Выбрать главу

Кунцэвіч глыбока ўздыхнуў, як здалося Корзуну, каб не пазяхнуць. Затое Марыя, чакаючы нешта смешнае, аж прыкусіла ніжнюю губу і так прыжмурыла вочы, што вакол іх разбегліся тоненькія праменьчыкі. Корзун замаркоціўся: не такой бачыў ён дзяўчыну ў сваіх думках.

— …Знайшлі прыгожы карабок з-пад папярос і пасадзілі туды маленькае шэранькае мышаня з такім доўгім-доўгім хвосцікам, — Абабурка развёў указальныя пальцы. — Вось такім. — Ён яўна смакаваў дэталі гэтага колішняга выпадку, не дазваляючы, аднак, сабе і намёку на ўсмешку. — Прыбіральшчыца, вядома, пацікавілася, што там, адкрыла карабок…

— Неінтэлігентна, — фыркнуў Кунцэвіч.

— А мне падабаецца, — Марыя шчыра смяялася. — Няхай не совае нос.

— Брава, Марыся! — Абабурка перагнуўся цераз столік і пацалаваў ёй руку.

— Шаркун ты, Карпавіч, — Кунцэвіч прыжмурыўся на Абабурку. — Далібог, шаркун. Згубіць цябе паказуха! Як піць даць!

— Давай без крытыкі,— заўвага Абабурку не надта спадабалася. — Лепш бы падтрымаў мужчынскі гонар, або не маеш што сказаць?

— Якія там нашы гісторыі,— Кунцэвіч схіліў галаву, — хіба мужыка абдурыш: возьмеш карову, заплоціш за цялушку. Так, таварыш следчы? — павярнуўся ён да Корзуна. Вочы яго хітра блішчалі, быццам хацеў ён сказаць: і я, каб палічыў патрэбным, сёе-тое выдаў бы не горш, але не хачу.

— Федзя, — паморшчыўся Абабурка, — пры чым тут следчы?

— Ну па імені ж няёмка, не раўня…

Корзун сустрэўся позіркам з Кунцэвічам, здаецца, абыякавым, нават крыху тупаватым, і чамусьці падумаў, што гэты нарыхтоўшчык — штучка, голымі рукамі не бяры, апячэшся.

Да іх падкаціўся тоўсценькі швейцар:

— Зачакаліся, даражэнькія? Зараз, зараз, Міхаіл Карпавіч. Толькі чысты абрус накрыюць.

— Парадак, не турбуйся, стары.

— А ўжо ж, як для вас…

— За мной не прападзе, ты мяне ведаеш, — выставіў далонь Абабурка.

Кунцэвіч употай стрэльнуў вокам на Корзуна.

Корзуну стала непрыемна: нарыхтоўшчык, падобна, правярае па ім Абабуркавы паводзіны, быццам адчувае ў іх нейкую ненатуральнасць, незвычайнасць. Напэўна, добра ведае свайго сябра, бо сам ён, Корзун, нічога такога не прыкмеціў. І падумаў, што трэба ісці адсюль, не яго гэта кампанія. Тым болей што Марыя да яго без увагі. І, як нешта ўспомніў, паляпаў па кішэнях.

— От што значыць загаварыўся, — нібы шкадуючы, сказаў ён, — павінен на працу пазваніць, а забыўся. — Выцягнуў з кішэні дзвюхкапеечную манетку. — Даруйце…

Тэлефон-аўтамат вісеў ля выхада — паміж дзвярамі і люстэркам. Корзуну пашанцавала, натыкнуўся на лейтэнанта Манегу, і можна было сапраўды перакінуцца словам-другім, а не рабіць выгляд, што размаўляеш. У люстэрку ён бачыў, як Абабурка, скалячы зубы, стараўся рассмяшыць Марыю, а Кунцэвіч хмура глядзеў на яго. Загаварыўшыся, Корзун ледзь не прапусціў, калі Марыя раптам азірнулася. Там, відаць, гаварылі пра яго, і ён хуценька адвёў позірк.

Праз хвіліну Корзун вярнуўся да століка:

— Прашу прабачэння, трэба…

У Марыіных вачах успыхнуў цікаўны агеньчык. Напэўна, успомніла, што Корзун — прадстаўнік таямнічай для многіх людзей міліцэйскай службы: з начнымі выклікамі, засадамі, пагонямі за небяспечнымі злачынцамі. Толькі гэта і выклікала ў яе Корзунава паведамленне. І Кунцэвіч прыняў яго абыякава. Адзін Абабурка, здавалася, шчыра засмуціўся.

Корзун адышоў далей ад асветленых рэстаранных акон і прыхіліўся да нейкага высокага плота. Падставіў разгарачаны твар калючаму марознаму ветру, які з посвістам вылятаў з вузенькага завулка, гонячы перад сабой па бліскучай зацвярдзелай дарозе сыпучы снег, шматкі паперы, сена. Корзун ніколі не меў асаблівага поспеху ў дзяўчат. Можа, таму, што, як некалі зло ўпікнула Святлана, выбіраў надта прыгожых. Паміж радкоў гэты папрок, падобна, трэба было чытаць так: не па сабе. Але што рабіць, калі так здаралася? Ён не шукаў дзяўчыну, каб проста прабавіць час, каб было з кім схадзіць у кіно ці на танцы. А такую, да якой гарнулася сэрца. І хіба ён вінаваты, што гарнулася яно чамусьці да тых, каго лічылі прыгожымі? Ды і глупства гэта: прыгожая, непрыгожая. Бо міма сотні самых відных дзяўчат пройдзеш і нават не звернеш увагі, не запомніш. А сто першую ці дзвесце першую раптам не абмінеш. Пакажацца яна табе такой, якую не сустракаў дагэтуль і якую ніколі больш не сустрэнеш. Напэўна, у кожным чалавеку ёсць нешта такое прывабнае, незвычайнае. Толькі адкрываецца яно не адразу і не ўсякаму, а каму-небудзь аднаму, прызначанаму. Няўжо ён менавіта з тых, міма каго дзяўчаты праходзяць абыякава, як вось сёння Марыя Апылінская? Гэта прыкра. Тады ў Даманах дзяўчына вельмі ўразіла яго. Была ў ёй нейкая даросласць: загадвала вялікай сучаснай фермай і разам з тым заставалася яна дзяўчо дзяўчом. Шчыра прызналася, што кожны раз, бегучы начной бязлюднай вуліцай на ферму, дрыжыць ад страху. Часта яму пазней успаміналася гэта прызнанне, і тады думалася, што Марыі патрэбна падтрымка, моцная дружба і што даць гэта можа ёй толькі ён. Гэта не было яшчэ каханнем. Корзун быў не з тых, хто можа закахацца з першай сустрэчы. Дый сустрэча была кароткай, службовай. І нішто яму не давала поваду думаць, быццам Марыя таксама ўспамінае яго. Так што самы момант спытаць сябе: ці не прыдумаў ты ўсё? І Марыю, і асабліва яе патрэбу ў табе?..

З рэстарана вываліла шумная кампанія. Патупаўшы на прыступках, ажыўленыя, гаваркія хлопцы і дзяўчаты накіраваліся ў Корзунаў бок. Каб не пападацца ім на вочы, ён павольна пакрочыў у цемру.

XI

Перад абедам прынеслі пошту. У пачку канвертаў Корзун заўважыў пакет з Яснагорска, і рука міжволі адразу пацягнулася да яго, таропка скрышыла сургуч. Прадчуванне не падвяло. Яснагорскія таварышы паведамлялі, што на аддаленым хутары ў глухой пушчы выяўлена самая сапраўдная свінаферма, якая ў дакументах зялёнаборскага калгаса не значыцца. Ферма невялікая, за год тут адкармілі свіней пяцьдзесят. Робяць гэта двое старых — муж і жонка. З калгаснага начальства на хутары бываў як быццам бы адзін заатэхнік. Звесткі пра ўсё гэта даў шафёр машыны, якая прывозіла сюды кармы. Хто і як забіраў адгадаваных свіней, не ведае. Але ў рэдакцыю пісаў ён, толькі пабаяўся падпісаць уласнае прозвішча.

— Было б, каб ты ўчора з Абабуркам чарку ўзяў,— нахмурыўся Юркавец, прачытаўшы паведамленне.

Корзун пачырванеў. Пра рэстаран ён, вядома, не ўспамінаючы Марыю Апылінскую, расказаў начальніку аддзела яшчэ раніцай. І добра зрабіў. Бо цяпер, у святле новых фактаў, вячэра з Абабуркам у рэстаране магла выглядаць двухсэнсоўнай. Юркавец хутчэй за ўсё адхіліў бы яго ад справы.

— Твае прапановы?

Корзун быў удзячны свайму начальніку, што той абмежаваўся заўвагай, бо вывады ён ужо зрабіў сам для сябе.

— Не насцеражыць бы?..

— Спазніўся, — з прыкрасцю сказаў маёр, — і Рамейка, і ты, і Рамейкаў блакнот з пісьмом…

— У Абабуркі яго няма, — запярэчыў Корзун.

— Але ж ты сабраўся ў Лясное?..

Слушныя думкі, відаць, сапраўды лунаюць у паветры, бо начальнік і зараз апярэдзіў Корзуна.

— Я яшчэ болей упэўнены, што менавіта там знаходзяцца сляды гібелі журналіста, — сказаў Корзун. — Прычым, падкрэсліваю, не выпадковай.

Юркавец адным вокам паглядзеў на яго, пабарабаніў пальцамі па стале, як заўсёды, калі сур'ёзна задумваўся, потым загадаў:

— Так ці не — гадаць не будзем. У Яснагорску хай паназіраюць за хутарам. Куды гэта яны сплаўлялі свіней?

Корзун зразумеў, што ў начальства няма ўпэўненасці, быццам Абабурка мае дачыненне да смерці журналіста. Сваім загадам Юркавец як бы размяжоўваў махінацыі ў Яснагорску і здарэнне ў Лясным. А яму самому чамусьці здавалася, што нейкая нітачка павінна ўсё-такі звязваць гэтыя дзве разрозненыя з'явы, інакш не ўпісвалася ў падзеі пісьмо калгаснага шафёра, якое правяраў Рамейка. Пяцьдзесят адгадаваных свіней, улічваючы, што іх, падобна, на прэзенты не выкарыстоўвалі, пераведзеныя на грошы, выліваюцца ў кругленькую суму — добрыя дзесяць тысяч рублёў. Не мог жа Абабурка сам з'есці столькі мяса. Мяса — не мог, а забіць чалавека? У ім жа не відно жорсткасці. Няўжо, як лічыць пракурор Пратасеня, тут простае супадзенне фактаў, якія выпадкова звязаліся ў адзін вузел? Каб Абабурка не быў у тую ноч у Лясным!..