Выбрать главу

— Словы якія ў вас крымінальныя, — папракнуў Лапкоў і растлумачыў: — Тую самую, што вы ў той дзень у краме купілі. У прадаўца Сулкоўскай.

— Выпіў! — выдыхнуў са злосцю Панфіловіч.

— Калі? З кім?

— Адзін, учора…

— На рабоце вы былі цвярозы. Значыць — пасля? Праверым, — Лапкоў выняў з шуфлядкі трубку, якой правяраў на цвярозасць шафёраў, прапанаваў Панфіловічу: — Дыхніце… Яшчэ… Вось бачыце, нічога няма! Можна і больш складаную экспертызу зрабіць, хочаце? Ах, вунь што! Вы пераблыталі, не ўчора, а заўучора. Праверым і гэта. Але мушу сказаць: не пілі вы тую паўлітэрку. Ні ўчора, ні заўчора. Вы яе недапітую выкінулі, ці не так?

Вы што, інспектар, вы мяне п'янага за рулём злавілі? — хрыпла, нібы ў яго перасохла ў горле, прамямліў Панфіловіч.

Лапкоў зноў нечакана спытаў:

— А дзе вы былі, калі Сіманькоў павёз Грыбоўскага?

— Я ж сказаў, сказаў! — закрычаў Панфіловіч. — На месцы сляды пільнаваў!

— Не было вас там, Панфіловіч. Прынамсі, паміж дзевяццю трыццаццю і дзесяццю гадзінамі. За гэты час тры машыны ля базы прайшлі. Двое шафёраў вас не бачылі: Качанаў — ён у дзесяць гадзін у гараж прыехаў, і Буглай — якраз апошнія паведамленні а палове дзесятай па «Маяку» слухаў, праязджаючы міма базы.

Панфіловіч паціснуў плячамі.

— Ну і што з таго? Маглі не заўважыць.

— Маглі. Дапускаю… А вось трэці вас бачыў. Як вы мех збожжа цягнулі на базу. Каля паловы дзесятай. Правільна, га?

Панфіловіч не адказаў, паглядзеў на Лапкова з выклікам, незалежна, але яго выдавала правае павека, якое нервова торгалася.

— Лейтэнант, — звярнуўся Лапкоў да Корзуна, — праводзьце Панфіловіча ў суседні пакой. Хай падумае, успомніць. А сюды паклічце Сіманькова.

— Што, матацыкл можна забраць? — адразу з парога прабасіў Сіманькоў.

За некалькі гадоў службы ў міліцыі Лапкоў нагледзеўся на ўсялякіх злачынцаў — і злосных і выпадковых. Не заўсёды яны прызнаваліся ў сваіх учынках адразу, некаторых з іх даводзілася літаральна прыпіраць да сценкі фактамі і доказамі. І ён заўсёды здзіўляўся, калі бачыў, што вінаваты ў цяжкім злачынстве не адчувае дакору сумлення, а выкручваецца, быццам справа датычыць не смерці чалавека, а нечага дробязнага, неістотнага. Ён пытаўся ў сябе — адкуль бяруцца такія, і не мог знайсці на гэта адказу. Вось і цяпер ён зусім не разумеў Сіманькова. Стаіць, быццам прыйшоў атрымаць прэмію. І таму што з кожнай секундай расло пачуццё гневу, Лапкоў, павольна расцягваючы словы, прамовіў:

— Не спяшайцеся, сядайце, пагаворым крыху.

— Пра што будзем гаварыць, таварыш начальнік? — ён трымаўся яшчэ больш упэўнена, чым яго дружбак.

— Вы не ўсё нам расказалі, грамадзянін Сіманькоў.

У вачах таго бліснулі халодныя іскаркі, рысы твару зрабіліся больш акрэсленымі, больш цвёрдымі.

Лапкоў заўважыў гэтую перамену і падумаў, што яго здагадка, відаць, правільная: такі можа забіць, калі пападзешся на ягоным шляху.

— Дык вось пра Грыбоўскага… — памарудзіўшы, сказаў Лапкоў.— Ён што, красці вам замінаў?

— Гэта нешта новае, начальнік, — халодна азваўся Сіманькоў, ніводзін мускул не ўздрыгнуў на ягоным твары.

— Вядома, новае. Таму вас і выклікалі.

— Ну, ну, выдумляйце, паслухаю, — і з падкрэсленай абыякавасцю разваліўся ў крэсле.

— Сядзьце нармальна, вы не дома ў сябе, — патрабаваў Лапкоў.— І раскажыце ўсё, як было. Ці варта вам нагадваць, што добраахвотнае прызнанне змякчае віну?

Сіманькоў, не пярэчачы, пачаў паўтараць усё, што ўжо гаварыў раней.

— Хіба я не прызнаўся? — ён нават устаў з крэсла. — Хто бачыў, як я наехаў? Ніхто. Я мог бы ўцячы, знікнуць, а я ў бальніцу павёз. Міліцыю сам выклікаў.

— Правільна, Сіманькоў. Гэта ўсё было потым. А да гэтага? Што было да гэтага?

— Ай, нядобра, таварыш начальнік, — раптам змяніў тон Сіманькоў.— Мы да вас з усёй шчырасцю, а вы…

— Ну што ж, Сіманькоў,— стомлена сказаў інспектар, — не хочаце расказваць — не трэба. Падпішыце.

Сіманькоў паставіў подпіс, уздыхнуў з палёгкай, спытаў:

— Мне можна ісці?

Лапкоў адмоўна паківаў галавой. — Не пажадалі самі расказаць, дык мяне паслухайце. Я вам раскажу, як было.

— Давайце, калі ласка, прыемныя размовы прыемна слухаць, — Сіманькоў амаль паўтарыў сваю нядаўнюю рэпліку, але ранейшай расхлябанасці ў яго постаці ўжо не было.

— Грыбоўскі даўно зразумеў, што вы з Панфіловічам крадзеце збожжа. У той дзень, заўважыўшы, што вы засталіся ў старожцы быццам бы пастукаць у даміно, ён западозрыў нядобрае і вырашыў праверыць свае падазрэнні. Ён больш трох гадзін правёў на шашы. Нарэшце ўбачыў, як адчыніліся вароты і з базы выехаў матацыкл. Яму б людзей паклікаць, а ён паспадзяваўся, што сам справіцца. Не ўлічыў, з кім мае справу. Калі вы вынесліся на шашу, Грыбоўскі выбег на дарогу і ўзняў руку. Думаў, што вы спынецеся. Заўважце, аднак, выбег з правага боку, з боку пасёлка, а не з левага, як вы сцвярджаеце. І вы не спрабавалі пазбегнуць сутычкі, наадварот, аслепленыя лютасцю, кінуліся з матацыклам на чалавека, які пагражаў выкрыць вас…

— Складна малюеце, — зробленым абурэннем сказаў Сіманькоў,— але ўсё гэта вашы байкі.

— У міліцыі любяць факты. — Лапкоў адчуў, што трапіў у цэль. — Слухайце далей… Грыбоўскі быў яшчэ жывы, аднак у непрытомнасці. І тут да вас дайшло, што за забойства давядзецца адказваць. Гэта не жарт, і гэта не мех са збожжам. Не ведаю, каму з вас першаму прыйшло зрабіць з Грыбоўскага п'янага. Чаго не ведаю, таго не ведаю. Панфіловіч адкаркаваў бутэльку, купленую яшчэ ўдзень, — напэўна, збіраўся сам адзначыць гэту «аперацыю» з крадзеным збожжам, — і выліў крыху гарэлкі ў рот Грыбоўскаму. Грам сто — сто пяцьдзесят. Але і гэтага было дастаткова, каб у страўніку аказаўся алкаголь. А тады можна было сцвярджаць, што чалавек — п'яны.

— Кіно! Далібог, кіно, — бас Сіманькова ўжо ўзмацнеў.— Гэта трэба даказаць.

— Але ж усё было так, Сіманькоў?

— Я сваё сказаў.

Лапкоў, нібы страціў да Сіманькова ўсялякую цікавасць, узняўся, зірнуў у калідор і паклікаў дзяжурнага:

— Адвядзі, хай пабудзе, пакуль я з пракуратурай звяжуся.

— Ты гэта ўсур'ёз? — спытаў Корзун, калі дзяжурны павёў затрыманага. — Па-мойму, тут сапраўды не дакажаш.

Лапкоў, пасуровеўшы, запэўніў:

— Я сам перш сем разоў перадумаю. А доказы?.. Слухай. Паехаў я на базу, хацеў папярэдне з вартаўніком пагаварыць: можа, ён Грыбоўскага бачыў? А там у яго — насенная пшаніца ў мяшках. Як прывезлі ў той дзень — дык да гэтага часу не разгрузілі.

Тут мне і цюкнула: а што, калі тыя зярняты, што ў люльцы, адсюль? Праверыў у лабараторыі — так яно і ёсць. Праўда, гэта яшчэ не доказ, але супадзенне насцярожыла. Што заставалася? Правяраць! Прабач, што без цябе… Ведаю, як цяжка на іншую версію пераключацца. А я спяшаўся. Пачаў шукаць шафёраў, не магло ж быць, каб ніхто ў той вечар не праязджаў. І знайшоў. Са Старасельскага калгаса. Бачыў ён, як нейкі чалавек з паўнюткім мехам на плячах праз прахадную шмыгнуў. З Панфіловічам ён не знаёмы. Ён ці не — сказаць не мог, але час запомніў. Я тады за душу вартаўніка: хто мех цягнуў? Той муляўся-муляўся, потым прызнаўся: Панфіловіч. Ну, думаю, папаліся, зладзеі. Расказаў дырэктару базы, а ён мне: «Дык гэта, відаць, Грыбоўскі іх меў на ўвазе, калі аднойчы на сходзе абяцаў сяго-таго вывесці на чыстую ваду. Гэта мяне занепакоіла. Усе гаспадаркі абзваніў: ці не ехаў хто з іх шафёраў паўз базу ў той вечар? Яшчэ адзін ехаў, з Заходаў. Добры знаёмы Грыбоўскага. Убачыў яго, спыніўся, словам перакінуўся, папрасіў у яго цыгарэту і паехаў. Сказаў, што Грыбоўскі зусім цвярозы быў, стаяў на абочыне з боку пасёлка. Вось і мяркуй…

Лапкоў падышоў да акна і паглядзеў у двор. Металалом, які застаўся пасля «Жыгулёў», ужо вывезлі, і пад павеццю стаяў толькі матацыкл з люлькай. Ён яшчэ пастаіць тут — пакуль не адбудзецца суд.

Неспадзяваны ход

Лейтэнант Корзун чытаў паперы і хмурыўся. Усё ў гэтым выпадку выглядала не так. Быццам нехта наўмысля перамяшаў патрэбнае і непатрэбнае, правільнае і няправільнае. Узяць хаця б тое, што ролю дэтэктыва з самага пачатку ўзяла на сябе прадаўшчыца магазіна Сяркова. Заўважыўшы, што няма на месцы выручкі за мінулы дзень, яна не паведаміла ўчастковаму Савачкіну або ў райаддзел, а пачала ўласнае расследаванне. Сяркова западозрыла дваіх вяскоўцаў: пенсіянера Буевіча і бібліятэкарку Грамакоўскую, якія нібыта ў розны час заставаліся ў гандлёвай зале па адным. Пенсіянер, калі злосная Сяркова выскачыла на вуліцу, стаяў яшчэ ля магазіна, гутарыў з людзьмі, і яна яго не кранула. Ці то ўзрост чалавека, ці то сам факт, што ён быў яшчэ тут і тым самым нібы пацвярджаў сваю невінаватасць, крыху ахаладзілі гнеў жанчыны — невядома.