Гурыновіч, бадай, і сам мог і ўдарыць, і па які рубель-другі ў чужую кішэню залезці — у Корзуна ён даверу не выклікаў. Але Корзун быў ужо дастаткова вопытны, каб не адчуць слабыя месцы ў вывадах, якія яны з Дзюбам гатовыя былі зрабіць, не капнуўшы выпадак глыбей. Мала таго, што Гурыновіч на судзе можа заявіць, быццам хацеў памагчы дзяўчыне, — ударыў жа не ён, гэта амаль ясна, — і тады ўся іх праца пойдзе кату пад хвост; дык сапраўдны злачынца застанецца ўбаку, а гэта яшчэ горш. І хаця Гурыновіч наўрад ці помніць дэталі, а то адмаўляў бы ўсё, выключаць такі варыянт яго паводзін на судзе нельга. А калі Гурыновіч не ва ўсім вінаваты?
У былым сваім раёне Корзун ведаў і людзей і мясціны. Сутыкніся ён там з падобным выпадкам, хутка намацаў бы напрамак новых пошукаў. Горад жа быў яму яшчэ зусім незнаёмы. І Корзун адчуў, што не ведае, у які бок кінуцца. Ісці параіцца да начальства, не маючы ўласнай прапановы, не лічыў магчымым, бо кашу заварыў сам. І яшчэ непакоіла, як паставіцца да ўсяго гэтага Дзюба. Як ні круці, студэнтку павінен быў знайсці ён, гэта, урэшце, хрэстаматыйна. Таму раней, чым звяртацца да Юркаўца, рашыў перагаварыць з Дзюбам.
Старшы інспектар Дзюба быў старэйшы за Корзуна і па ўзросту на год. Але ў абласное ўпраўленне трапіў адразу пасля універсітэта. Вышэйшая пасада — большы маштаб. Паабцёршыся каля вопытных крыміналістаў, Дзюба стаў самаўпэўненым, у яго з'явілася звычка павучаць сваіх калег у райаддзелах. Корзун сустракаўся з ім раней, калі Дзюба прыязджаў у іх раён. Было, і працаваў разам. Корзун шчыра прызнаваў яго перавагу не толькі ў чыне і пасадзе, а і ва ўменні. Таму ставіўся да яго з павагай, ахвотна прымаў парады. Дзюба гэта адчуваў і, убачыўшы Корзуна ва ўпраўленні, адразу захацеў узяць яго пад сваю апеку.
— Трэба ж вучыць моладзь, — як жартуючы, з усмешкай гаварыў ён таварышам у аддзеле.
Корзун чуў гэта і не пакрыўдзіўся, прыняў як належнае, ён наогул быў чалавекам без прэтэнзій, сваіх здольнасцей не пераацэньваў. А Дзюба на гэтым не спыніўся. Ад'язджаючы ў камандзіроўку, папрасіў, як пазней даведаўся Корзун, каб, калі будзе патрэба праверыць Корзуна, далі яму справу Гурыновіча. У кабінеце начальніка аддзела ў той момант былі супрацоўнікі, і Дзюба, верны сабе, не прамінуў, як між іншым, заявіць: «Лейтэнант пераймае мае метады».
Таварышы пасмяяліся, ведалі Дзюбаву любоў да позы. Юркавец, як звычайна, хмыкнуў. А Корзун усё роўна адчуваў няёмкасць ад таго, што вымушаны падпраўляць калегу, хаця той, падобна, і не вельмі высока ставіў яго здольнасці.
Калі Дзюба прыехаў, Корзун, спрабуючы растлумачыць яму, што да чаго, доўга мямліў нешта пра Гурыновіча, Шаронаву і студэнтку, дзівячыся, чаму Дзюба ніяк не зразумее яго.
Старшы інспектар слухаў, аднак, адным вухам, відаць, не чакаў нічога слушнага ад гэтага нясмелага навічка. Не ўлавіўшы сутнасці, буркнуў:
— Нагарадзіў…
— Ды не збіваў Гурыновіч, кажу табе…
— Што ты вярзеш? — Да Дзюбы нарэшце дайшло, што лейтэнант, якога ён лічыў ледзь не сваім ценем, аказваецца, хоча мець і ўласную думку. — Сведкі…
— Вось іменна сведкі! — нечакана для сябе Корзун павысіў голас.
— Глядзі ты! — Дзюба быў здзіўлены яго ўпартасцю. — Ну што там такога нагаварыла твая студэнтка? Дай сюды. — Прачытаўшы пратакол, спытаў: — Юркавец у курсе?
— Хіба ў гэтым справа? — Корзун раптам адчуў, што ўжо ніколі, напэўна, не зможа ўспрымаць Дзюбу так, як успрымаў яго яшчэ зусім нядаўна.
— Вядома, не ў гэтым, вядома, — павесялеў Дзюба і зноў паглыбіўся ў паперы. — Трэба дзейнічаць так, як падказваюць новыя абставіны. План ёсць? Няма? Вучыш вас, вучыш… — Ён на імгненне прыкусіў губу, потым дапытліва, нібы правяраючы, паглядзеў на Корзуна і прапанаваў: — Трэба пагаварыць са сведкамі, якія ішлі ўслед за Шаронавай, пашукаць новых. Так
і даложым маёру.
Корзун не мог не прызнаць, што старшы лейтэнант добра арыентуецца ў справе. Не кожны так на хаду схопіць ідэю.
А Дзюба ўжо ўзяў ініцыятыву ў свае рукі. Перад начальнікам аддзела ён трымаўся так, быццам выпраўляў не свой промах, а чужы. Прычым не проста падаваў думку, а адразу падмацоўваў яе аператыўна-следчым планам. Корзун толькі злаваўся на сябе, што не даўмеўся да ўсяго гэтага сам. У плане ж не было ніякіх нечаканых паваротаў, і гарадскія ўмовы не адыгрывалі ніякай ролі — проста разглядаўся звычайны крымінальны выпадак.
— Можаш дзейнічаць, — ляпнуў Дзюба Корзуна па плячы, калі яны выйшлі ад Юркаўца.
Корзун хацеў адказаць, што ўжо атрымаў дазвол маёра, аднак прамаўчаў. Усё-такі план прыдумаў не ён, а Дзюба.
Сведак, якія ішлі па завулку за Шаронавай, было двое. Адна — бабулька — сцвярджала, што ёй ніхто не сустрэўся. Затое другі — мужчына — не вагаючыся, сказаў:
— А як жа, быў. Каб знаццё, я б яго за каўнер ды к вам!
Мужчына быў не першай маладосці, шчуплы, і Корзун апусціў вочы, каб не засмяяцца ад гэтай яўна запозненай смеласці. Памаўчаўшы, падкрэслена сур'ёзна спытаў:
— Запомнілі яго, таварыш Ліштван? Ён адказаў не адразу, падумаў:
— А як жа. Высокі, без шапкі…— Нібы ў пацвярджэнне сказанаму, паглядзеў на сваю з труса шапку, якую камячыў у руках. — Я яшчэ звярнуў увагу на доўгія валасы. Быў падумаў: не то дзеўка, не то хлопец. Па-мойму, ён быў у сіняй нейлонавай куртцы. Ведаеце, такія цяпер у модзе…
Ліштван быццам бы назваў шмат прыкмет, прычым сам, без падказкі. А ўявіць чалавека па гэтых прыкметах было немагчыма. Ці мала іх цяпер — у сініх нейлонавых куртках, і без шапак, і з доўгімі валасамі? Аднак Корзун не стаў расчароўваць сведку: надта ж старанным выглядаў той, гатовым памагчы.
— Куртка — курткай, а вось, мажліва, вам запомнілася што-небудзь такое асаблівае. У паводзінах, ці куды бег? Падумайце.
Ліштван наморшчыў лоб, нібы ўзнаўляючы ў памяці тую карціну, і раптам, глянуўшы на Корзуна, шырока пасміхнуўся:
— Гаспадарчая сумка была ў руках. Можа, у той адабраў? Імчаўся як на пажар…
У Шаронавай гаспадарчай сумкі не было. Хлопец, відаць, бег у магазін. Значыць, жыве недзе паблізу. Аднак магазін і грабёж… Хаця… Корзун не стаў дзяліцца сваімі думкамі з гаварлівым сведкам, толькі напаследак пацікавіўся:
— Чаму вы раней нічога пра хлопца не казалі?
— Не пыталі, дык і не казаў.
Магло быць і так, тады ўся ўвага скіравалася на Гурыновіча. І Корзун адправіўся да ўчастковага, у чыім раёне, як ён спадзяваўся, жыў хлопец у сіняй нейлонавай куртцы.
Корзуну пашчасціла. Участковы, не надта раздумваючы, выказаў меркаванне:
— Ці не Саковіча табе трэба? Ёсць у нас такі: Васіль Саковіч. Але…
— Падобна, не Гурыновіч, а ён напаў на Шаронаву.
— Вунь што! — участковы недаверліва паглядзеў на Корзуна. — Адкуль звесткі?
— Пакуль няпэўныя. Што ён за тып? — Корзун хацеў ведаць пра Саковіча больш.
— У тым-то і загваздка, што, на маю думку, прыстойны хлопец.
— Як так? — здзівіўся Корзун. І засмуціўся: прыстойныя хлопцы ў завулках не грабяць.
— Да арміі, праўда, павалэндаліся з ім. Было. А вярнуўся, не пазнаць стала. Ажаніўся. Працуе. Нядаўна жонка двайнят нарадзіла. Яму цяпер памалу хадзіць не выпадае, бегам бы справіцца.
— Можа, грошы пільна спатрэбіліся, улічваючы гэтых самых двайнят?
— Крута бярэш, лейтэнант, — нахмурыўся ўчастковы. — У нас на хлеб не крадуць, на хлеб усім хапае.
У словах участковага была логіка, да таго ж участковыя ў сваіх раёнах людзей ведаюць. Але Корзун заўпарціўся:
— Паглядзім… Гадзіннік быў хаця і з бранзалеткай, аднак без крылаў…
Саковіч сядзеў разгублены, раз-пораз кідаючы занепакоеныя позіркі на насценны гадзіннік, які вісеў у калідоры.
Корзун крыху паназіраў за хлопцам, а тады запрасіў яго ў кабінет. З размовай не спяшаўся, спрабуючы ў думках падабраць ключ, у якім можна было пачынаць допыт. Напэўна, быў вінаваты ўчастковы з сваім водгукам пра гэтага чалавека. Саковіч нечакана зрабіў на Корзуна добрае ўражанне. Звычайны, заклапочаны — з такімі на вуліцы сустракаешся штодня і нічога благога пра іх не падумаеш. І хваляваўся ён цяпер, падобна, зусім не таму, што выклікалі ў міліцыю, а ад нечага свайго, неадкладнага, недаробленага, відаць.