Выбрать главу

— План, Раман Фаміч, мы напішам. А цяпер давайце вашы меркаванні, падумаем над імі,— сказаў Корзун, каб даць участковаму магчымасць працаваць самастойна.

— І то, — адразу падбадзёрыўся Савачкін. — Варта было б з работнікамі бухгалтэрыі пагаварыць, — ён памуляўся, падбіраючы словы, — афіцыйна, з пратаколам. А то я іх так, збольшага папытаў.— Корзун згодна кіўнуў галавой. — Гэта я сам зраблю, — працягваў Савачкін, — а на тваю долю — ферма. Жывёлаводы рана ўстаюць. Пагавары з загадчыцай на комплексе, яна раней за даярак на працу прыходзіць.

II

Жывёлагадоўчы гарадок, або, як яго тут называлі, комплекс, быў на ўскраіне вёскі, паблізу ад шашы. Сучасны кароўнік, сянажныя вежы, фуражныя склады. Загадчыцу Корзун знайшоў хутка. Яна сядзела ў сваім маленькім чысценькім пакойчыку і нешта падсумоўвала на лічыльніках. Відаць, была не надта спрактыкаваным рахункаводам, бо асцярожна, як баючыся, перасоўвала па прутках па адным жоўценькія і чорненькія кружочкі.

— Вы Марыя Апылінская? — няўпэўнена спытаў Корзун. Дзяўчыне было гадоў дзевятнаццаць-дваццаць, для загадчыцы такой фермы, на яго думку, малавата.

— А то хто ж? — уздыхнула яна. Аднак, глянуўшы на Корзуна, ажывілася: — Што гэта я вам спатрэбілася?

— От шукаю, хто мала спіць, — ён пасунуў парожні бітон і сеў на лаўку.

— Тады правільна. Гэта — я. У чатыры ўстаю, у дваццаць чатыры кладуся.

— Хто рана ўстае… — хацеў пажартаваць Корзун.

— Таму заўсёды спаць хочацца, — перабіла дзяўчына. — Дык што вам?

— Грошы ў канторы ўкралі. Чулі?

— Ну і што? Я далёка ад канторы жыву. Вунь там, — паказала яна на завешанае белай фіранкай акенца.

— Гэта нават лепш, — сказаў лейтэнант. — Значыць, вы ў чатыры ішлі на працу?

— Не, а пятай. У чатыры я ўстаю.

— Вы нікога не сустрэлі?

— Каб то, — яна аж сцепанулася, — такая цемра, цішыня.

Корзун уявіў, як дзяўчына таропка бяжыць спачатку па соннай вуліцы, потым недзе ў правулку збочвае на гароды, і ўвесь час, баючыся азірнуцца, чуйна прыслухоўваецца да кожнага шоргату за спіной. Яна, напэўна, і выбірала сабе дарогу цераз поле, бо там няма ні дрэў, ні платоў, за якімі ёй уяўляліся прывіды.

— І сёння нікога не бачылі? — спытаў ён, шчыра спачуваючы дзяўчыне.

— Адкуль? Соннае царства.

Корзун не вельмі спадзяваўся, што Марыя Апылінская выведзе яго на след. Аднак адказ расчараваў — яна ж была б, можа, адзінай сведкай.

— І машыны не хадзілі?

— Быў нейкі грузавік, здаецца. Я якраз з хаты выйшла. На Комсенічы памчаўся.

— Так ужо і памчаўся? — Корзун перапытаў наўмысля.

— Як шалёны, — цвёрда запэўніла дзяўчына. — Стаяў-стаяў, а потым як ірване. Дзіва што, позна было.

— Скажыце — рана, — паправіў Корзун. — А вы ўпэўнены, што грузавік стаяў, бачылі?

— Не бачыла. Дзе там убачыш. Цемра. Толькі спачатку было ціха. Як звычайна ўначы: у Комсенічах сабака забрэша — у нас чутно. І раптам матор як газане.

Корзун у думках пасміхнуўся. Дарога была не з бойкіх, як кажуць, мясцовага значэння, звязвала некалькі сельсаветаў і выходзіла на абласную магістраль, якраз у напрамку Комсеніч. Праўда, той факт, што па ёй а пятай гадзіне ночы прайшла машына, яшчэ ні пра што не сведчыў. Кожны шафёр выбірае час, зыходзячы са сваёй патрэбы. Вось толькі спыняцца яму не варта было б. Гэта ўжо выклікае падазрэнне. Зірнуўшы на бледны, стомлены Марыін твар, нібы просячы прабачэння, Корзун сказаў:

— Я задам вам яшчэ некалькі пытанняў. Значыць, вы нікога не сустрэлі.

— Я ўжо казала…

— Так-так, — пацвердзіў Корзун. — Я не гэта меў на ўвазе. Я хацеў спытаць, ці ўсе ў вёсцы спалі, як вы ішлі на ферму. Можа, у каго гарэла святло?

— Толькі ў Купскіх. Але і яны, як я параўнялася з іх хатай, патушылі. Ганне на працу пазней. Яна — свінарка.

— А муж? — нагадаў Корзун. — Муж часам не ў жывёлагадоўлі працуе?

Апылінская павагалася: гаварыць ці не пра гэта чужому чалавеку, але ўсё-такі рашыла расказаць.

— Як бутэльку ўбачыць, усё забудзе. Кожны дзень п'е.

Больш Апылінская, бадай, нічога патрэбнага яму сказаць не магла, і Корзун прапанаваў:

— Вы дадому? Пойдзем разам, пакажыце мне хату Купскіх.

— Што вы! А работа?.. — усміхнулася Марыя.

— Тады жадаю не мець нястачы, — пажартаваў Корзун і развітаўся.

Дом Купскіх быў не стары, але недагледжаны. Плот пахіліўся, левая фортка ў варотах вісела на адным круку, ніжняя прыступка на ганку падгніла і перакасілася. Корзун падумаў, што Марыя сказала праўду пра Купскага. За гаспадаром-п'яніцам парадку не будзе.

— Вам каго?

Голас данёсся з хлеўчука, які быў побач з хатай. А следам выглянула і жанчына.

— Калі вы Ганна Купская, то вас.

Яна выйшла, на хаду выціраючы рукі. Здзіўлена агледзела лейтэнанта міліцыі, потым захінула паддзёўку і паправіла хустку.

— Слухаю вас.

Ганне было гадоў трыццаць, не болей. Але яе выгляд уразіў Корзуна. Відаць, жыла яна не лёгка. Некалі сінія вочы пабляклі, глыбокія маршчыны прарэзалі лоб, ляглі на шчокі, і твар ад гэтага выглядаў старым, стомленым. Жанчына, відаць, была не з гаваркіх.

— Вы чулі, што ў калгасе здарылася пакража? — спытаў Корзун.

— А ўжо ж, уся вёска гаворыць, — адказала Ганна. Пытанне, відаць, здзівіла яе, і яна дадала: — Але я сама нічога не бачыла.

Корзун засмяяўся.

— Чаго гэта вам весела? — нахмурылася Ганна. — Не капейку ўкралі.

— Прабачце, вы мяне рассмяшылі. Я і не спадзяваўся, што вы бачылі.— Яму спадабалася, што жанчына ўзяла здарэнне блізка да сэрца.

— Дык што?

— Вы сёння рана ўсталі?

— Можа, у хату зойдзеце? — запрасіла яна, паглядаючы ўгару, дзе плылі сінія хмары. — А то каб дождж зноў не сыпануў.

— Я ненадоўга, — супакоіў яе Корзун. — Можам пагаварыць і на двары.

Гаспадыня зняла з вяроўкі анучу і змахнула смецце з лаўкі, якая стаяла злева ад ганка.

— Сядайце, — пачакаўшы, пакуль ён сеў, сказала: — Як заўсёды, а шостай гадзіне.

— Вы што, на ноч святло не гасіце?

— Чаму гэта? — здзівілася Ганна. — У нас лічыльнік.

— У вас сёння ў чатыры гадзіны на кухні лямпачка гарэла.

— А-а… — Яна звяла бровы. — То мой, каб яго, швэндаўся.

— Ён зараз на працы?

Яна адказала не адразу. Напэўна, было няёмка, што муж дома. Няўпэўнена растлумачыла:

— Кажа, галава баліць… Корзун зразумеў яе і згодна кіўнуў:

— Бывае.

Каб не гаварыць больш на гэтую непрыемную для яе тэму, жанчына ўстала.

— Зараз яго гукну, — і знікла ў сенцах. Неўзабаве з дзвярэй высунуўся мужчына.

— Чаго стаў? — Ганна падпіхнула мужа. — Ідзі во, пагутары з чалавекам.

Вочы ў Купскага пад навіслымі рудымі бровамі бегалі. Корзун ледзь стрымаў усмешку: п'яніцы і абібокі не радуюцца сустрэчы з міліцыяй.

— Вы ўначы выходзілі з хаты?

— А што, можа, нельга?

— Лёўка! — тузанула яго за рукаў жонка. — Як табе не сорам. Чалавек грошы шукае.

— Каб я ведаў дзе, сам пашукаў бы. Мне і самому грошы не пашкодзяць, — пачаў бурчаць Купскі. Ён яўна не хацеў размаўляць.

— Цьфу, дурань! — узлавалася Ганна. — Я сказала, што ты выходзіў уначы.

— Ну і што з таго? — ухмыльнуўся Купскі.

— А якой гадзіне вы выходзілі? — Корзун зрабіў выгляд, што не заўважыў ухмылкі. Але потым рашыў папярэдзіць: — Магу, калі хочаце, у аддзел выклікаць.