Выбрать главу

— Пабуду на мясакамбінаце, пагавару з галоўным аграномам сельгасупраўлення, але раней, калі дазволіце, сустрэнуся з Кучаронкам.

— Не пярэчу, — сказаў Пратасеня. — Хаця наўрад ці што новае гэта дасць. З яго мы выціснулі, здаецца, усё. Зрэшты, пачытай спачатку пратаколы, пераканаешся.

— Але ён стаіць на сваім.

— Чапляецца. Адно — падбіў, а не забіў і сам пры гэтым прызнаўся, другое — забіў і спрабаваў скрыць сляды. Пакаранне рознае. Цяпер усе адукаваныя: кніжкі чытаюць, перадачы «Чалавек і закон» па тэлевізары глядзяць.

Корзун мог і не заглядаць у пратаколы, каб пагадзіцца з тым, што следчы выцягнуў з шафёра, бадай, усё. Усё, што меў або хацеў сказаць той. Але пракуратура працавала над адной пэўнай версіяй, і тыя дэталі, якія да яе не мелі дачынення, не выключана, прайшлі міма ўвагі следства…

Выглядаў Кучаронак кепска — няголены твар, парослы рыжаватай шчацінай, расхрыстаная, без верхняга гузіка кашуля, пакамечаны пінжак, які на яго, быццам яшчэ больш патанчэлай, фігуры матляўся што пудзіла на крыжы. Чалавек панік. Пратасеня быў упэўнены, што Кучаронак вельмі перажывае сваю віну, баіцца расплаты і вось-вось зломіцца, раскажа, як было на самой справе. Пазіраючы на Кучаронка, Корзун думаў, што такім чалавек часам робіцца і тады, калі не можа даказаць сваю шчырасць. Апатыя абвінавачанага для следчага не саюзнік, а вораг, тут і да памылкі недалёка. Трэба было неяк вярнуць шафёра да жыцця, даказаць яму, што ягоны лёс зараз залежыць таксама і ад яго самога.

— Восіп Антонавіч, — пачаў Корзун, — я чытаў вашы паказанні. Я вам веру. Але і мае, і вашы словы — толькі словы. Іх трэба падмацаваць фактамі. Дапамажыце мне і сабе. Раскажыце яшчэ раз, як было. Падрабязна, нават, калі ўспомніце, не толькі словы — свае і таго чалавека, а і інтанацыі. Вам зразумела?

— Навошта ўсё гэта, канчалі б хутчэй. Пішыце што хочаце!

— Калі вы забойца… — трэба было вывесці Кучаронка з шокавага стану.

— Не! — падаўся назад шафёр. — Як мне даказаць, што не!

— Раскажыце, спакойна, толькі праўду.

— Колькі можна?

— Пакуль мы вам або паверым, або канчаткова не паверым.

— Э-эх, — абмяк Кучаронак, — кепскія мае справы, вунь вы з вобласці прыехалі. Па маю душу?

— Па вашу, — засмяяўся Корзун, хаця смешнага было тут мала, проста яму хацелася неяк падбадзёрыць чалавека, якому чамусьці верыў.— Толькі і мне не ўсё роўна — чыстая душа ці не чыстая. Што вы расказвалі пракурору, я чытаў. Але мяне цікавіць не сам наезд, тут усё ясна, а тое, што адбылося пасля.

— Не вазіў я яго на пераезд!

— Згодзен. Таму давайце пачнём з таго, як вы, убачыўшы перад радыятарам чалавека, націснулі на тормаз і пасля выскачылі з кабіны. Што было далей?

— Чалавек, ну журналіст, падняўся на ногі і, хістаючыся, падыбаў да плота, — Кучаронак гаварыў ціха, засяроджаны ў нейкіх сваіх думках.

Корзун слухаў і непакоіўся: як дабіцца, каб Кучаронку захацелася той вечар, які ён, падобна, рады быў забыць назаўсёды, успомніць да драбніц? Можна, вядома, сказаць прама, што суд улічвае шчырасць, праўдзівасць абвінавачанага, яго дапамогу следству. Аднак раптам Кучаронак тады ўхопіцца за гэта, як за саломінку, і пачне выдумляць, нагаворваць на сябе. Пакуль ён быццам бы не маніў, Корзун яму верыць. Але прайшло нямнога часу, не выключана, што проста не паспеў звыкнуцца з нечаканым трагічным паваротам у сваім жыцці, яшчэ не ўсвядоміў, што паміж яго мінулым і будучым узнікла неадольная мяжа. І калі зразумее гэта, можа кінуцца ў другую крайнасць. Корзун пагартаў справу. Аўтабаза дала Кучаронку добрую характарыстыку. Малайцы. А то часам бывае, што трапіць чалавек пад следства, яшчэ нічога не даказана, а на яго ўжо чорных фарбаў не шкадуюць. Ды і сам факт, што Кучаронак не паспрабаваў утоіць здарэнне, хаця тады ніхто яшчэ на базе пра гэта не ведаў, таксама гаварыў многае. Ці не той гэта выпадак, калі чалавек нечакана, у выніку непрадбачаных абставін, трапляе ў бяду? І Корзун рашыўся.

— Восіп Антонавіч, — падаўся ён да шафёра. — Не хачу вас абнадзейваць. Скажу толькі, што ад нашай з вамі размовы залежыць многае. Зразумейце, у суд і так можна перадаваць справу. Але не наша мэта засудзіць вас. Так што зараз у нас з вамі адзін клопат: як мага дакладней аднавіць падзеі таго вечара. Пастарайцеся ўспомніць усё, нават тое, што вам уяўляецца неістотным, не вартым увагі. Слова, сказанае Рамейкам, жэст, рух…

Кучаронкавы вочы як ажылі, у іх з'явілася нешта падобнае на цікавасць да субяседніка. Праз імгненне яны зноў пацямнелі. Аднак гэта была ўжо не абыякавасць, а засяроджанасць. Калі ён загаварыў, Корзуну здалося, нібы перад ім не шафёр, які наехаў на журналіста, а нехта старонні, які выпадкова аказаўся на месцы здарэння і цяпер, не спяшаючыся, успамінае.

— Ён прыхінуўся да плота, — Кучаронак знайшоў над інспектаравай галавой нейкую кропку і неадрыўна глядзеў на яе. Усё-такі ён адчуваў сябе ў гэтай гісторыі зусім не староннім назіральнікам. — Я сказаў, што трэба ў бальніцу, такі парадак. Ён адмахнуўся, сказаў: «Ёсць справы важнейшыя. А ты, шэф, каці адсюль, а то бяды нажывеш. А я цэлы, нішто. Пратру акуляры і буду ў норме». Ён, — Кучаронак не мог назваць журналіста па прозвішчу, — дастаў з кішэні насавічок і зноў загаварыў. Як цяпер думаю, напэўна, быў ён не ў сабе, бо пераскокваў з аднаго на другое…

— Запомнілі?

Кучаронак доўга думаў. Паспрабуй успомні праз некалькі дзён словы, на якія і тады не вельмі звяртаў увагу.

— Вось… Здаецца… «Шкельца, каб яго, трэснула, нічога, адным вокам усё ўбачу», «каці, шэф, адсюль, каці», «прыйдзе, не прыйдзе»… А потым я паехаў…

— Таму што Рамейка настойваў? — Корзун не хацеў змірыцца, што шафёр, хаця і больш падрабязна, але, па сутнасці, паўтарае сказанае раней.

— А што я мог зрабіць? Упёрся, і ўсё. «Галава ты, два вухі,— кажа, — у мяне тут спатканне». Я і падумаў, калі яму пагоршае, будзе каму памагчы. Хто ж ведаў…

У Корзуна бровы палезлі на лоб. Значыцца, нехта павінен быў прыйсці! Хто? Ці не Абабурка? Гэта ўжо быў след, няпэўны, але след. Усхваляваны, ён, аднак, не забыўся на Кучаронка.

— Вы раней калі-небудзь сустракаліся з Рамейкам? І агульных знаёмых у вас няма? Ну, дзякую, Восіп Антонавіч!

Пратасеня, аднак, быў менш аптымістычны.

— Што Кучаронак пра пачатак драмы не хлусіў, я не сумняваўся. Але ў ёй быў і канец. Чаму абавязкова твой фермер павінен мець да яго дачыненне?

— Версія, Аркадзь Міхайлавіч, версія! У яго былі падставы жадаць, каб Рамейка не даў ходу пісьму.

— Або дожджык, або снег, або будзе, або не!

— Ну, Рамейка меўся з некім пабачыцца. Спадзяюся, тут вы не маеце пярэчанняў? На маю думку, з Абабуркам. Дакажыце, што не.

— Нагаварыліся ў калгасе, калі не дагаварылі — дык у аўтобусе маглі, разам ехалі,— Пратасеня, як дасціпны апанент, аспрэчваў Корзунавы довады. — Зрэшты, магло здарыцца, што Рамейка не дачакаўся таго чалавека.

— Значыць, не Кучаронак зацягнуў яго на пераезд, хоць з гэтым вы згодны?

— Як дапушчэнне, не болей. У гарачцы Рамейка, дрэнна разумеючы, што робіць, паплёўся куды вочы глядзяць.

— Вочы… Вочы… — Корзун машынальна паўтарыў за пракурорам. Ён не крыўдаваў. Бо менавіта так яны з розных бакоў павінны былі прыйсці да ісціны. — Ведаеце, Аркадзь Міхайлавіч, Рамейка, як падаў, разбіў акуляры.

— Аслеплы і папёрся не ў той бок.

— Не, ён у Лясным не першы раз, і гасцініца блізка. Так што прыйдзецца праверыць, што б вы ні казалі, дзе быў Абабурка ў той вечар.

— Твая версія — твой клопат, — усміхнуўся Пратасеня.

— Дакажу, пабачыце, дакажу, — закрануты недаверам, запальчыва сказаў Корзун.

Вільготны вецер — зменлівая зіма пасля марозу абярнулася адлігай — хутка астудзіў Корзунаву гарачнасць. Падыходзячы да мясакамбіната, Корзун ужо разважаў спакойна, няспешна. Ён бачыў, што яго перакананне грунтуецца больш на інтуіцыі, чым на фактах. Гэта, вядома, дрэнна. Аднак пагадзіцца з пракурорам усё роўна не хацеў. Надта ўсё сыходзілася вакол зялёнаборскага заатэхніка, якому, напэўна, трэба было выйграць час, і таму ён не выпускаў з-пад нагляду журналіста. Паехаў у Лясное, хаця здаць жывёлу на камбінат мог і хто другі, прызначыў спатканне Рамейку, паабяцаўшы прадставіць нейкія новыя факты, растлумачыць што-небудзь. Рамейка, чалавек даверлівы, клюнуў на гэта. А паколькі ўдзень быў заняты, згадзіўся сустрэцца ўвечары. Ён наогул, здаецца, не вельмі верыў у злачынства як такое, інакш бы не пытаўся ў Святланы са здзіўленнем: «Адкуль бяруцца жулікі?» Вядома, Абабурка пры ўсёй сваёй хапужнасці не забойца, яму гэта і ў галаву не прыходзіла, проста спадзяваўся выйграць час. Дапамог выпадак, а тады не ўтрымаўся, каб назаўсёды не пазбавіцца ад небяспечнага сведкі. Так махінатар ператварыўся ў бандыта. Фінал лагічны, падобных прыкладаў крыміналістыка налічвае нямала. І тут Корзун зноў злавіў сябе, што думае пра здарэнне як ужо даказанае. Ці не забягае ён наперад? Віну Абабуркі яшчэ трэба даказваць і даказваць. Усё нібы збягаецца, так, а ў руках — пуста.