Выбрать главу

Аўтобусу-экспрэсу да Ляснога ходу было гадзіны на тры. Мароз апаў, вокны ачысціліся ад ледзяной нарасці, і Корзун усю дарогу глядзеў на чорны, толькі сям-там як аздоблены зялёнай хвояй, лес, які, здавалася, бясконца цягнуўся ўздоўж шашы. Аднастайнасць пейзажу крыху стамляла, аднак думаць не перашкаджала. А Корзун, перш чым прайсці яшчэ раз па Рамейкавых слядах, — зноў пацвярджаецца старая ісціна: пачаўшы, не кідай на паўдарозе, прайшоў бы тады, не трэба было б ехаць зараз, — хацеў разабрацца ў сітуацыі сам, прадумаць кожны крок. Каб не паспяшацца, не збочыць з галоўнага кірунку, як гэта здарылася, калі ў пракуратуру прыйшоў Кучаронак.

Корзун разумеў, што шафёрава прызнанне на час засланіла ад следства ўсе іншыя версіі, яно нібы адразу падвяло рысу пад іх пошукамі. Але гэта не апраўданне. Бо былі пытанні, на якія ў яго і тады не было адказу. Як ні круці, а Абабурка пэўнае дачыненне да ананімнага пісьма меў. Праўда, тады ён, Корзун, гэтага не ведаў. Але што пісьмо знікла, і знікла ў Лясным — падазраваў. Цяпер, вядома, яму разважаць прасцей. Ведае, што Абабурка вінаваты, прынамсі ў махінацыях са свіннямі. Але разам з тым не трэба забываць, што падазрэнняў супраць Абабуркі ў галоўным — у дачыненні да гібелі журналіста — у яго быццам паменшала. Па натуральнай логіцы, даведаўшыся, што ферма на Вадвянскім хутары выяўлена, Абабурка павінен быў паспяшацца з яе ліквідацыяй, пакуль не напісалі новага пісьма. А ён паводзіць сябе так, нібы нічога не адбылося. Што гэта? Не ведае пра пісьмо і, такім чынам, не вінаваты ў гібелі Рамейкі, ці добра прадуманы ход — пісьмо знікла, і ёсць час зрабіць усё без небяспечнай паспешлівасці?

Лес тым часам парадзеў, пацягнуліся прагаліны, за якімі бачыліся заснежаныя палеткі, далёкія вёскі. Неўзабаве з-за павароту вынырнулі жоўценькія аднапавярховыя камяніцы — пасёлак Яснагорскага льнозавода, і аўтобус прыцішыў свой бег. Пачаліся гарадскія вуліцы. Вадзіцель аб'явіў у мікрафон:

— Стаянка пятнаццаць хвілін.

Выходзіць не хацелася — у салоне было цёпла, утульна. Вадзіцель, пайшоўшы на станцыю, уключыў, каб пасажыры не засумавалі, радыёпрыёмнік. «Крыніца» перадавала мелодыі з класічных аперэт — самых любімых Корзунам. Ён апусціў спінку крэсла, як збіраючыся спаць, уладкаваўся ямчэй і заплюшчыў вочы. Нехта прыемным тэнарам выпраўляў у плаванне свой човен, і Корзун уявіў высокі скалісты бераг, сіняе мора з пеністымі белымі бурунчыкамі, залацісты бясконцы пляж, яркае гарачае сонца…

— Салдат спіць, служба — скача, — нечая рука лягла на Корзунава плячо.

Ён нехаця павярнуў галаву і ўбачыў начальніка яснагорскага аддзялення крымінальнага вышуку — вясёлага чарнявага вусача Галіцу. Зразумеўшы, што той тут не музыку слухае, падхапіўся з хуткасцю, якую толькі дазвалялі пастаўленыя дзеля эканоміі месца блізка адно ад аднаго цесныя крэслы. Выбраўся на праход, каб не паказаць сваёй вялікай зацікаўленасці, прабурчаў:

— Такую песню сапсаваў…

— Зараз я табе новую напяю, — падміргнуў Галіца, — за ўсіх песняроў разам. Трымай вуха!

— Ну, што там? — Корзун раптам занепакоіўся.

— Прагуляемся? — замест адказу спытаў Галіца. Калі аддаліліся ад аўтобуса, прамовіў: — Як казаў класік, лёд крануўся. Аднак супраць плыні.

— Слухай, ты, дамарошчаны Эзоп! Умееш ты гаварыць па-людску?

— Вядомая табе фірма ліквідуе асноўныя фонды…

Корзун ухапіў сэнс, але яму было не да жартаў, і ён з'едліва спытаў:

— У вас тут што, міліцыя ці студыя мастацкага слова?

— Чалавек без гумару, што… што… — вочы ў Галіцы смяяліся. Нарэшце прыдумаў: — Што кола без спіц: круціцца можа, а да воза не прыстроіш. — І тады ўжо другім тонам дадаў: — Не крыўдуй, сам пачаў з запеўкі. А з фермай вось што: трох вепрукоў гаспадар на кані адвёз у калгасны гурт. Пры іх уліку — не падкапаешся…

— Значыць, пісьмо знайшло адрасата? — раздумліва сказаў Корзун. — Гэта я так, сам сабе, — растлумачыў, злавіўшы недаўменны позірк таварыша.

— Летуценнік! — той паківаў галавой і развітаўся. Зноў імчаў аўтобус па чыстым, як падмеценым, асфальце. Зноў за акном праносіліся лясы, пералескі і палі, а ў дынаміку гучала лёгкая музыка. Корзун нічога гэтага ўжо не заўважаў. Навіна, прынесеная Галіцам, хоць ён у прынцыпе і чакаў нечага падобнага, прагучала, як выбух у цішыні. Яна звязвала ў адзін вузел не выпадковыя і несумяшчальныя факты, а пэўныя ўжо, нават ці не запланаваныя. Няўжо Абабурка здагадаўся пра пісьмо і пачаў паляваць за ім? Але якім трэба быць акцёрам, каб забіць чалавека і паводзіць сябе як нічога ніякага! Корзун рашыў, што, як толькі прыедзе ў Лясное, адразу пазвоніць, каб затрымалі гэтага заатэхніка. Некалькі хвілін ён абдумваў варыянты допыту яго. І раптам цюкнула: адкуль Галіца даведаўся, што ён едзе гэтым аўтобусам? Няйначай, ад Юркаўца. Але гэта азначае, што і маёр ведае пра Абабуркавы захады. Загад аб арышце ён мог, каб лічыў патрэбным, аддаць і сам. І калі не аддаў, то наўрад ці толькі таму, што спадзяваўся на яго, Корзунаву, здагадлівасць. Відаць, меў нешта яшчэ на прыкмеце. Сапраўды, Корзун адразу астыў, заатэхнік нідзе дзенецца ды пакуль, мяркуючы па ўсім, і не збіраецца нікуды дзявацца. Думае пакрысе пазбавіцца ад галоўнага доказу — падпольнай фермы, а іншага ніхто і шукаць не будзе. Бо вінаваты ў гібелі журналіста ёсць — Кучаронак, шафёр.

Чым даўжэй Корзун раздумваў, тым болей супакойваўся. Нічога, зрэшты, непрадбачанага не адбылося. Ад махінацый з свіннямі Абабурка не адкруціцца.

А Рамейку да яго ўсё роўна пакуль ніяк не прывяжаш. Так што ўсё застаецца як ёсць. Незразумела адно: навошта было пераймаць яго ў дарозе? Цікава, чыя тут ініцыятыва — Галіцава ці Юркаўцова? Хутчэй за ўсё — Юркаўцова. Каб ён, прыехаўшы, ужо ведаў пра самыя апошнія падзеі. Або каб адразу пачаў звязваць Абабурку з гібеллю журналіста? Задалі яму таварышы задачку. Не толькі адказу няма, умова і тая невядомая. Бо мог жа Абабурка і тыя, хто за ім, па ўласнай задуме ліквідаваць ферму. Жывёлу не сплаўляюць на старану. Вось і круціся, інспектар, апраўдвай сваю пасаду!..

— Ну, Алесь Антонавіч, ты, няйначай, у пракуроры меціш, — такімі словамі сустрэў Корзуна Пратасеня.

— Мне і ў міліцыі няблага, — падтрымаў Корзун тон. — Хачу форму надзену, хачу — у цывільным франчу.

— Форма што, форма раз — і знасілася. А пракурорава крэсла…

— Дзень у мяне сёння, — Корзун павесіў паліто, паправіў касцюм, — як апошняя старонка «Огонька»: адны красворды. Спачатку яснагорскі калега шарады падкідваў, цяпер — паважаны ахоўнік закону. З чаго б гэта, Аркадзь Міхайлавіч?

— Не разумееш? Ай, бедалага. З хітрым і сам мусіш па крывой хадзіць. Вось мне, напрыклад, як быць?

— А што такое?

— Падкоп хто пад мяне вядзе? Ты! І не спынішся, пакуль ад мяне хіба адна макаўка на паверхні астанецца. Так?

— Калі ўдасца.

— Вось бачыш, — Пратасеня ўздыхнуў. Можа, роблена, а можа, і не зусім. — Дык што ў цябе? Краем вуха чуў, быццам вы там нешта зачапілі.

— Ёсць трошачкі,— і ён расказаў пра тое, аб чым даведаўся за апошнія дні.— Як, слушна?

— Ты маю думку ведаеш, — паківаў галавой Пратасеня. — Магу толькі паўтарыць: гэта адно з тых супадзенняў, якія часам у нашай практыцы здараюцца. Але цябе не пераканаеш, — ён пасміхнуўся, пацёр скроні,— ты ўпарты, пакуль сам гузак не наб'еш, галаву не ўтуліш. А што замест цябе другі з гузаком застанецца… Не зважай, усяк бывае, абы справе шкоды не было. Спатрэбіцца дапамога — калі ласка. Я не злапамятлівы.

Корзуну не надта падабаўся характар гэтай размовы. Не хацелася яму, каб Пратасеня крыўдзіўся. Хіба ён, Корзун, вінаваты, што Абабуркаву свінню пад пракурора падкладае? Але абяцанне памагаць абнадзеіла. Шчыра кажучы, ён баяўся, што пракурор заўпарціцца, будзе настойваць на сваім. Маўляў, свінні — свіннямі, а здарэнне — здарэннем. У яго ж ёсць такі важны козыр, як прызнанне шафёра, пацверджанае і экспертызай, і выездам на месца. А маленькая неадпаведнасць — наезд на вуліцы, а труп на чыгуначным пераездзе — сякое-такое тлумачэнне мае, яе можна пад увагу не браць. Так што справа, лічы, закончана. Аднак і Пратасеня недзе ў глыбіні душы сумняваецца, бо не спяшаецца з абвінаваўчым заключэннем. Ці не таму і згадзіўся памагаць, хаця гэта і будзе супраць яго версіі? Відаць, чалавек ён прынцыповы. Такому можна шчыра расказваць і пра планы і параду папрасіць.