Выбрать главу

— Міхась, — прадставіўся ён і, як падсмейваючыся з сябе і сваёй прафесіі, дадаў: — Вучоны заатэхнік калгаса.

Дзяўчына прыняла выклік і ў тон адказала:

— Марыя, заатэхнік, аднак яшчэ недавучаны. Абабурка, паказваючы, што зразумеў іронію і не крыўдуе, гучна зарагатаў.

— Я чамусьці палічыў, што вы таксама журналістка. А тут, аказваецца, свой брат, прабачце, сястра, калега, так сказаць. У абласным упраўленні працуеце?

— На калгаснай ферме, — Апылінскую, падобна, гэты націск пачаў раздражняць, бо сказала яна, як адчапіцца.

— А-а, разумею… — Абабурка шматзначна акінуў позіркам іх з Корзунам. — Слухай, — ён ляпнуў Корзуна па плячы, — сачу-сачу за газетай, нешта твайго прозвішча не знаходжу. Тэму за хвост не зловіш, ці што? Прыехаў бы да нас у «Зялёны Бор». Не пашкадуеш. Ёсць што паказаць, не хвалюся, ёсць…

Гэта размова, калі табе і слова ўставіць не даюць, была Корзуну непрыемная. Каб скончыць яе, ён перабіў Абабурку і прапанаваў:

— Пойдзем, хутка званок.

Абабурка прывычным жэстам закінуў за шыю чырвоны шалік, паблажліва пасміхнуўся:

— У спектаклі самае лепшае — буфет. Таму, каб не нудзіцца да антракту, я адразу ў карчму, — ён паказаў на суседні будынак, які гасцінна запрашаў у свае адчыненыя дзверы зіхатлівай назвай «Рэстаран «Вечарок». — Дзеля гэтага і прыехаў. Пакуль масы тут, мы — там. — А напаследак падпусціў шпільку: — Перадам, Алесь, перадам Святлане, з якой прыгажуняй ты па тэатрах гуляеш.

Рагатнуўшы, Абабурка накіраваўся да тых двух мужчын, што цярпліва чакалі яго ля апусцелага ўжо аўтобуса.

Корзун паглядзеў яму ўслед і сярдзіта сказаў:

— Тарахцёлка!..

— Гумарыст, — сказала і Марыя, але як бы ўхваляючы. Шпілька, падобна, укалола. — І мне пара.

— Куды ж вы? — разгубіўся Корзун.

— На балкон, таварыш… Нават не ведаю, як вас цяпер называць, — і нырнула ў чаргу, якая паспела ўжо вырасці ля тэатральных дзвярэй.

Ні ў антракце, ні пасля спектакля Корзуну не ўдалося знайсці Марыю.

VIII

Гаспадар уставаў рана. Ён працаваў качагарам у домакіраўніцтве і на гэтым тыдні кожны дзень у шэсць гадзін змяняў напарніка. Звычайна Корзун не звяртаў увагі на тое, што дзед, устаўшы, шморгае хворымі нагамі па калідорчыку, у які выходзілі дзверы з яго пакоя, апранаючыся, нешта бурчыць сабе пад нос, доўга прыладжвае непаслухмянымі пальцамі падламаную клямку і напаследак моцна ляпае брамай. Па-першае, ранішняя змена ў гаспадара была адзін тыдзень за месяц, а па-другое, Корзуну падабалася кватэра. Дом стаяў на ціхай зялёнай вулачцы, яна была ўсяго за два кварталы ад галоўнай гарадской. І блізка і зручна. Адзінае акенца ў яго пакойчыку-бакоўцы выходзіла ў сад, і летам тут было вельмі прыгожа, духмяна пахлі кветкі, спакусліва чырванелі спачатку вішні, а потым спелыя ігрушы і яблыкі. Адчыні акно, працягні руку, і што-небудзь ды трапіцца табе ў далонь. І зараз, зімой, у садзе было хораша — снег на галінках надаваў дрэвам нейкі казачны выгляд. Так што можна было і пацярпець ранішнія дзедавы кашаль, буркатню, няўклюднасць. Але сёння Корзун, разбуджаны, ужо не заснуў.

Клопаты, якія, здавалася, павінны былі застацца на ноч у службовым кабінеце, на самой справе прыйшлі з ім у гэты пакойчык і толькі чакалі зручнага моманту, каб нагадаць аб сабе.

Вінаваты ў гэтым, напэўна, быў тэлефонны званок у рэдакцыю, дзе працаваў Рамейка. Збіраючыся ў Яснагорск, Корзун не ўяўляў сабе дакладна, чым там будзе займацца. Ён нават не склаў плана сваіх дзеянняў, без якога звычайна не абыходзіцца ніводзін пошук, і пунктуальны і патрабавальны Юркавец, які ў іншым выпадку абавязкова зрабіў бы заўвагу, на гэты раз прамаўчаў. Відаць, таксама не бачыў, за што можна там зачапіцца. І ў Мінск Корзун пазваніў проста так, дзеля парадку. А пазваніўшы, зразумеў, што ледзь не дапусціў сур'ёзнае памылкі. Бо даволі прыблізна ўяўляў, як працуе карэспандэнт.

Загадчык аддзела карэспандэнцкай сеткі сказаў Корзуну, што Рамейка павінен быў праверыць ананімнае пісьмо. Корзун, вядома, пацікавіўся: пра што і адкуль яно было? І вось тут узнікла першая закавыка. У рэдакцыі не змаглі назваць ні адраса, ні дакладнага зместу. «Вы што, не рэгіструеце пісьмаў?» — здзівіўся Корзун. «Абавязкова, — адказаў загадчык аддзела, — нават, пасылаючы на рэагаванне, робім копію». — «Але ж, падобна, не заўсёды», — упікнуў Корзун. «Так атрымалася, — напэўна, на тым канцы проваду супрацоўнік рэдакцыі, каб словы гучалі больш пераканаўча, развёў нават рукамі, бо ў размове ўзнікла паўза і пачуліся староннія галасы. Тым не менш удакладніў: — Пошту толькі прынеслі, а Рамейка спяшаўся на самалёт. Сігнал быў важны, учотчыца помніць, што нібыта пра махінацыі… Хто ж ведаў…»

Сапраўды, прадбачыць, што журналіст загіне, было цяжка. А што прычынай гібелі можа стаць пісьмо — і зусім неверагодна. Гэтага Корзун і зараз не дапускаў. Не той час, каб забівалі карэспандэнтаў. І пры ўсім тым, узнікшы, пісьмо давала повад для яшчэ адной версіі, патрабавала праверкі: а раптам?

Старонняму чалавеку можа здацца, што супрацоўнікі міліцыі свае рабочыя версіі складаюць па натхненню, кіруючыся інтуіцыяй. Мажліва, ёсць і такія выпадкі, асабліва калі, апроч меркаванняў і дапушчэнняў, больш нічога няма. Корзун, аднак, пачынаючы справу, на інтуіцыю не спадзяваўся. Спачатку — факты. А вось пасля ўжо, набраўшы гэтых самых фактаў, можна і клікаць на дапамогу інтуіцыю, каб выбраць найбольш верагодны напрамак у працы. Праўда, здаралася, і тады інтуіцыя падводзіла. Бо яна, як кажуць, дапамагае толькі тым, хто мае вопыт. У Корзуна яго малавата. Значыць, тым больш прыдзірліва мусіць працаваць ён з фактамі. І без плана, які дапаможа распрацоўваць адну ці, можа, некалькі версій, ехаць у Яснагорск — марнатраўства.

Пасля званка ў рэдакцыю Корзун адразу зайшоў да Юркаўца і папрасіў дазволу затрымацца.

— Нарэшце хоць нешта бліснула, — згадзіўся з ім начальнік аддзела. — Памаракуй, як будзеш дзейнічаць. Заўтра даложыш.

Маёр Юркавец мог загадаць больш канкрэтна, напрыклад: зайдзі з раніцы… Але ён стараўся не загружаць сваіх супрацоўнікаў даручэннямі ў нерабочы час, калі пільнай патрэбы не было. Сказаўшы «заўтра», ён даваў Корзуну расцягнуты тэрмін, ведаючы, што чалавек, маючы час, усё роўна будзе думаць над справай, а не маючы — ёсць жа і асабістае жыццё, — падумае на працы. Ды і псіхалагічная разрадка інспектару таксама патрэбна, ён не вылічальная машына, а звычайны чалавек, здольны стамляцца, цікавіцца музыкай, літаратурай, хадзіць на спатканні ці памагаць жонцы.

Сустрэча з Марыяй Апылінскай і асабліва яе яўнае нежаданне пабачыцца з ім пазней выбілі Корзуна на час з прывычнага роўнага настрою. Пасля спектакля ён доўга блукаў па глухіх, як вясковыя, вуліцах, ні аб чым канкрэтна не думаючы, а проста стараючыся забыць на ўсе свае клопаты і няўдачы. Урэшце маладосць сваё ўзяла. Вярнуўшыся, ён хутка заснуў, і каб не гаспадар, напэўна, спаў бы аж да васьмі гадзін. А так прыйшлося ўставаць — не любіў качацца на ложку.

Корзун прынёс гаспадыні вады з калонкі, потым замест зарадкі накалоў дроў. Бадзёры, пасвяжэлы, сеў за пісьмовы стол.

Вакол цішыня, паўзмрок. Маленькая лямпачка з-пад крэмавага абажура высветлівала на стале невялікі яркі кружок. Якраз для ліста паперы. Корзун узяў ручку і задумаўся. Сапраўды, пісьмо надавала яго паездцы нейкую пэўнасць. А калі так, то варта праверыць усё, што магло мець да яго дачыненне. Перш-наперш трэба зайсці ў райком партыі. Карэспандэнты, прыязджаючы ў раён, часцей за ўсё трымаюць сувязь з райкомам. Ну, а калі не з райкомам, то з райвыканкомам, сельгасупраўленнем. Так растлумачылі Корзуну ў Рамейкавай рэдакцыі. Але гэта ўжо дэталі. Значыць, адрас, куды ён накіраваўся, — на прадпрыемства ці ў калгас, табе, інспектар Корзун, падкажуць. Нават калі Рамейка на гэты раз, зыходзячы з сваёй мэты, ні да кога не звяртаўся, а дзейнічаў самастойна. Тут ужо дапамогуць калегі з райаддзела. Мажліва нават, ці ў іх, ці ў камітэце народнага кантролю таксама былі сігналы пра махінацыі, якімі зацікавіўся карэспандэнт. Бывае ж так, што людзі ў ананімках пішуць пра ўжо вядомыя факты, па якіх меры прынятыя, — або нездаволеныя вынікамі, або каб лішні раз насаліць каму-небудзь.