Выбрать главу

— Няма! Няма! Шукайце!

— Не бралі мы, — кінулася да мужа гаспадыня. Яны не пыталіся, якія грошы. Корзун быў гатовы паверыць, што грошай тут няма, але гэтак жа ён быў упэўнены, што Бугеды ведаюць пра іх.

— Дзе Праневіч?

— Паехалі, з жонкай. Завербаваўся — і паехалі…— Гаспадар, здавалася, узрадаваўся перамене тэмы. Ён п'яна плёў: — Даўно, даўно, — а вочы глядзелі цвяроза і насцярожана.

— Не мані! — строга абарваў яго Савачкін. — Ён нядаўна тут сядзеў.

— Ага-ага, — загаварыла жанчына. — Праўда, паехалі. У іх сваёй хаты няма, у нас жылі. Дык завербаваліся.

«Гэтага яшчэ не хапала, — падумаў Корзун, — як бы не збеглі». Гаспадыні ён сказаў:

— Мужа забяром с сабой. А пра грошы падумайце. Калі ў вас — будзе горш.

Жанчына заплакала.

— Мы іх зможам пераняць, — у машыне сказаў Савачкін, — быў толькі адзін аўтобус на райцэнтр. Хвілін сорак назад.

Бугеду завезлі ў райаддзел міліцыі, і Корзун адразу кінуўся званіць упаўнаважанаму аддзела па выкарыстанню працоўных рэсурсаў, каб даведацца, куды і калі меўся выехаць Праневіч.

— У нас меней за паўгадзіны, — занепакоіўся ён, перагаварыўшы па тэлефоне.

Да чыгуначнай станцыі ад аддзела міліцыі было кіламетры тры. Дарога ляжала цераз гарадок. Толькі што скончыўся працоўны дзень, і на вуліцах было шмат людзей. У райцэнтрах мала хто прытрымліваецца правілаў вулічнага руху — кожны звычайна выбірае карацейшы шлях. Шафёр раз-пораз сігналіў, тармазіў, і Корзуну здавалася, што іх машына ледзь паўзе. Але не прайшло і пяці хвілін, як яны апынуліся на невялікай прыстанцыйнай плошчы.

— Раман Фаміч, — звярнуўся Корзун да Савачкіна, — вы адзін ведаеце Праневічаў з твару. Паглядзіце, ці там яны, толькі асцярожна. А мы ўваходы перакрыем.

Савачкін выбраўся з машыны і пайшоў да службовай брамкі, што вяла ў памяшканне дзяжурнага. Корзун і Падабед выскачылі следам. Падабед застаўся ля ўвахода ў вакзал з плошчы, а Корзун выйшаў на перон. Там ён прыпыніўся каля зачыненага газетнага кіёска і акінуў позіркам пасажыраў, якія тоўпіліся на асветленай пляцоўцы паміж станцыйным будынкам і чыгуначным палатном. Усе яны былі без вялікага багажу і, напэўна, чакалі прыгараднага поезда. Праневічу ж патрэбен быў скоры, які таксама прыходзіў сюды ў гэты час. Але раптам Праневічу што цюкне ў галаву, і ён захоча крыху паблытаць сляды? Да свайго месца прызначэння ён можа дабрацца і з абласнога цэнтра, калі толькі наогул не перадумае ехаць па вярбоўцы — пад'ёмныя не атрымліваў, сказаў, што возьме ў леспрамгасе.

Ніхто, аднак, з гэтых людзей, што рыхтаваліся да пасадкі, здаецца, не быў падобны на Праневіча. Людзі як людзі — заклапочаныя, вясёлыя, стомленыя… Хіба вось толькі…

На перон выйшаў дзяжурны, ударыў у звон, абвяшчаючы, што падыходзіць прыгарадны поезд. Пасажыры захваляваліся, пачалі расцякацца ўздоўж трэцяга пуці.

Мужчына, які прыцягнуў увагу Корзуна, нецярпліва зірнуў на свой гадзіннік, потым, нібы звяраючы час, падняў галаву да электрычнага, што вісеў над званом на сцяне. Корзун падумаў, што, мажліва, гэта і ёсць Праневіч, якому не церпіцца хутчэй сесці ў поезд, а мажліва, гэты чалавек проста каго-небудзь чакае. Але на ўсякі выпадак пачаў прабірацца бліжэй. І тут убачыў Падабеда, які падаваў яму знакі.

— Савачкін паслаў,— сказаў Падабед. — Ён там з жонкай Праневічавай размаўляе.

— А муж? — Корзун занепакоіўся. Прыдуманы ім план рушыўся: Праневіч убачыць Савачкіна і здагадаецца, што ўчастковы на вакзале не выпадкова. Тады шукай ветру ў полі.

— Мужа няма. Жонка кажа — у буфеце.

«А гэты мужчына?» — ледзь не вырвалася ў Корзуна, а ўголас сказаў:

— На ўсякі выпадак паназірай за ім, — і паказаў на мужчыну пад гадзіннікам.

Савачкін стаяў каля даволі сімпатычнай маладзіцы ў боціках, штучным паласатым футры і стракатай хустцы. Напэўна, ніхто і не падумае, што такой жанчынай можа цікавіцца міліцыя. Жанчына нічога не падазравала. А можа, ёй і не было чаго падазраваць? Яе твар быў спакойны, нават усмешлівы. Падобна, яна ўспрымала Савачкіна не як участковага, а проста як колішняга аднавяскоўца.

— Аляксандр Антонавіч! — узрадаваўся Савачкін, быццам сустрэча была выпадковая. — Вы куды?

— У вобласць, — Корзун адразу ўключыўся ў гульню. — А вы?

— Дачка абяцала прыехаць. Старэйшая. Ой, што гэта я? — як спахапіўся ён. — Пазнаёмцеся, мая былая суседка.

Корзун схіліў галаву, назваў сваё імя.

— Люда, — сказала жанчына, але таксама руку не падала. Яе правая рука ляжала на маленькім чамаданчыку, пад якім былі яшчэ два, большыя.

— Вы адна з такім багажом? — роблена здзівіўся Корзун, каб неяк завязаць размову.

— З мужам, ён зараз прыйдзе, — стрэліла яна вачамі ў Корзуна і затрымала позірк, як ацэньвала.

Корзун не любіў такіх позіркаў, сумеўся. Маладзіца задаволена адвяла вочы.

— Я пакіну вас на хвілінку, — заспяшаўся Савачкін, — па цыгарэты збегаю.

Корзун падумаў, што размова з Праневічавай жонкай для Савачкіна была, відаць, вымушаная — напэўна, Люда яго ўбачыла першая, зачапіла. І што Савачкін таксама разумее, чым гэта можа скончыцца, і таму спяшаецца адысці.

Савачкін ужо схаваўся за выхадам на перон, а Корзун не мог адарваць позірку ад верхняга чамаданчыка. Тут, ці не? Заўважыўшы Падабеда, якога, напэўна, паслаў Савачкін, з палёгкай уздыхнуў. Можна было дзейнічаць.

— Грошы ў гэтым чамаданчыку? — як між іншым, спытаў ён у Люды.

— Што? — Да жанчыны не адразу дайшоў сэнс гэтага пытання. — Што? — перапытала яна, і жах адбіўся на яе прыгожым твары.

— З вамі пабудзе малодшы лейтэнант, — папярэдзіў Корзун. І да Падабеда: — Той?

— Не. Раман Фаміч пакажа.

Падыходзіць да Савачкіна было не след. Праўда, гэта Корзун зразумеў хвілінай пазней. А ў той момант ён не думаў, правільна робіць ці не — яму трэба было ведаць, дзе Праневіч. З Савачкіным ён перакінуўся толькі адным словам, убачыўшы ківок на Праневіча: «Бяром!» Але для насцярожанага Праневіча, які таксама выгледзеў участковага ў натоўпе і цікаваў за ім, гэта не прайшло незаўважаным. Ён пачаў павольна адступаць да пуцей.

Тым часам дзяжурны ўдарыў у звон яшчэ раз — набліжаўся скоры. Яго колы ўжо цокалі па прыстанцыйных стрэлках. Корзун падумаў, што Праневіча трэба затрымаць раней, чым поезд дасягне станцыі. Бо хто ведае, што гэтаму злодзею прыйдзе ў галаву — раптам кінецца пад колы. Корзун міжволі паскорыў крок. І тады Праневіч раптам ірвануўся цераз пуць. Перад самым носам поезда, які не паспеў яшчэ нават знізіць хуткасць.

Падсвядома Корзун адчуваў небяспеку. Але ў галаве сядзела адно: зараз поезд надоўга закрые Праневіча ад яго. І Корзун скочыў следам.

Ззаду пачуўся чыйсьці роспачлівы крык, і тут жа яго заглушылі пранізлівы і запознены гудок, жалезны гром і пругкая і гарачая паветраная хваля.

Корзун не паспеў яшчэ добра стаць на ногі, як Праневіч кінуўся да яго, ударыў у грудзі. Корзун пахіснуўся, але ў самы апошні момант, адчуваючы над галавой край вагона, перавярнуўся і, падаючы тварам уніз, ухапіў Праневіча за нагу. Бразгалі, запавольваючы ход, вагоны скорага, з прыгараднага беглі і нешта крычалі людзі, а Корзун толькі цяпер пачаў усведамляць небяспеку, якая пранеслася міма.

VIII

Позна ўвечары, калі Корзун закончыў папярэднія допыты Праневіча і Бугеды, у кабінет заглянуў Шарай.

— Як табе прыйшло ў галаву, не разумею, — шчыра прызнаўся ён.

— Вы ж мне самі параілі, таварыш падпалкоўнік, — усміхнуўся Корзун. — Помніце, сказалі, каб мы звузілі круг? Я зрабіў так і закруціўся вакол шафёра Шынкевіча. Чым далей, тым болей напрошваўся вывад, што толькі ад яго маглі выйсці звесткі пра грошы.

— Дык гэта ён навёў?

— Незнарок. Ляпнуў, што касірку павінен везці. Цану сабе набіваў, ці што? А Праневічу многа гаварыць не трэба, адразу змікіціў, што запахла смажаным. Падпаіў Гурскага, выпытаў пра вартаўніка. Ды ён сам жыў у Даманах, дзе што ў канторы, ведае. Пасля завёў Гурскага да сваяка, а заадно ключы сцягнуў і прыкінуў, як «газік» з двара вывесці. Месца там зручнае, насупраць ніхто не жыве, гароды. Малайчына Лапкоў, знайшоў-такі дзеда з бяссонніцай.