У пратаколе допыту Зінаіда Шаронава значылася як «пацярпеўшая». Корзун не любіў гэтага слова. Яму здавалася, што яно надта казённае, з чалавека, якога пакрыўдзілі, якому нанеслі шкоду, робіць нейкую статыстычную адзінку. Яшчэ на пачатку сваёй службы ў райаддзеле ён паспрабаваў быў нават замяніць гэта слова. Пра дзядзьку, у якога п'яныя хуліганы адабралі грошы, напісаў «абрабаваны». Начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай чырвоным алоўкам тлуста перакрэсліў напісанае і сказаў: «Ты — лейтэнант міліцыі, а не мовазнаўца, давай без словатворчасці. А пра тое, абрабавалі твайго дзядзьку ці не, суд скажа». Корзун падпарадкаваўся, хаця ў душы застаўся нязгодным. І кожны раз, складаючы пратакол або якую-небудзь іншую афіцыйную паперу, міжволі ў думках падбіраў сінонімы да «пацярпеўшых», «істцоў», «устанаўлення сведак» і да таго падобных тэрмінаў, якія бытуюць у службовых дакументах і якія, ён гэта ўжо зразумеў, пры ўсёй сваёй казённасці надзвычай дакладна перадаюць сутнасць справы. І цяпер, калі ў яго ўзнікла неабходнасць пачынаць уласнае расследаванне з Шаронавай, якая пацярпела ад Гурыновіча, ён у думках пасміхнуўся, успомніўшы свае ранейшыя моўныя пакуты, — не было б большай бяды…
Зіна Шаронава працавала станочніцай на аўтарамонтным заводзе. Ужо адным гэтым — не пабаялася мужчынскай работы — яна спадабалася Корзуну. І начальнік аддзела кадраў, да якога ён звярнуўся, каб дапамог арганізаваць сустрэчу з дзяўчынай, даў ёй добрую характарыстыку. Актыўная, шчырая, нядаўна ў бытавую камісію заўкома выбралі. Корзун быў упэўнены, што такая зможа расказаць усё так, як яно адбывалася, прыпомніць нават нейкія дэталі.
Звычайна перад сустрэчай з чалавекам, пра якога ўжо нешта чуў, Корзун спрабаваў скласці сабе яго партрэт. Шаронаву ён уяўляў моцнай, рослай дзяўчынай — упраўляецца ж з важкімі сталёвымі нарыхтоўкамі. А яна аказалася невысокай, худзенькай. Такую няцяжка было пакрыўдзіць, збіць з ног адным ударам.
— Гадзінніка шкада, — сказала Зіна ледзь не на самым пачатку размовы.
— Залаты ж, — пагадзіўся Корзун.
— Прэмія, — уздыхнула яна, — за першае месца ў горадзе па прафесіі.
Яшчэ раней Корзун збіраўся спытаць, ці ўпэўнена яна, што гадзіннік быў тады на руцэ. Цяпер ён ужо не сумняваўся ў гэтым і ўдакладняць не стаў. Хаця каб спытаў, то, можа, і не ламаў бы галавы пазней…
— Ну што ж, Зінаіда бацькаўна, пастараемся адшукаць. Толькі і ваша дапамога патрэбна.
— Каб я магла…
— Раскажыце, як усё здарылася.
— Ды расказвала ўжо! — Дзяўчына нахмурылася. Відаць, цаніла кожную хвіліну і, спяшаючыся да станка, не бачыла неабходнасці паўтараць тое, што і без таго вядома ўжо.
— У нашай справе часам адно слова ўсю карціну перайначыць, — Корзун хацеў, каб Шаронава зразумела, што яго цікавасць не фармальная, а вымушаная.
— Хіба… — без асаблівай ахвоты пагадзілася дзяўчына і пачала расказваць.
Яна не чула крокаў ззаду, наогул нічога не чула, і таму ўдар быў для яе нечаканы. Ударылі моцна, яна ўпала і больш нічога не помніць. Калі апрытомнела, убачыла над сабой нейкага чалавека. Ён вырываў з рук сумачку. Закрычала. І адразу падбеглі людзі. Не, Гурыновіч — яго прозвішча яна ўпершыню пачула ў міліцыі — не мог выскачыць з-за вугла. Там якраз быў штыкетнік, за ім не схаваешся.
Па дарозе да Шаронавай Корзун пабываў у тым завулку і мусіў прызнаць, што дзяўчына не памыляецца. Рабаўнік хутчэй за ўсё даганяў яе. Але якая розніца — даганяў ці сустракаў. На ўсякі выпадак, аднак, спытаў:
— Калі ішлі па завулку, наперадзе нікога не заўважылі?
Шаронава паматала галавой.
— Разумею, успаміны не з прыемных, не крыўдуйце, калі ласка. Але, прашу, падумайце яшчэ. Можа, усё-такі хто-небудзь быў, хаця б воддаль?
Дзяўчына задумалася, апусціла на вочы доўгія, нібы наклееныя, чорныя вейкі. Кароткая грыўка ўпала на лоб, і Зіна стала падобнай на хлопца-падлетка. Бледнаватая, хмурая, яна, напэўна, яшчэ не апамяталася пасля траўмы — не толькі фізічнай, а і маральнай.
Корзун цярпліва чакаў, са злосцю думаючы, колькі яшчэ ходзіць па зямлі такіх Гурыновічаў, якія прыносяць людзям пакуты і гора. Ён не адразу заўважыў, што Зіна глядзіць на яго, быццам вывучае, — прыжмурыўшы і без таго прадаўгаватыя шэрыя вочы.
— Здаецца… — прамовіла яна не зусім упэўнена.
— Ну-ну, — Корзун падаўся наперад, баючыся, каб яна цяпер раптам не сказала, што памылілася, што нікога не бачыла.
— Здаецца, — паўтарыла Зіна, усё гэтак жа ўважліва разглядаючы Корзуна, — на тым баку вуліцы, на якую выходзіць завулак, была нейкая дзяўчына. Ці не ад магазіна ішла.
Калі Шаронава не блытала, тая дзяўчына павінна была тое-сёе бачыць: адлегласць паміж імі была невялікая, метраў сорак, не болей. Корзун мякка спытаў:
— Як яна выглядала?
Дзяўчаты звычайна адна адну разглядаюць вельмі прыдзірліва, і часам нават мімалётнага позірку ім хопіць, каб запомніць што-небудзь характэрнае ў паходцы, туалеце. Ён быў упэўнены, што Зіна з гэтага правіла не выключэнне. І зноў не ўгадаў.
— Не звярнула ўвагі,— пачуў ён, — ды і пад вечар было.
— Хоць што-небудзь прыкмецілі? — расчаравана сказаў Корзун. — Паліто, шапачку, сумку, можа? Не з пустымі ж рукамі яна была?
— Не-е… Хаця… У руках нешта было, так. А-а, футарал! Чорны. Ведаеце, у такім чарцяжы носяць студэнты.
— Вось бачыце, — узрадаваўся Корзун.
— Што з таго, — засумнявалася Зіна, устаючы. — Прабачце, мне пара на працу…
— Вядома, вядома, — пагадзіўся Корзун і на развітанне дадаў, насміхаючыся: — А вы казалі! Сёе-тое ж ёсць… Ёсць!
Студэнтку ён адшукаў у той жа дзень, на вячэрнім аддзяленні машынабудаўнічага інстытута — адзінага тэхнічнага ў горадзе.
— Не, я нічога не бачыла, — адказала яна Корзуну. Ён ужо хацеў развітацца, як нечаканая думка прымусіла выцягнуць з кішэні фотакартку.
Дзяўчына мелькам зірнула і паціснула плячамі:
— Дык гэта ж Гурыновіч, на нашай вуліцы жыве.
Забулдыга.
— Вы яго ў той дзень бачылі?
— Як жа! Сустрэла, каб на яго ліха.
— Чаму ліха? — Не стрымаў усмешку Корзун — надта ўжо сярдзіта прамовіла гэта дзяўчына.
— Не люблю, калі перад экзаменам п'яны дарогу пяройдзе, — як піць даць двойку схопіш.
— А якой гадзіне гэта было? Не прыпомніце часам?
— Часам прыпомню, — з усмешкай адказала дзяўчына. — Экзамен быў назначаны на сем вечара, і таму я з дому выйшла а палове сёмай. Як заўсёды, за паўгадзіны. Не паспела далёка адысціся — Гурыновіч. Хацела нават павярнуць назад…
У заліковай кніжцы, якую Корзун папрасіў у дзяўчыны, сапраўды тым днём была прастаўлена ацэнка. Корзуну стала не па сабе. Не мог Гурыновіч адначасова даганяць Шаронаву і перабягаць у процілеглым баку дарогу сваёй суседцы. А калі так, то…
Гадзіннік паказваў каля дзесяці. Ва ўпраўленні, акрамя дзяжурных, напэўна, нікога ўжо не было. Корзун пастаяў каля інстытуцкіх дзвярэй, збіраючыся з думкамі. Потым асцярожна спусціўся па заледзянелых слізкіх прыступках на тратуар. Ён любіў сакавіцкія вечары — ціхія, зорныя, калі мароз ужо не мароз, калі нагрэтае за дзень сонцам празрыстае і чыстае паветра бадзёрыць вясеннім пахучым водарам, а тонкі лядок на лужынках звонка хрупціць пад нагамі. Сёння Корзун, аднак, нібы не бачыў усяго гэтага хараства прыроды. Хутаючыся ў сваё не па сезону тонкае паліто, стараўся разабрацца ў новай сітуацыі, якая раптам узнікла пасля размовы са студэнткай. Атрымлівалася, што Гурыновіч або быў не адзін, або апынуўся ля збітай з ног дзяўчыны на імгненне пазней, калі ўжо той, першы, рабаўнік сарваў з яе рукі гадзіннік і ўцёк.