Тое, што Дзюба сказаў на нарадзе, нібы толькі падмацавала Корзунаву думку аб ім. Старшы лейтэнант не даў ніводнай уласнай прапановы, не вылучыў ніводнай версіі.
— Застанецеся пасля нарады, — сказаў Юркавец, калі Дзюба скончыў і выказаліся таварышы.
А Корзун падумаў, што і на гэты раз Дзюба атрымае не столькі прачуханку, колькі падказку. Дзеля адной вымовы начальнік аддзела супрацоўнікаў не пакідае.
— Цяпер паслухаем старшага лейтэнанта Корзуна, — Юркавец адвярнуўся ад Дзюбы. — Што рашыў раённы пракурор?
Корзун быў упэўнены, што трагічнае здарэнне ў Лясным з крыміналістычнага боку выпадак нескладаны, і не чакаў, што аб ім прыйдзецца расказваць перад усім аддзелам. Але маёр Юркавец ніколі і нічога не рабіў проста так, і ў Корзуна ёкнула сэрца: няўжо дапусціў прамашку? Ён сцісла, толькі самыя фак-ты, расказаў, што адбылося, якія захады зрабілі мясцовыя таварышы, устанаўліваючы прычыну гібелі карэспандэнта, як з'явіўся ў пракуратуры шафёр Кучаронак.
— Якія будуць меркаванні? — спытаў Юркавец, калі Корзун скончыў.
— Колькі ад месца наезду да чыгункі? — ажывіўся лейтэнант Манега.
У аддзеле ён быў навічок, прыйшоў пасля вучобы ва універсітэце. Весялун, непаседа, ён у кожнай справе стараўся знайсці свой, непадобны на іншыя, паварот. Часцей гэта было не надта ўдала, але здаралася, што і Манега даваў слушную прапанову. Напэўна, таму Юркавец ніколі не спяшаўся адкідваць яго ідэі. І зараз ён прыхільна паглядзеў на Манегу. А Корзун раптам адчуў прыкрасць. Не вельмі прыемна, калі цябе на людзях пачынаюць нібы распранаць, быццам ты сам не пракруціў усе магчымыя варыянты не адзін раз.
— Чатыры кіламетры, — адказваць на пытанне Манегі трэба было.
— Можа чалавек у шокавым стане прайсці такую адлегласць? — не сунімаўся лейтэнант.
Перш чым адказаць, Корзун зірнуў на Юркаўца. Няўжо яны тут не згодныя з вывадам пракурора Пратасені? Але на роздум часу не было.
— Судмедэксперт не выключае такой магчымасці. Ды і са мной было, — ён разумеў, што гэта не надта пераканаўча, што ставіць сябе, мажліва, пад агонь насмешнікаў, і не мог не сказаць, бо такі выпадак сапраўды быў,— мне тады было гадоў дванаццаць. Каталіся на лыжах з абрывістай гары…
— У-у, — Дзюба ўзрадаваўся, прадчуваючы пацеху. — Панесла!
Юркавец строга паглядзеў на яго і даў Корзуну знак працягваць.
— Я ўпаў і моцна ўдарыўся галавой аб сасновы корань. Як уставаў, абтрасаўся, помню, а потым правал у памяці. Ачнуўся хвілін праз трыццаць, як пад'язджалі к дому. Таварыш, які паехаў суправаджаць мяне, расказваў, што я ўвесь час, а праехалі мы кіламетраў пяць, пытаўся адно і тое: дзе хлопцы? Праўда, я ачомаўся, а Рамейка… — ён развёў рукамі.
— Слухай, Сашка, — Дзюба аж зайшоўся смехам, — а як пасля таго?
Манега хмыкнуў.
— Не бачу нічога смешнага, — абарваў іх Юркавец. Памаўчаўшы, сказаў Корзуну: — Ты накіраваўся дадому, а ён у другі бок…
— Горад чужы…
— Так-то яно так, — Юркавец абвёў супрацоўнікаў уважлівым позіркам, спыніў яго на Корзуне: — Сам ты прымаеш пракурораву версію?
— Цяпер прымаю.
— Значыць, раней былі сумненні?
— Былі.— Верны сабе, Корзун не прамаўчаў, хаця ранейшыя сумненні зараз здаваліся яму неістотнымі.— Паміж наездам і тым часам, калі, падобна, Рамейка апынуўся на пераездзе, прайшло больш гадзіны. Мнагавата. Вядомы чалавек, які ішоў прыкладна ў гэты час ад пераезда ў гарадок, але ён нікога не сустрэў.
— Жыццё мацней за нашы гіпотэзы, — уставіў Дзюба.
— Так, — пагадзіўся Корзун. Ён ужо супакоіўся і на закіды Дзюбы не звяртаў увагі.— Напэўна, толькі геніяльны сышчык умее загадзя ўсё расставіць па паліцах.
— Але і нам трэба развіваць інтуіцыю, — Манега закруціўся на крэсле.
Корзун уздыхнуў. Ён і сам не любіў у сабе гэтай уедлівасці, якая часам была падобна на прыдзірлівасць. Але нічога зрабіць з сабой не мог. Увесь час думалася, што менавіта гэта, не вартая на першы погляд, дэталь раптам возьме і вырасце ў доказ.
— Хутчэй за ўсё, — Корзун загаварыў запінаючыся, Дзюба ўсё-такі сапсаваў яму настрой. — Хутчэй за ўсе гэта не мае дачынення. Я ведаю, карэспандэнты, як і мы, маюць камандзіровачныя пасведчанні, прыкладаюць да справаздачы праязныя білеты. Чаму ў Рамейкі іх не было?
— Загнуў, браток, загнуў,— засмяяўся Дзюба. — Хіба толькі ў шафёра самаабгавор.
— З шафёрам усё правільна, — Корзун не шкадаваў сябе, разважаў.— Але ні білетаў, ні камандзіровачнага ліста няма.
— На спадарожнай прыехаў,— Манега таксама не прыняў сумненні ўсур'ёз, — не паспеў выправіць дакументы, тэрмінова трэба было. А камандзіроўку і пазней прыслаць можна, каб адзначылі.
— Вось бачыш? — падтрымаў лейтэнанта Дзюба. — Так што бяры, Корзун, тое, што ў руках, не ганіся за жураўлём у небе: ён высока, і невядома, ці будзе яшчэ тваім.
— Хто знае, — Корзун не спрачаўся.
— Будзем закругляцца, — Юркавец зірнуў на гадзіннік і неспадзявана для ўсіх дадаў: — Ты, Алесь, супакой душу, правер, так было ці не. З пракуратурай дамоўлюся.
VII
Пра камандзіроўку прасцей за ўсё было даведацца ў мясцовай рэдакцыі. Корзун пазваніў туды. Яму растлумачылі, што ўласныя карэспандэнты, якія жывуць у абласцях, маюць так званыя пуцявыя лісты, у якіх адзначаюць свае маршруты і да якіх, даючы справаздачу ў бухгалтэрыю, прыкладаюць транспартныя білеты, квітанцыі з гасцініцы і да таго падобнае. Як растлумачылі Корзуну, карэспандэнты іншым разам, каб пазней не траціць часу, загадзя настаўляюць у розных раёнах пячатак на свае пуцявыя лісты. Не заўсёды карэспандэнт, выязджаючы, паведамляе рэдакцыі, куды і чаго едзе. Значыцца, і Рамейка мог так зрабіць, а тады галоўны повад для Корзунавых сумненняў выглядаў непераканаўчым. Праўда, заставаліся яшчэ білеты. Аднак калі чалавек не браў камандзіроўку, то яму не быў патрэбны і білет, праехаў і проста выкінуў або прыехаў на спадарожнай, як казаў Манега, машыне. А ён, Корзун, шукае нешта. Вечна ён чапляе сабе хамут на шыю.
Лаючы сябе, Корзун, аднак, не паддаўся спакусе, не пайшоў да Юркаўца, каб паведаміць, што расказалі хлопцы з абласной газеты. Бо не пабываў яшчэ на аўтавакзале, не пагутарыў з шафёрамі аўтобусаў. У працы Корзун не прызнаваў паспешлівасці, тут Дзюба не выдумляў. Памылка, якую ён некалі дапусціў на хлебнай базе, стала яму добрым урокам.
Вадзіцель ранішняга аўтобуса, які хадзіў з абласнога цэнтра ў Мінск і на якім, калі верыць дзяжурнай гасцініцы, Рамейка хутчэй за ўсё прыехаў у Лясное, паглядзеўшы фатаграфію, адразу пазнаў свайго нядаўняга пасажыра.