Выбрать главу

Яму стала шкада Святлану. Заняты сваімі думкамі аб ёй, Корзун не заўважыў, як апынуўся на пераездзе. Схамянуўся, толькі калі шлях яму перагарадзіў апушчаны паласаты шлагбаум. Корзун чмыхнуў. Няйначай, магніт, пра які гаварыла Падабедава, прывёў і яго сюды. Абмінуўшы агароджу, перайшоў пуць і ля вартавой будкі лёг грудзьмі на жэрдку, да якой, відаць, улетку прыстаўлялі ахоўныя шчыты.

Ноч была марозная, ясная. Над галавой чарнела неба, усеянае бліскучымі зоркамі. Злева, на станцыі, падміргвалі чырвоныя сігнальныя агні. Вакол было ціха і пуста. Нават вартаўнік у сваёй будцы ці не задрамаў над сталом, спадзеючыся, што ў такую пару нікога не пагоніць па гэтай глухой дарозе.

Зрэшты, Корзуну не было патрэбы прыходзіць сюды, ды яшчэ ў позні час. Гэта, напэўна, ногі самі ішлі — думаў жа ён зусім не пра Рамейку. Яны са Святланай, здаецца, праз увесь вечар больш аб ім не ўспаміналі. Гаварылі пра агульных знаёмых, пра напаўзабытае ўжо студэнцкае жыццё, пра сябе. Корзун нават пазайздросціў Святланінай апантанасці, якая, бадай, адна дазваляе чалавеку нечага дасягнуць у працы. Святлане былі быццам абыякавыя і асабістая неўладкаванасць, і няўтульная кватэра. Нарыс, які яна пісала, быў, адчувалася, важнейшым за ўсе магчымыя дзявочыя радасці.

А вось ён не змог бы так. Гэта думка занепакоіла, засмуціла, бо і яму хацелася быць не проста інспектарам крымінальнага вышуку, хай сабе і абласнога маштабу, а добрым, сапраўдным сышчыкам, здольным раскрываць самыя заблытаныя справы. Але да быту ён усё роўна не застаўся б абыякавым. Калі б у яго была кватэра, абавязкова зрабіў бы стэлаж і запоўніў бы яго самымі цікавымі кнігамі. У вольную хвіліну чытаў бы аж да раніцы, запоем.

Корзун падфутболіў наском туфля лядзяк, які ляжаў побач на пратаптанай сцежцы, расшпіліў гузік на кашулі пад гальштукам, глытнуў сухога, пякучага паветра, з прыкрасцю думаючы, што з яго нічога вартага не выйдзе. У той час, калі трэба даўмецца, чаму чалавек апынуўся за ўскраінай на чыгунцы, дзе, мажліва, яго і падбіла, ён корпаецца ва ўласных і дробязных перажываннях, глядзіць на зоркі і чамусьці ўяўляе, як у такой жа начной цемры, пужліва азіраючыся на кожнае маўклівае дрэва, спяшаецца на працу ў далёкіх адсюль Даманах загадчыца фермы Марыя Апылінская.

Агеньчыкі на станцыі замігцелі, у чырвонай чарадзе ўзнік зялёны ланцужок. І адразу ж за лесам, быццам толькі і чакалі гэтага сігналу, загуў гудок, затарахцелі колы. Да пераезда набліжаўся цягнік.

У будцы дзінькнуў тэлефон. Праз імгненне рыпнулі дзверы, і з ліхтаром у руках паказаўся вартаўнік.

З-за павароту вынырнуў лакаматыў. Святло яго пражэктараў упала на чыгуначнае палатно, асвяціла абочыны. З кабіны высунуўся машыніст. Мінаючы пераезд, ён павітаў рукой вартаўніка. Састаў прагрукацеў міма і пакаціўся да станцыі, свецячы чырвоным папераджальным сігналам.

Тады таксама, напэўна, было так. Толькі шалела завіруха, намятаючы снежныя гурбы…

Вартаўнік апусціў ліхтар, падышоў да Корзуна. Прыгледзеўшыся, сказаў:

— Не замёрз? І то, маладога кроў грэе.

— Вы і ўчора дзяжурылі?

— А як жа. Гэты тыдзень — мая ноч, — ён узняў ліхтар. — Нешта я цябе не пазнаю?

— Камандзіровачны, з абласной міліцыі.

— І то я гляджу, — пакрэктваючы, вартаўнік усеўся на лаўцы побач з будкай, выцягнуў з глыбокай кішэні пачак «Севера»: — Падымі, палягчэе.

— Дзякуй, не куру. Вартаўнік зацягнуўся, кашлянуў.

— Як вашы хлопцы пыталіся, я пасля цэлы дзень думаў. Не мог Апаровіч збіць таго чалавека.

— Апаровіч — гэта машыніст?

— Ён. Са мной, як звычайна, павітаўся, значыць, глядзеў з свайго акна. Ды і я, дзякуй богу, без акуляраў жыву.

— А завіруха?

— То-та ж, што завіруха! У такую пагоду Апаровіч вочы ў рукі бярэ. Кажу табе, нікога на пераездзе не было!

Гэта супадала з меркаваннем самога Корзуна, але нешта яму тут не падабалася, быццам чагосьці ў словах старога не хапала.

— Дык што, нябожчык сам на пераезд прытупаў? Нечакана вартаўнік падняўся, сказаў, быццам чагосьці зазлаваў:

— Табе відней…

Узяўшы лапату, пачаў адграбаць снег ад складзеных каля пуці запасных рэек. І ўсё бурчаў сабе пад нос, што чысціш-чысціш, а яно мяце-мяце…

— Не сярдуйце, — Корзун пастукаў застылымі нагамі, наблізіўся да вартаўніка. — Мне гэта вось як трэба зразумець, — правёў ён далонню пад падбародкам.

— Як поезд праходзіў — нікога не было, — стары не вельмі памякчэў.— А што было пасля — не бачыў.

— Пасля? — здзівіўся Корзун і раптам уцяміў, што гэта і ёсць менавіта тое самае, чаго яму не хапала ў вартаўніковых словах.

Вартаўнік уторкнуў лапату ў сумёт, агледзеўся, быццам правяраў, ці ўсё зрабіў, і пашморгаў да будкі.

— Дабранач! — крыкнуў яму ўслед павесялелы Корзун. Хаця падстаў для весялосці не было. Калі труп Рамейкі з'явіўся на насыпе пазней, трэба было рашаць новую задачу: дзе быў журналіст аж цэлую гадзіну — жывы або мёртвы?

Гарадок ужо спаў, толькі дзе-нідзе свяціліся вокны. Напэўна, і дзяжурная ў гасцініцы не пагасіла святла ў адміністратарскай, з непакоем паглядае на дзверы і нядобрым словам успамінае непуцёвых кватарантаў, якія швэндаюцца поначы немаведама дзе і тады пападаюць нават пад цягнік.

Корзун уявіў сабе Падабедаву і пасміхнуўся. Нічога, няхай трохі панепакоіцца. Ён неўзабаве вернецца, толькі дадумае невялічкую драбніцу і вернецца ў цёплы, крыху прапахлы саладкаватым брыкетавым чадам пакой.

Корзун засунуў глыбей рукі ў кішэні свайго дэмісезоннага паліто, запаволіў крокі. Кажуць, пара дэтэктываў-адзіночак мінае, бо і міліцыя паставіла сабе на службу самыя новыя дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сапраўды, эксперт, узброены дасканалымі прыборамі, знойдзе, здавалася б, нябачны след, інфармацыйны цэнтр за лічаныя хвіліны выдасць даведку, дзе і калі было падобнае здарэнне, ці зарэгістраваны знойдзеныя на месцы злачынства адбіткі пальцаў, і шмат што іншае. Але як быць, калі выпадак не мае аналагу? Як вось гэты. Тут ніводзін інфармацыйна-даведачны цэнтр з усімі сваімі электроннымі архівамі не дапаможа. І застаецца адно — круці, інспектар крымінальнага вышуку, мазгамі, шукай тое, што без цябе не ўбачыць магутны мікраскоп, не ўспомніць ЭВМ…

Корзун спыніўся, глыбока ўздыхнуў, быццам хацеў свежым і халодным паветрам прагнаць стому. Бадай, кожны другі вулічны ліхтар не гарэў. Калі ў такім месцы аўтамабіль саб'е чалавека, здалёк і не здагадаешся, што адбылося. Можа, і з Рамейкам так здарылася?

Як версія гэта падыходзіла — зялёную фарбу трэба ж неяк растлумачыць. І тады…

Корзун разумеў, што ў іх справе, сказаўшы «а», трэба гаварыць і «б», інакш кажучы — пракруціць версію да канца і або прыняць, або адкінуць. І ён пачаў думаць далей. Калі ж усё-такі ўдарыла Рамейку машына? Напрошваецца вывад, што раней, чым прайшоў поезд, — не мог жа чалавек больш гадзіны блукаць па начной непагадзі, не было ў яго такога намеру. Аднак яго не бачылі ні машыніст, ні вартаўнік. Не заўважылі? Не падобна. Цягніковы пражэктар і завіруху святлом праб'е, а труп ляжаў блізка ад каляі. Корзун пацёр шарсцяной пальчаткай застылы лоб. Дапусцім, што так. Але час… Час ніяк не супадае. Хаця хіба не магло быць, што шафёр перачакаў, калі поезд пройдзе? Значыць… Значыць, шафёр ведаў расклад руху паяздоў па гэтай ветцы. Хаця гэта, напэўна, ведае кожны тутэйшы жыхар. І ўсё-такі гэта зачэпка, яна некалькі звужае кола пошукаў — шафёр павінен быць мясцовы. З гэтага боку чыгункі, інакш вартаўнік адкрываў бы яму шлагбаум. Трэба заўтра націснуць на «даішнікаў». Корзун адчуў, што «пракрутка» закончылася, версія мае права на існаванне.

IV

З раніцы Корзун зайшоў у райаддзел, каб падзяліцца з аператыўнікамі сваімі меркаваннямі. Хлопцы папрацавалі нямала. Абышлі ледзь не ўвесь гарадок, шукаючы людзей, якія, магчыма, бачылі журналіста ў той вечар. Знайшлі нават мужчыну, які а палове дзесятай вяртаўся са станцыі дадому якраз па Чыгуначнай вуліцы. Мужчына жыў за гасцініцай і павінен быў бы сустрэць Рамейку. Але ён не бачыў нікога. Дапытваў мужчыну капітан Шабуня, ён узначальваў мясцовы крымінальны вышук. Корзун давяраў яго вопыту і спытаў, што гэта магло б азначаць?