Шаронава смяялася, а ў Корзуна заняло дых. Намаляваны ёю партрэт кагосьці нагадваў, быццам бачыў яго зусім нядаўна, ды не мог успомніць, калі і дзе.
Вярнуўшыся ва ўпраўленне, Корзун запрасіў даведку: ці не было раней падобных, як у выпадку з Шаронавай, нападзенняў. Аказваецца, былі. Два гады таму назад. Корзун узяў з архіва справу. Ні прозвішча грабежніка, які ўсё яшчэ адбываў пакаранне, ні сведкі, якія праходзілі па справе, нічога не сказалі Корзуну. Не спадзеючыся знайсці нешта карыснае для сябе, ён усё-такі гартаў акуратна падшытыя старонкі. Мільгалі пратаколы, даведкі, заключэнні. І раптам Корзун аж прысвіснуў. Асуджаны злачынца быў затрыманы ў доме, у якім жыў… Саковіч. Праўда, паводле слоў участковага, Саковіч у той час служыў у арміі. Аднак прызваны быў незадоўга перад тым выпадкам і мог быць не толькі знаёмы з грабежнікам, а і звязаны з ім. Розніца ў дзесятак гадоў паміж імі вялікага значэння не мела. Рэцыдывісты ахвотна прыбіраюць падлеткаў да рук. А Саковіч быў хлопцам неспакойным. Дык, можа, Ліштван не памыляецца? Усё зноў скрыжавалася на Саковічу. І Корзун паехаў да ўчастковага.
— Не! — катэгарычна заявіў той. — Яны не былі звязаны.
Корзун вярнуў справу ў архіў і ўзяўся за свае паперы. Прайшоўся яшчэ раз па пратаколах, тлумачэннях, падумаў-падумаў і паехаў у адрасны стол. І тут яму давялося здзівіцца другі раз за гэты дзень. Адзін з галоўных сведак — Ліштван — два гады таму назад таксама жыў на той жа вуліцы, што і Саковіч, насупраць. Вуліца была забудавана двухпавярховымі васьмікватэрнымі дамамі, і жыхары, напэўна, ведалі адзін аднаго. Ці не таму Ліштван і ў змроку пазнаў Саковіча? Толькі навошта было ўтойваць, што ведае хлопца? Праўда, Корзун у яго пра гэта не пытаўся. Тут у Ліштвана знойдзецца адгаворка, хаця прыводзіць прыкметы і не назваць прозвішча, якое зрабіла б непатрэбнымі гэтыя прыкметы, мог бы хіба вар'ят. Ліштван жа выглядаў зусім нармальным. І Корзун рашыў: па-першае, пацікавіцца, што ўяўляе з сябе гэты галоўны сведка, бо з яго боку мог быць і звычайны абгавор — ці мала прычын ёсць у былых суседзяў; і па-другое, яшчэ раз сустрэцца самому з усімі вядомымі сведкамі, з якімі ўжо раней працаваў Дзюба.
Асоба Ліштвана сімпатыі не выклікала. Двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за кражы, хаця гэтым фактам сваёй біяграфіі ён ні з Дзюбам, ні з Корзунам не падзяліўся, нават пры запаўненні пратаколаў. Цяпер працаваў грузчыкам у мэблевым магазіне. Прачытаўшы гэта, Корзун падумаў: не такі ўжо, відаць, ён слабак, якім здаецца на першы погляд. Лайдакаваты. Любіць пацягнуць грошы з пакупніка за аплачаную і без таго дастаўку мэблі. За апошні год узяў тры імпартныя гарнітуры, нібыта для сябе. І хаця ў магазіне гэтаму не надта верылі, гарнітуры давалі. Як тлумачыў дырэктар, каб не кінуў працы. Корзун паківаў галавой: знайшлі незаменнага спецыяліста высокай кваліфікацыі… А можа, была і іншая прычына? Аднак, як кажуць, злодзей той, каго за руку схапілі. Так што здагадкі прыхавай да лепшых часоў. І да канкрэтнай справы яны дачынення не маюць. З паказаннямі нават несумленнага чалавека мусіш лічыцца, пакуль не абвергнеш іх. А ў Ліштвана амаль усё сыходзіцца. Зрэшты, ёсць і іншыя сведкі здарэння, словы якіх могуць таксама праясніць нешта ў гэтай справе.
На службе Корзун з'явіўся праз два дні. Узбуджаны, з чорнымі кругамі вакол запалых вачэй.
— Дысцыплінка, лейтэнант, — Дзюба сказаў гэта, нібы жартуючы, аднак жарт прагучаў двухсэнсоўна, з намёкам.
Корзун ніколі не дазваляў сабе ўхіляцца ад працы. Нават выканаўшы заданне, усё роўна забягаў у аддзел, калі спадзяваўся заспець каго-небудзь з таварышаў або калі была якая тэрміновая праца. Таму, пачуўшы папрок, пачырванеў.
Дзюба зразумеў гэта так, што яго падколка дасягнула мэты, і задаволена прабасіў:
— Ну-ну, з кім не бывае…
Корзун хацеў быў прамаўчаць, аднак твар старшага інспектара поўніўся задаволенасцю, і не ўтрымаўся, як пра нешта другараднае, сказаў:
— Ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам… Распрануўшыся, выглянуў у калідор:
— Заходзьце.
Увайшоў Ліштван.
Дзюба нахмурыўся, сурова паглядзеў на Корзуна — быццам абяцаў пазней выдаць за гэту гульню ў следства, мусіць, лічыў, што сам ужо выцягнуў з Ліштвана ўсё, што можна было.
А ў Корзуна як чорт усяліўся. Ён непрыкметна для сведкі падміргнуў Дзюбе і, пасур'ёзнеўшы, прапанаваў Ліштвану сесці.
— Раней сядзеш, раней выйдзеш, — хіхікнуў той, уладкоўваючыся на крэсле.
Корзун не любіў падобных крымінальных прымавак, іншым разам ён абавязкова прыструніў бы гэтага дамарослага жартаўніка, але пакуль у яго намеры не ўваходзіла абвастраць з ім адносіны. Ён расклаў паперы на стале і папрасіў Ліштвана:
— Апішыце, як і дзе вы ўбачылі таго… таго…
— Саковіча? — паспяшаўся падказаць Ліштван.
— Увогуле, я спачатку хацеў пачуць пра Гурыновіча, — сказаў Корзун. — Ды можна і пра Саковіча. Давайце.
— Ён, значыцца, бег, не, імчаўся дай бог ногі. Быццам за ім гналіся.
— Акрамя Саковіча, у завулку хто-небудзь быў?
— Дыбала нейкая старэча.
— А можа, Саковіч пераскочыў цераз плот пасярод завулка? Не магло так быць?
— Не. На свае вочы бачыў — ад таго месца бег… Кажу, як уцякаў. Нават мяне, здаецца, не бачыў.
— Значыць, і міма бабулькі прабег, так я вас зразумеў?
Уніклівасць лейтэнанта чамусьці не спадабалася Ліштвану, ён грубавата параіў:
— Вы ў яе папытайце, я за ўсіх не адказчык.
— Яна — гэта яна, — Корзун нібы не заўважыў, што ў Ліштвана затрымцелі нервы. — А вы — гэта вы…
— Старая ці не падслепаватая, кійком наперадзе мацала.
Корзун задумліва паглядзеў на Ліштвана і, не мяняючы ранейшага тону, сказаў:
— Не бег Саковіч з месца здарэння. Ён, калі старая прайшла ўжо, апынуўся ў завулку.
Сведка нечакана абурыўся:
— Не верыце! Выгараджваеце! А Васька быў бандытам і застаўся бандытам!
— Навошта лішняе? — Корзун пацёр скроні.— Сказалі б, напрыклад, што не заўважылі хлопца, а то адразу — бандыт. Дарэчы, вы што, раней сустракаліся?
— Ну… — Ліштван запнуўся быў.— Жылі ў адным доме некалі…
— Чаго ж адразу не сказалі?
— Каб не падумалі, што ў мяне з ім старое…
— Дапусцім. З Саковічам, значыць, праяснілі. Цяпер з вамі. Дзе вы ўзялі гадзіннік, той, які ўчора хацелі збыць турыстам?
А Ліштван, быццам даўно чакаў гэтага пытання, зноў адказаў без роздуму:
— Знайшоў, знайшоў. Пасля прыйшоў на тое месца і — знайшоў. У міліцыі пачуў ад дзеўкі пра гадзіннік.
— Дапусцім і гэта, — Корзун падумаў, што ўсё-такі не дарэмна ён разыгрываў сам з сабой мажлівыя Ліштванавы выкрутасы, і не без задавальнення зірнуў на ўстрывожанага Дзюбу. Потым звярнуўся да сведкі: — Аднак дапусцім і другое. Пра гадзіннік вы ведалі да міліцыі. У Шаронавай пра час пыталіся.
— Што гэта вы мне вешаеце? — спытаў Ліштван, робячы выгляд, што абураны, аднак асаблівай разгубленасці ў ім не было.
— Вы чалавек бывалы, павінны разумець, што ў нашай установе факты са столі не бяруць. Думалі нам Саковіча падкінуць, калі адчулі, што на Гурыновічы мы не спынімся? А я сцвярджаю: на Шаронаву напалі вы! А потым, сарваўшы з яе рукі гадзіннік, уцякалі па завулку назад. Бабку вы спадзяваліся абмінуць, што з старой за сведка. А Саковіч… Ён пазнаў бы вас і пазней успомніў бы… Прыйшлося вярнуцца і ўзяць ролю сведкі… Ліштван, Ліштван, няўжо турма вас нічаму не навучыла? — Апошняе, напэўна, можна было і не казаць. За такіх, як Ліштван, трэба было брацца раней, да турмы.
— Доказы, доказы давайце, — ён дэманстратыўна павярнуўся да Дзюбы, быццам на яго збянтэжаным твары спадзяваўся знайсці падтрымку сваім словам.
— На тое вы і тут, — Корзуну хацелася ўстаць, пахадзіць па кабінеце. Што б там ні было, ён цяпер таксама хваляваўся. Але расхаджваць у час допыту лічыў нетактоўным. Нават перад злачынцам нельга дэманстраваць перавагу свайго становішча. — Не маглі вы знайсці гадзіннік!
— Вы што, сачылі за мной? — нахабна пасміхнуўся Ліштван, быў упэўнены, што ніхто нічога не дакажа.
— Не сачылі, а прасачылі. Як кажуць, заднім чыслом.
— Што калом, што аб кол…