу.
Корзун быў дакладны ў сваім пратаколе, падумаў Лапкоў, калі ўбачыў невялікую ўмяціну на крыле. Вось толькі не адзначыў добрую рэакцыю Панфіловіча, які паспеў своечасова ўхапіцца за скабу і ўтрымацца ў сядле, бо звычайна ў такіх выпадках пасажыр, калі зазяваецца, пералятае цераз галаву вадзіцеля. Але гэта проста разважанні. Панфіловіч тут ні пры чым, і Корзун не абавязаны быў запісваць у пратакол гэту дэталь.
Збіраючыся пайсці, Лапкоў адшмаргнуў цырату, зазірнуў у люльку матацыкла. Яна была пыльная, засмечаная, быццам у ёй з самага лета ніхто не сядзеў. Лапкоў падняў кілімок, пасланы на дне люлькі, і строс некалькі буйных пшанічных зерняў. Падумаў: адкуль гэтыя зярняты? Але ўспомніў, што гаспадар заўсёды ставіў матацыкл на падворку базы, паблізу ад разгрузачнай пляцоўкі. Аднак і гэта не мела ніякага дачынення да справы.
Вяртаючыся ў аддзел, Лапкоў сустрэў у калідоры Сіманькова.
— Я да вас, таварыш начальнік, — сказаў той, — хачу свайго каня забраць.
Лапкоў зірнуў Сіманькову ў вочы. Ён спадзяваўся ўбачыць разгубленасць, унутраны боль, адчай — усё, што, на яго думку, павінен быў адчуваць чалавек, хай нават ускосна, але вінаваты ў чыёйсьці смерці. Сіманькоў быў знешне спакойны, толькі вочы глядзелі лісліва, з просьбаю, нібы яго больш за ўсё хвалявала, аддадуць яму зараз матацыкл ці не. Лапкоў адчуў, як у ім пачала ўзнімацца непрыязь да Сіманькова. Каб не даць ёй вырвацца, ён адвярнуўся і цераз плячо кінуў:
— Закончым — аддадзім.
Яму вельмі хацелася паглядзець, як адрэагуе на гэта Сіманькоў, але стрымаўся і паспяшаўся ў кабінет Корзуна.
— Ну, што там? — крыху занепакоены за свае вывады, пацікавіўся лейтэнант.
— Усё правільна, — супакоіў ён Корзуна, адчуваючы разам з тым нейкую прыкрасць.
Корзун спытаў:
— Ты што, не задаволены?
— Сам не разумею, — няўпэўнена адказаў Лапкоў.
— Будзеш падпісваць? — Корзун зноў расхінуў папку. Лапкоў узяў быў ручку, аднак тут жа спыніўся.
— Ты прабач, лейтэнант, я спачатку на месца здарэння праеду.
Корзун са здзіўленнем паглядзеў на яго, нагадаў:
— Пад раніцу дождж быў. Лапкоў кіўнуў і пайшоў.
Ён разумеў, што хутчэй за ўсё нічога новага не ўбачыць. Дарога там была даволі бойкая, машыны снавалі часта, ды і дождж прайшоў моцны. Але ён ведаў за сабой гэту слабасць, з-за якой яго ў раёне называлі фармалістам і якую ён лічыў зусім не слабасцю, а пунктуальнасцю, — у справах ніколі і нікому не верыць на слова. Таму і імкнуўся заўсёды ўсё ўбачыць на свае вочы. Хай вывады супадуць, але хай гэта будуць і яго асабістыя вывады.
На дарозе ўжо нішто не нагадвала аб нядаўняй трагедыі. Дождж расквасіў зямлю на абочыне, і на тым месцы, дзе Сіманькоў наскочыў на Грыбоўскага, цяпер былі толькі доўгія і глыбокія сляды ад колаў фурманак.