Выбрать главу

Назаўтра з раніцы ён ужо быў у начальніка аддзела.

— Сядай, — прапанаваў Шарай буркатліва. Як ні дзіўна, але гэта было вернай прыкметай, што падпалкоўнік у настроі.

Корзун павесялеў і працягнуў папку з даманавіцкімі матэрыяламі.

Шарай чытаў доўга, удумліва, раз-пораз заглядаючы на папярэднія старонкі. Прачытаўшы, сказаў:

— Версія «Купскі — кампанія» распрацавана няблага, а астатняе — не абгрунтавана, не дадумана, так і людзей пакрыўдзіць можна, — і зноў паглыбіўся ў паперы. Але хутка здзіўлена спытаў: — Хіба Лапкоў табе нічога не гаварыў?

— Чаму ж? — усміхнуўся Корзун. — Пра здані ўсё-такі памянуў.

— Пра здані? А-а, — здагадаўся Шарай. — Падобна, памыліўся стары воўк. Ёсць сігнал з Комсеніч. У тую ноч, прыкладна а пятай гадзіне, тамашні дзед чуў, як па вёсцы праехала машына. Якая і куды — не глядзеў: ці мала транспарту ездзіць.

— Вяртаемся да першай версіі? — узрадаваўся Корзун.

— Далася яна табе, — з папрокам сказаў Шарай. — А калі неяк аб'яднаць усё, што ты тут напісаў, у адно?

— Як гэта?

— Давай памазгуем.

Шарай выйшаў з-за стала. Ён любіў разважаць, крочачы з аднаго кута пакоя ў другі, і рабіў гэта часам нават на аператыўках і нарадах.

— Ваша з Савачкіным версія, — загаварыў ён, — нібыта пра грошы многія ведалі ў суседніх вёсках, мне ўяўляецца непераканаўчай. Што «газік» не прыедзе, высветлілася толькі ў самым канцы дня. Так паказалі і касірка, і работнікі бухгалтэрыі. Галоўны бухгалтар адразу пазваніў у Смятанічы, было гэта амаль у васемнаццаць гадзін. Старонніх у канторы ў той час не было. Ва ўсякім разе, вы іх не ўстанавілі.

— Спрабавалі,— сказаў Корзун, — ніхто не помніць.

— Прайдзіцеся яшчэ раз па крузе. Зрабіце дапушчэнне, што злодзей — не прафесіянал-рэцыдывіст, як вынікае з вываду эксперта, а нехта іншы. Можа, ён і пакінуў сляды, але прыбіральшчыца сцерла. Паглядзіце па бухгалтарскіх кнігах, па нарадах, пуцявых лістах, хто мог пабываць у канцы дня ў бухгалтэрыі.— Ён крыху падумаў і нечакана спытаў: — З кім напіўся Купскі, ты ведаеш?

— Казалі, у Комсенічах, а ў каго іменна — не цікавіўся.

— Нешта мне не падабаецца гэтае супадзенне. — Шарай задумліва пацёр бараду. — Дзед чуе машыну ў Комсенічах, Купскі п'е ў Комсенічах. Мог жа Купскі ведаць, што «газік» не вернецца і грошы застануцца? Мог і сказаць каму-небудзь са сваіх дружбакоў. Большага ад яго не патрабавалася. Вось так, мне здаецца, аб'ядноўваецца ў адно ўсё, што вы з участковым напісалі.— Ён аддаў папку. — Згодзен?

— Надта складана для такога гулякі,— з сумненнем прамовіў Корзун.

— Можа, таму і вылез з грузавіком на Бярозаўку, што розуму не хапіла, — сказаў Шарай. — Вяртайся заўтра ў Даманы, на месцы лягчэй разабрацца.

Ад начальніка аддзела Корзун выйшаў узбуджаны. Шарай не пераканаў яго, а толькі пасеяў сумненні. Корзун, напэўна, не менш за гадзіну прасядзеў у сваім кабінеце, спрачаючыся ў думках з начальнікам аддзела. У яго ўласную гіпотэзу Купскі ніяк не ўпісваўся. Ён прыкінуў і так, і гэтак і тады рашыў, што сапраўды лепш паслухацца парады Шарая і адправіцца ў Даманы. І не заўтра, а сёння, каб марна не траціць часу.

Да адыходу аўтобуса заставалася каля гадзіны. Корзун падумаў, што чакаць задоўга, ды і на аўтобусе ён не заверне ў Комсенічы, і пайшоў да аўтаінспектара па матацыкл.

— Што так прыспічыла? — Лапкоў быў ужо на месцы. — Табе паведамілі пра дзеда?

— От я і хачу ў Комсенічы заскочыць.

— Не раю, — сказаў Лапкоў,— пойдзе па вёсцы почут, што міліцыя некага шукае.

Корзун давяраў вопыту Лапкова і паабяцаў, што толькі праскочыць па вуліцы.

— Дзед жыве ў першай хаце пасля школы, — падказаў Лапкоў.

Комсенічы, як і Даманы, стаялі крыху ў баку ад шашы, і трапіць у іх можна было з двух канцоў — ад райцэнтра і ад Даманаў. Корзун ехаў з райцэнтра і павярнуў у вёску каля школы — старога аднапавярховага драўлянага будынка. Паміж ім і сялянскімі хатамі быў спачатку сад, а потым прышкольны ўчастак. Корзун апынуўся на вуліцы ля дзедавай хаты. Гравійка была тут дагледжаная, без калдобін. Не вельмі газуючы, ён павольна праехаў да шашы. Скіроўваючы на Даманы, падумаў, што начальнік ДАІ меў рацыю: заязджаць сюды не было патрэбы — нічога не прыкмеціў. Хіба толькі вось зараз узнікла пытанне: чаму ніхто, акрамя дзеда, не пачуў машыны?

Савачкін не чакаў госця, але шчыра ўзрадаваўся, убачыўшы Корзуна.

— От добра, павячэраеш з намі, пагамонім, — кінуўся ён дапамагчы лейтэнанту зняць скураную куртку. — Мый рукі, а я тым часам тваю тэхніку прыстрою.

Неўзабаве яны сядзелі ў зале. Корзун расказваў пра сваю гутарку з начальнікам аддзела, пра свае сумненні. Потым спытаў:

— Няўжо Купскі схлусіў, га, Раман Фаміч? Чаму?

— Вось і я думаю. Мог бы, здаецца, прамаўчаць. Няўжо наўмысля? А калі так, то зусім інакш выглядае тое, што ён напіўся іменна ў Комсенічах. Думаю, падпалкоўнік не памыляецца, трэба брацца за Купскага.

Корзун не адразу адказаў. Яго бянтэжыла, што Купскі нібы сам плыў у рукі. Ну навошта вінаватаму выторквацца? Хаця, яго жонка вымусіла. Але ён мог і жонцы не сказаць. А калі не мог не сказаць, калі нервы патрабавалі нейкага выйсця? Як ні варажы, а Купскага з рахунку пакуль што не скінеш.

— Зробім так, Раман Фаміч, — нарэшце рашыў ён, — вы бярыцеся за Купскага, асцярожна, каб і грама падазрэння ў яго не ўзнікла. А я з раніцы пайду ў кантору.

V

Цвёрдая рука Шынкевіча адчувалася і ў бухгалтэрыі. У дакументах быў узорны парадак. Усе паперкі, якія паступілі нават напярэдадні, былі падшыты і праведзены па бухгалтарскіх кнігах. А пра пазаўчарашні дзень і казаць не было чаго. Корзуна цікавіла, хто іх прыносіў. Як яму растлумачылі, перад пакражай у кантору ў канцы працоўнага дня маглі прынесці звесткі брыгадзір мясцовай брыгады, загадчык гаража, тры механізатары, якія выпісвалі заробленае на жніве збожжа, кладаўшчык нафтабазы, загадчыца ясляў… Ён дапускаў, што нехта прыходзіў так, без пільнай патрэбы, як звычайна бывае ў калгасных канторах, — пагаварыць або проста пабыць на людзях, паслухаць навіны.

Корзун узяў сабе на заметку ўсіх, каго назваў галоўбух, і папрасіў пуцявыя лісты. Увесь калгасны транспарт у тую ноч быў на месцы — пуцёўкі былі здадзены ў бухгалтэрыю своечасова. За выключэннем старшынёвага «газіка». Корзун пра гэта ўжо ведаў, аднак пуцёўку Сямёна Гурскага, старшынёвага шафёра, паглядзеў, як і астатнія. Гурскі вярнуўся ў гараж на другія суткі, наездзіўшы каля двухсот кіламетраў,— адзначалася ў пуцёўцы. У той дзень больш не выязджаў. Корзун пагартаў ранейшыя пуцёўкі. Здаралася, старшынёў «газік» прабягаў і большую адлегласць, так што і тут прычапіцца не было да чаго…

— Табе, лейтэнант, рахункаводам быць. Папяровая твая душа…

Корзун узняў галаву, убачыў старшыню калгаса.

— Не падмяняй маіх канторшчыкаў,— працягваў Шынкевіч, — яны ўмеюць працаваць, іншых не трымаю. І цябе не вазьму. — Ён нібы жартаваў, аднак гэтая самаўпэўненасць не спадабалася Корзуну. Старшыня, здавалася, залічыў яго ў свой штат і тым самым браў на сябе права падказваць.

Корзуну захацелася паказаць, што ён чалавек незалежны, каб Шынкевіч зразумеў, што ёсць мяжа і яго ўладзе. Але не ведаў, як гэта зрабіць. Да Шынкевіча ж, як да крутой гары, не падступіцца.

— Хутка мне зладзеяў зловіш? — Шынкевіч любіў парадак. Таму пасур'ёзнеў, дакорліва дадаў: — Ты сваім займайся, сваім, а мае бухгалтары табе любую даведку мігам падрыхтуюць. Толькі скажы.

Корзун хацеў растлумачыць, што справа не ў даведках, але падумаў, ці не будзе гэта падобна на справаздачу, і з выклікам сказаў:

— У нас не заўсёды ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш.

— А ты не брыкайся, лейтэнант, — палагаднеў Шынкевіч. — Кажы, што трэба.

— Дазвольце пазваніць. Толькі не хацелася б адсюль, размова службовая.

Старшыня пакруціў галавой і прапанаваў:

— Давай з майго. Корзун пазваніў Шараю.

«Табе гэта вельмі важна? — засумняваўся начальнік аддзела. — Загадваеш ты загадкі. Падрабязней нельга? Ну, няхай, бяру на сябе».