Выбрать главу

Грукнулі дзверы. У пярэднім пакоі нехта асцярожна пратупаў да спальні, зашаргацеў брызентавым плашчом. Адсунулася занавеска, і Корзун убачыў Рамана Фаміча.

— Уставай, Антонавіч, у вёсцы рана ўстаюць, — пажартаваў той.

— Вы што, вартаўнікоў правяралі? — засмяяўся Корзун.

— Хай Шынкевіч іх сам правярае, — Савачкін прамовіў гэта сярдзіта: і ў ім жыла крыўда на старшыню. — Я на шашы быў, хацеў паглядзець, ці ёсць ноччу рух. З трох гадзін усяго адна машына прайшла, на райцэнтр. Некаму, відаць, была патрэба як найраней трапіць туды.

— Та-ак, — хаваючы няёмкасць, працягнуў Корзун. Гаспадар зрабіў тое, што павінен быў зрабіць ён сам. — Ваша магістраль не ўсесаюзнага значэння. Але і на ёй уначы рух бывае.

— Выпадак, — Савачкін адступіў у калідорчык, распранацца. — Сёння — адна, учора — ніводнай.

— І вы на бок Лапкова? — папракнуў Корзун, хаця толькі што сам сумняваўся ў сваіх вывадах. Скепсіс Савачкіна раптам выклікаў у ім жаданне паспрачацца. — Тут або — або. Калі не памылілася інспекцыя, злодзей жыве ў Даманах. І мы абодва ў гэта не верым. Хай Лапкоў паварушыцца.

Савачкін памаўчаў, даючы Корзуну ўстаць, апрануцца. Потым спытаў:

— Затрымаешся?

— Лепш паеду. Нашы меркаванні далажу асабіста. Як кажуць, калі-нікалі трэба з'яўляцца кіраўніцтву на вочы. І табе лягчэй, і начальства задаволена.

— А ўсё-такі, што дакладваць будзеш? — Савачкін не падтрымаў жарту.

— Добрага, як разумееце, нічога. Буду на Лапкова ціснуць. Грузавік — не цацка, у кішэні не схаваеш…

Дождж перастаў яшчэ ўчора ўдзень, а сёння з раніцы паказалася сонца — скупое і падманлівае. Рэзкі вецер глуха шумеў у голых галінах высокіх бяроз, што раслі на старых вясковых сядзібах, хіліў долу высаджаныя навасёламі ля сваіх хат маладыя ліпкі і клёнікі, пакрываў рабаціннем лужыны. Корзун наставіў каўнер шыняля і паскорыў крок — вецер, здавалася, пранізвае да касцей.

Аўтобусны прыпынак быў недалёка ад фермы. Корзун спыніўся ля слупа, на якім была прыбіта шыльда з белай літарай А, і агледзеўся. Калі верыць Марыі Апылінскай, прыкладна ў гэтым месцы спынялася тая машына. Ён павярнуўся да вёскі, пашукаў завулак, у якім жыла дзяўчына. Гэта было недалёка ад шашы, метраў трыста, хаця адсюль, з прыпынку, нават напрасткі, набіралася на поўны кіламетр. Уся загваздка ў тым, дзе на самай справе была тады машына. Насупраць Марыінай хаты ці, як яна запэўнівае, тут. Калі тут, то веры больш Купскаму, які жыве бліжэй да прыпынку. Корзун прыхінуўся да слупа, быццам хацеў схавацца ад ветру. Распырскваючы гразь, міма прамчаўся «ЗІЛ». Корзун прасачыў за ім. Грузавік хутка схаваўся за павароткай, а шум пасля яго быў чуцён яшчэ хвіліны дзве. «Гэта ўдзень, — падумаў Корзун, — а ўначы?.. Напэўна, сапраўды — аж з-пад Комсеніч».

З боку Бярозаўкі пад'ехаў аўтобус. Пасажыраў было нямнога, Корзун прыстроіўся на заднім сядзенні, побач з акном, і апусціў каўнер.

Пастаяўшы крыху, аўтобус зрушыў з месца.

Шаша агінала Даманы паўкругам, і Корзун яшчэ доўга бачыў вёску. Не адну, а дзве. Старыя Даманы, дзе пакуль што была калгасная кантора і дзе жылі яго сведкі, і новыя, якія пачалі будавацца гады два таму назад. Уласна, новая вёска больш падобная на гарадскі пасёлак, забудаваны двухпавярховымі цаглянымі дамамі. На ўзгорку, у самым цэнтры, абсаджаны маладымі дрэвамі, зіхацеў вялікімі вокнамі Палац культуры. А непадалёк узвышаліся сцены будучага універмага. Зручна будзе людзям жыць тут — усё побач, усё сучаснае. Багаты калгас. Нездарма Шынкевіч у раёне такім гогалем трымаецца. Што ж, шчыра кажучы, яму ёсць чым ганарыцца. Кепска толькі, што вось гэтае адчуванне ўласнай годнасці часам заносіць яго не ў той бок…

IV

Падпалкоўнік Шарай падрабязна распытаў Корзуна пра іх з Савачкіным меркаванні, спакойна адзначыў, што ў пошуках няма вынікаў, і толькі пад канец размовы папярэдзіў:

— Сума вялікая, так што даю табе два дні. Корзун, які чакаў горшага, падбадзёрыўся, таропка ўстаў і паабяцаў:

— Будзе зроблена!

— Не скачы, — асадзіў яго Шарай. — Яшчэ нічога істотнага ў яго няма, а з абяцанкамі лезе. На выпадак, калі Лапкоў не адшукае машыны, прадумай іншую версію. Нават некалькі. Спатрэбіцца — падключым сяго-таго. І трымай мяне ў курсе — з абласнога ўпраўлення ўжо званілі.

Два дні — гэта, напэўна, многа, калі ўсё ясна і можна працаваць у адным напрамку. Такі напрамак, спачатку здавалася, быў. Але Лапкоў нібы перакрэсліваў іх адзіную версію, і Корзун крыху разгубіўся. Начальніку аддзела лёгка загадаць: распрацоўвай іншыя версіі. Корзун і сам ведаў, што павінен знайсці нейкі новы паварот у пошуках. Толькі слушныя думкі, як вядома, па заказу прыходзяць рэдка. Не было іх у яго раней, не з'явіліся яны і пасля Шараевага загаду.

Корзун сядзеў у кабінеце адзін — напарнік быў недзе на раёне, — адключыў, папярэдзіўшы дзяжурнага, тэлефон, замкнуў дзверы. У калідоры тупалі людзі, чуліся галасы. За акном вуркаталі аўтамабілі. Корзун адзначаў усё гэта як нешта далёкае. У думках ён нібы зноў апынуўся ў Даманах, на месцы злачынства.

Версія з машынай на час адступае ў цень. А што замест яе? Корзун задумаўся. Застаецца мясцовы наводчык, які ў такім выпадку робіцца галоўнай дзейнай асобай. Тады, натуральна, яму не было патрэбы карыстацца транспартам. Праўда, Савачкін перакананы, што ў Даманах такіх злачынцаў няма. Але і грошы самі з сейфа не выпырхнулі. Значыць, трэба праверыць усіх, хто выклікае сумненні сваімі паводзінамі — п'е, хуліганіць, лайдачыць. Корзун яшчэ раней папрасіў участковага назваць такіх вяскоўцаў. Іх аказалася не многа, і ён запомніў усе прозвішчы. Першым у гэтым спісе ішоў Купскі. Зноў Купскі! Цяпер усё залежыць ад Лапкова. Не знойдзе машыну — можна будзе зрабіць дапушчэнне, што яе наогул не было. І паводзіны Купскага набываюць новае тлумачэнне. Выдумляючы пра машыну, ён або адводзіў падазрэнне ад сябе, або прыкрываў хаўруснікаў. Корзун ніяк не мог забыцца пра гэты таямнічы грузавік, бо акрамя Купскага ў яго была яшчэ Апылінская. Прыкінуўшы, як весці праверку Купскага, бо ўказанне начальніка аддзела выконваць трэба было, Корзун пачаў прадумваць версію — работнікі бухгалтэрыі. Зрэшты, бадай, толькі яны або нехта з іх, дакладна ведалі, што вартаўніка не будзе ў гэтую ноч…

Калі праца была скончана, Корзун рашыў пабачыцца з начальнікам ДАІ.

— Знайшоў? — спытаў ён Лапкова, ледзь пераступіўшы парог. Не мог ён вось проста так адмовіцца ад сваёй першай думкі.

Лапкоў нечакана абурыўся:

— Я не мастак лавіць здані. Корзун разгубіўся, заміргаў вачамі.

— Так-так, я гэта хацеў сказаць, — задаволены, пацвердзіў Лапкоў.

— Грошы таксама яны сцягнулі? — знайшоўся Корзун.

— У цябе, падобна, усё можа быць, — фыркнуў Лапкоў.— Прабач, спяшаюся. — І зноў падкалоў: — Прывітанне, чарадзей! — Аднак у дзвярах азірнуўся: — Заключэнне зараз прынясуць. І не траць надзеі.

Нічога новага для сябе ў заключэнні Корзун не знайшоў. Калі верыць аўтаінспекцыі, і Апылінская, і Купскі сказалі няпраўду. У Лапкова вопыт — дай бог, і нюх ёсць, Корзун ужо меў магчымасць асабіста пераканацца ў гэтым. Ён зноў узяў у рукі заключэнне, уважліва перачытаў. Дакладнае, падрабязнае. У ім не ўпаміналіся толькі даманавіцкія машыны. Напэўна, таму, што менавіта там здарылася пакража і калгасным транспартам павінны былі пацікавіцца Корзун з Савачкіным. Даманавіцкія машыны стаялі ў гаражы — яны з Савачкіным гэта ўстанавілі адразу. У Шынкевіча без дазволу грузавік не возьмеш. На месцы не было адной старшынёвай машыны. Шынкевіч некуды ездзіў. Не, падумаў Корзун, нешта тут не так у гэтым заключэнні. А можа, і яны з участковым не ўсё ўбачылі?

Да позняга вечара прасядзеў Корзун над планамі праверкі Купскага і іншых магчымых удзельнікаў пакражы. Ён рабіў іх сумленна, стараўся ўсё раскласці нібы па паліцах. І адчуваў, што не стае ягоным планам пераканаўчасці. Напэўна, была ў гэтым вінаватая Апылінская.