— Скажыце, — Корзун рашыў, што досыць мардаваць Саковіча, — што вы рабілі ў мінулы аўторак у завулку паміж школай і лазняй прыкладна а сёмай гадзіне вечара?
Саковіч недаўменна зірнуў на лейтэнанта:
— Я заўсёды там хаджу…
— Мяне цікавіць той вечар!
— Не ведаю, той або іншы, але я заўсёды там хаджу, — паўтарыў хлопец. — Магчыма, і тады ў магазін бег. Прыходжу з працы і адразу па малако, жонцы няма калі, двое ж малых, — апошняе ён прамовіў нават з гордасцю.
— Пастараюся нагадаць, — і хаця Корзун разумеў, што злачынца так паводзіць сябе не стаў бы, усё роўна пільна глядзеў на Саковіча, спадзеючыся нешта прачытаць на ягоным твары. — У той дзень у завулку на дзяўчыну напалі. Чулі?
— Значыць, гэта было ў аўторак? Я сапраўды быў тады ў магазіне. Вяртаўся, суседзі і расказалі.
— Дык вось, калі мы ўжо з вамі ведаем дзень, будзе лягчэй. Вы ў завулку нікога не сустрэлі?
— У завулку? — перапытаў ён. — Чакайце, ці не тады бачыў я там бабульку? Так, калі яшчэ ў магазін бег. Спачатку падумаў, што яна сляпая. Кійком перад сабой перабірала, нібы дарогу шукала.
— А за бабулькай хто-небудзь ішоў?
— Нешта не прыпомню. Па-мойму, не было нікога.
— У магазіне вы доўга былі? — Корзун усё хадзіў вакол. Ён разумеў, што хлопец непадобны на грабежніка, і таму не адважваўся задаць галоўнае пытанне. Але мусіў.— Так, так. Хто можа пацвердзіць?
Саковіч пачырванеў, сцепануўся.
— Гэта вы што, думаеце, што я! — крыкнуў ён адразу аселым голасам, а потым прашаптаў: — Валя, жонка…
Зрэшты, ці мела значэнне, што Саковіч хутка вярнуўся дадому. Жонка ж, суседзі не суправаджалі яго ў магазін. Каб пераскочыць цераз плот і ўдарыць дзяўчыну, шмат часу не трэба. Аднак Корзун вагаўся. Характарыстыка, якую даў хлопцу ўчастковы, не выходзіла з галавы — трывожыла, непакоіла. І яшчэ было пытанне: адкуль Саковіч мог ведаць, што ў Шаронавай на руцэ гадзіннік?
— Бабулька вас бачыла? — Корзун усё яшчэ не ведаў, якое прыняць рашэнне.
— Цераз плот я пераскочыў, калі яна ўжо мінула… Корзун перачытаў пратакол, напісаны паводле слоў Саковіча, даў яму падпісаць і нечакана для сябе сказаў:
— Пасядзіце ў калідоры.
— Ты што, звар'яцеў? — абурыўся Дзюба, ледзьве за Саковічам зачыніліся дзверы. — Збяжыць!
— У чалавека сям'я, — Корзун ухіліўся ад прамога адказу і раптам адчуў, што патрэбнае рашэнне нарэшце прыйшло.
— Нажывеш непрыемнасцей, зараз жа вярні! — Дзюба не на жарт занепакоіўся, і гэта крыху прымірыла з ім Корзуна.
— Няўжо ты не бачыш, што Саковіч невінаваты?
— Гурыновіч невінаваты, Саковіч невінаваты, — Дзюба не мог спакойна гаварыць. — Па-твойму, Шаронаву па галаве нябесны камень пляснуў?
— Гэта і мяне бянтэжыць, — прызнаўся Корзун. — Павінен быць, ёсць нехта трэці!
— Гонішся ты за жураўлём, Алесь, — успомніў Дзюба сваю любімую прымаўку. — Глядзі, каб сініца тым часам з рук не выпырхнула. Зразумей, бранзалетка магла расшпіліцца раней, у аўтобусе, на вуліцы. Ведаеш, які там замок! А нават сама Шаронава не пацвердзіць, што гэта не так.
Корзун слухаў Дзюбу і думаў, што, напэўна, такая ўжо асаблівасць недаказанай версіі — слабыя месцы ў ёй вылазяць быццам спецыяльна напаказ. Вось як у гэтай яго — з другім злачынцам. Таму і няма нічога неспадзяванага ў тым, што Дзюба адразу выставіў даволі слушныя контрдовады. Зрэшты, і гэта някепска. Чым болей сумненняў будзе зараз, тым меней іх застанецца пазней, тым надзейнейшы атрымаецца вынік. А правяраць узніклыя здагадкі трэба абавязкова, гэта элементарна. Толькі як правяраць? Корзун зірнуў на Дзюбу. Той, здавалася, ужо забыўся на ягоныя клопаты і сядзеў, уткнуўшыся ва ўласныя паперы, з такім выглядам, нібы выпадак з Шаронавай да яго ніякага дачынення не меў, нібы гэта і не ён пакінуў у справе белыя плямы. Корзуну стала прыкра. Сам ён не змог бы перакласці на чужыя плечы сваю ношу. Дзюба ўзняў вочы, пасміхнуўся:
— Што ты мяне вывучаеш, лейтэнант? Далібог, не я грабіў!
У словах Дзюбы гучала легкадумнасць, нават абыякавасць. Менавіта тое, чаго Корзун у справах не выносіў. Лічыў, што для жартаў павінна быць і сваё месца, і свой час. Ён нахмурыўся. Гэты губасты, круглатвары таўстун раптам пачаў раздражняць яго.
— Чайнік ты, Алесь, — зноў пасміхнуўся Дзюба. — Табе б яшчэ свістульку ўставіць, каб сігналы падавала, калі закіпаць пачынаеш. Ну што я табе — вораг?
Ён сказаў гэта нязлосна, і Корзун збянтэжыўся. Кім-кім, а прасцяком яго калега не быў. Хаваючы няёмкасць, пачаў даказваць:
— Праверыць усё роўна мусіш.
— Як? — паблажліва пацікавіўся Дзюба.
А ў Корзуна прапала ахвота раіцца. Апошняе слова ў іх кароткай дыскусіі засталося за старшым інспектарам. Ды Корзуна ён не пераканаў. Алесь разважаў, што гадзіннік, нават залаты, не такая ўжо вялікая каштоўнасць, каб злачынца загадзя рыхтаваў напад на Шаронаву. Думка ў яго, напэўна, з'явілася раптоўна, і Шаронавай ён хутчэй за ўсё або незнаёмы, або малазнаёмы. Гадзіннік ён убачыў выпадкова неяк. Дзе, як? І на гэтыя пытанні, калі толькі ён, Корзун, не памыляецца, Зіна павінна была адказаць.
Машыны Корзун прасіць не стаў — каб не трапляцца на вочы начальству, не будзеш жа тлумачыць, што здагадка табе толькі мроіцца. Але і аўтобуса чакаць не хацелася — нецярпенне патрабавала руху, дзеяння. У натоўпе Корзун непрыкметна для сябе супакоіўся.
Не верыць участковаму было нельга. Вопытны, сталы супрацоўнік, з тых, хто, не абдумаўшы, характарыстык не дае. Ды і ўласная інтуіцыя падказвала Корзуну, што Саковіч падвярнуўся яму неяк дзіўна, нелагічна. А ў выніку не зводзіліся канцы з канцамі. Значыць, дапушчана памылка. Калі, у чым? Вось у гэтым і трэба было разабрацца.
На скрыжаванні, дзе Корзуну трэба было перасекчы праспект Металістаў, светафор успыхнуў чырвоным вокам. Корзун затрымаўся. Транспарту не было ні злева, ні справа, а сігнал свяціў сабе, адлічваючы вызначаныя яму секунды, нікому ў гэты момант не патрэбныя. Праспект быў пусты, як… Як і той завулак, па якім следам за Шаронавай ішла бабулька.
Запаліўся зялёны. Корзун машынальна ступіў на асфальт, раздумваючы, чаму гэта раптам успомнілася бабулька. Яна нікога не сустракала? І Саковіч сцвярджае, што нікога не сустрэў. Адзін мог бы і выдумаць або не заўважыць. Калі ж адно і тое кажуць двое, то гэта ўжо факт. І паказанні іх, такім чынам, дапаўняючы адно аднаго, сведчаць, што Саковіч сапраўды на месцы здарэння не быў. Аднак Ліштван сцвярджае, што быў. Нешта тут не вяжацца. З аднаго боку — няма змовы паміж Саковічам і старой, бо яны нават незнаёмыя. З другога — прыкметы, названыя Ліштванам, прымушаюць верыць і яму. Корзун паморшчыўся: чым не тыя славутыя тры сасны, сярод якіх нехта ў свой час заблудзіўся…
На заводзе быў абедзенны перапынак. Зіну Шаронаву Корзун знайшоў у сталоўцы. Яна здзівілася лейтэнанту, таропка адсунула талерку з катлетай і ўстала.
— Ды не спяшайцеся, — сумеўся Корзун. — Я пачакаю ў вестыбюлі.
Дзяўчына выбегла неўзабаве. Корзуну падумалася, што яна не даела катлеты. Адчуваючы сябе вінаватым, сказаў:
— Гэта не гарыць, проста хацеў сваю здагадку праверыць, дробязь…
— А ў вашай справе, так вы, здаецца, нядаўна мне казалі, дробязяў не бывае? — І на яе шчоках зайгралі ледзь улоўныя ямачкі.— Пытайце, дзе маё не прападала!
Корзун ажывіўся: з такімі вясёлымі людзьмі лёгка размаўляць, усё разумеюць.
— Мне чамусьці падумалася, — пачаў ён, падбіраючы больш дакладныя словы. — Мне падумалася, што перад гэтым… Ну, як Гурыновіч на вас напаў, нехта пытаўся ў вас… Колькі часу? Так?
Шаронава з цікавасцю зірнула на лейтэнанта.
— Як вы дазналіся?
— Значыць, праўда, пытаўся?
— Дзядзька. Такі дзіўны. Грыбок. Сам худы, а капялюш шырокі.
— Вы пазналі б яго?
— Наўрад ці, я на твар не глядзела. Капялюш спадабаўся. Бурачковы, а паліто шэрае. Ну, сама падасінавік.