Лапкоў пастаяў, спрабуючы ўявіць, як усё гэта было ў той вечар. Грыбоўскі з'явіўся на дарозе злева. Натуральна, Сіманькоў, які ехаў са святлом, быў упэўнены, што Грыбоўскі бачыць яго і пачакае, пакуль матацыкл пройдзе. Аднак нездарма кажуць, што п'янаму і мора па калена. Што для яго там нейкае вузенькае асфальтавае палатно з матацыклам? Затармазіць Сіманькоў не паспеў, ён паспрабаваў крута збочыць направа, але ўсё ж наляцеў на Грыбоўскага. Каб той упаў на мокрую зямлю, магчыма, усё абышлося б траўмай, але, на бяду, ён ударыўся галавой аб асфальт.
Лапкоў азірнуўся. Метраў за трыста адсюль пачыналіся будынкі базы. З яе варот і выехаў Сіманькоў з Панфіловічам. Грыбоўскі таксама працаваў там. У той дзень пайшоў з работы, як усе, не затрымаўся. Мог бы прыйсці ў час дахаты, дык не, насіла яго ў цемры па пустым полі. Каб ён выскачыў з другога боку, дзе стаялі домікі станцыйнага пасёлка, яго яшчэ можна было б зразумець: зайшоў да некага, выпіў больш, чым мог… А так… Лапкоў кінуў позірк на поле і павярнуўся да пасёлка.
Нізкае асенняе сонца, апускаючыся за домікі, сляпіла вочы. Лапкоў прыжмурыўся і аж прысвіснуў. У пасохлым бур'яне нешта блішчала. Ён пераскочыў цераз канаву і ўбачыў бутэльку з-пад гарэлкі. Яна была брудная, але наклейка на зеленаватым шкле выглядала свежай, не выцвіла. Лапкоў паківаў галавой: няўжо гэта Грыбоўскі тут баляваў? І падумаў, што, напэўна, так яно і было. Дзіўна, каб бутэльку менавіта ў гэтым месцы пакінуў хто іншы.
Ён вярнуўся да свайго матацыкла, але паехаў не адразу. Усё дзівіўся з Грыбоўскага. Такі, здаецца, прыстойны чалавек, і вось на табе: тоячыся ў бур'яне, адзін высмоктвае цэлую паўлітэрку і кідаецца пад колы. А што, калі ён быў не адзін? Корзун не заўважыў у цемры бутэльку і не падумаў, што ў Грыбоўскага маглі быць кампаньёны. А ён, Лапкоў, павінен гэта праверыць.
Вярнуўшыся ў аддзел, зайшоў да Корзуна і, адчуваючы няёмкасць ад таго, што нібы выказвае недавер да працы таварыша, сказаў:
— Давай пачакаем з рашэннем.
— Чаму? — выслухаўшы яго, спытаў лейтэнант. — Хіба мы што наблыталі?
— Ды не, — памуляўся Лапкоў,— але мы не ведаем, з кім у той вечар піў Грыбоўскі.
— Хіба гэта істотна?
— Увогуле, вядома, не… Грыбоўскі сталы чалавек. Але мяне здзіўляе, чаму ніхто з іх не прызнаўся.
— А калі іх наогул не было?
— Вось у гэтым я і хачу ўпэўніцца.
Корзун ведаў, што начальніка ДАІ, калі ён гэтага не захоча, не пераканаеш, і без энтузіязму пагадзіўся.
— Не бядуй, я сам пастараюся высветліць, — сказаў Лапкоў, заўважыўшы яго рэакцыю, і паспяшаўся запэўніць: — Гэта не надта складана.
Аднак ужо з самага пачатку зразумеў, што ўсё не так проста. Дырэктар базы, да якога ён заехаў, нездаволена спытаў:
— А ты ўпэўнены, што ён быў п'яны?
— Ведаеш, Гаўрылавіч, — абурыўся Лапкоў,— у гэтым пытанні медыкі разбіраюцца не горш за нас.
— Грыбоўскага я з малых гадоў ведаю, — даводзіў дырэктар, — у адной школе вучыліся. Выпіць, вядома, ён мог. Але не столькі, каб сябе не помніць. І сябры ў яго такія ж, як сам. Вось каб ты пра Сіманькова ці Панфіловіча спытаў — гэтыя маглі б…
— І мне Грыбоўскі быў сімпатычны, — прымірэнча сказаў Лапкоў,— ды супраць фактаў не папрэш. А сяброў ягоных ты ўсё-такі назаві. Сам разумееш, — паспрабаваў ён пажартаваць, — міліцыя на словы не верыць.
— Гэта можна, — не прыняў жарту дырэктар.
У той жа вечар Лапкоў пабываў у сяброў Грыбоўскага. Усе яны сцвярджалі, што пасля работы адразу пайшлі дахаты. Ніхто з іх, бадай, не маніў. Лапкоў гутарыў з імі дома, размову слухалі жонкі, дзеці, якія не далі б схлусіць. Значыць, кампаніі ў Грыбоўскага не было. Але і дадому ён не прыйшоў. Чаму — жонка не ведала. Больш таго, яна ніяк не магла зразумець, што муж напіўся. Не такі ён быў чалавек, дый грошай з сабой не меў. Пра грошы, праўда, магла і не ведаць, а вось, паколькі сабутэльнікаў не знаходзілася, вывад напрошваўся сам сабой: Грыбоўскі піў адзін.
Выслухаўшы Лапкова, Корзун спачувальна сказаў:
— Ты сябе ні ў чым не можаш папракнуць. А што напіўся — дык мала што бывае.
Яны зноў уважліва паглядзелі нешматлікія дакументы, сабраныя ў папцы. Усё было ўжо добра вядома да апошняга радка. Толькі на медыцынскай даведцы Лапкоў нечакана затрымаўся. Прачытаў яе і раптам усклікнуў:
— Нічога не разумею! Сто пяцьдзесят — дзвесце грамаў. А там жа была цэлая бутэлька.
— Якая бутэлька? — не зразумеў Корзун. Лапкоў расказаў пра знаходку.
— А пры чым тут бутэлька? — здзівіўся Корзун. — Грыбоўскі бег з боку поля, а яна на пустцы.
— Як ты сказаў? — Лапкоў ашаломлена глядзеў на лейтэнанта. — А я ўсё думаю, што мяне там устрывожыла? Ты малайчына, лейтэнант. Не тое я шукаў, што трэба.
Корзун толькі чмыхнуў: Лапкоў зноў здзівіў яго. Няўжо яму мала адной асечкі? І дакорліва параіў:
— Адчапіся ты ад гэтай бутэлькі. Звычайнае супадзенне.
— І гэта хачу праверыць.
Больш ён нічога не тлумачыў, толькі сказаў:
— Бяру папку з сабой.
— Начальства цікавілася, ці хутка я закончу справу, — крыкнуў яму ўслед Корзун. Але той нібы не пачуў.
Цэлых два дні Корзун не бачыў Лапкова. Ён з'явіўся аж на трэці дзень надвячоркам, узбуджаны, запырсканы граззю.
— Давялося паматацца па раёне, — паскардзіўся Корзуну і, не даючы яму і рота раскрыць, здаволена дадаў: — І, здаецца, не марна.
У Корзуна ёкнула сэрца, а Лапкоў, не звяртаючы на лейтэнанта ўвагі, пацягнуўся да тэлефона, старанна набраў нумар:
— Дружа эскулап, ты ўпэўнены, што Грыбоўскі выпіў сто пяцьдзесят або дзвесце грамаў?
Трубка заклекатала, але слоў Корзун не разабраў. Лапкоў не адрываў яе ад вуха. Так працягвалася хвіліну-дзве, і раптам Лапкоў ускіпеў:
— Што значыць «прыкладна»? Ты мне дакладна скажы! А-а, не можаш, не ўпэўнены? Мажліва, і меней… Ну, добра, дзякуй і за гэта. Прышлі, аднак, афіцыйную даведачку, у дадатак да ранейшай. Сёння ж, — ён зірнуў на гадзіннік. — Можаш заўтра, толькі з раніцы.
— Далася табе ў знакі гэтая доза! — нездаволена сказаў Корзун. Яму вельмі хацелася хутчэй закончыць справу. Думалася, што ў аддзеле пачалі на яго іранічна паглядаць. Маўляў, не дарос ты, маладзён, да самастойных дзеянняў.
— Усё можа быць, — няўважліва, засяроджаны на нейкіх сваіх думках, адказаў Лапкоў і тут жа папрасіў: — Выкліч на заўтра Панфіловіча і Сіманькова, гадзін на дванаццаць.
Калі назаўтра Корзун зайшоў да Лапкова, Панфіловіч быў ужо там. Ён сядзеў насупраць гаспадара кабінета з пакрыўджаным выглядам, панура паўтараў:
— Я ўсё ўжо расказаў. І ўсё ў паперах запісана. Маглі прачытаць, чымся чалавека з працы клікаць.
І таму, што Лапкоў маўчаў, ён працягваў:
— Мне грошы, таварыш інспектар, ад выпрацоўкі плоцяць…
Лапкоў улавіў прыхаваную здзеклівасць, унутрана пасміхнуўся: «А ты нахабнік, Панфіловіч». Не спяшаючыся, расклаў на стале перад сабой лісткі пратакола, некалькі хвілін уважліва вывучаў Панфіловіча, затым спакойна спытаў:
— Вы чаго засталіся?
Ад абурэння Панфіловіч ледзь не задыхнуўся. Павярнуўшыся да Корзуна, быццам заклікаючы яго ў сведкі, усклікнуў:
— Я дваццаць разоў тлумачыў, вось ім, — кіўнуў ён у бок лейтэнанта. — Ну, няхай, няхай. — Панфіловіч дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзіннік і слова ў слова паўтарыў усё тое, што было запісана раней.
— А якой гадзіне гэта было? — спытаў Лапкоў.
— А хто там глядзеў на гадзіннік, — насмешліва сказаў Панфіловіч.
— Я падкажу вам, — строга сказаў Лапкоў.— У бальніцу прывезлі Грыбоўскага а палове дзесятай. Хвілін пятнаццаць — дарога. Гэта з запасам. Значыць, з чвэрткі дзесятай і да дзесяці дваццаці, калі прыехала група лейтэнанта Корзуна, вы знаходзіліся там неадлучна?
— Час не помню, а што быў там — гэта факт, — упарта паўтарыў Панфіловіч. — Спецыяльна застаўся, яны ведаюць, — зноў ён звярнуўся за падтрымкай да Корзуна.
— А куды вы паўлітэрку дзелі?
— Якую? — крутнуўся ў крэсле Панфіловіч і адразу ж узяў сябе ў рукі: — Вы што мне шыеце, інспектар?