На мясакамбінаце Корзун зайшоў да галоўнага інжынера. Было вядома, што з ім гутарыў у той трагічны для сябе дзень Рамейка. З-за стала насустрач Корзуну падняўся немалады, таўставаты мужчына з пачырванелымі вачамі і шэрым тварам.
— Малевіч, — назваў ён сябе, потым, як скардзячыся, усміхнуўся: — Лінія села, цэлую ноч правазіліся.
— Бывае, — неазначальна прамовіў Корзун і ўзлаваўся на сябе, што не знайшоў цяплейшых слоў чалавеку, які, можа, і не спаў яшчэ сёння. А ў грудзях варухнулася зайздрасць, што вось ёсць людзі, якія робяць нешта пэўнае, што можна змераць, ацаніць, узважыць, нарэшце, у тых цэнтнерах або тонах мяса, каўбасы, што будуць выпушчаны на адрамантаванай лініі. Ніякавата сказаў: — Я журналістам займаюся. Які загінуў. Чулі?
— А як жа. Былі ў мяне супрацоўнікі міліцыі. Заходзіў Рамейка, заходзіў.
— Інфармацыю браў? — Корзун не ведаў, пра што пытацца. Такое з ім бывала. І раней, як вучыўся ва універсітэце, і пазней, калі стаў працаваць у крымінальным вышуку. Апануе з раніцы вяласць, і тады ніяк не прымусіць сябе на патрэбным засяродзіцца. Нават таварышы заўважалі гэта. У час экзаменаў жартавалі: «На тваім чале, Алесь, напісана двойка». Двоек, праўда, не бывала, а тройкі здараліся. Падобна, і сёння ён вышэй чым на тройку не выцягне.
— Так, запісаў асноўныя паказчыкі. Яны ў нас, бадай, сёлета будуць ці не лепшыя ў вобласці.
— І ўсё? — здзівіўся Корзун. Ён лічыў, што журналіст, як і следчы, павінен цікавіцца не толькі фактам, а і яго асновай, сутнасцю.
— Нашы лічбы верныя, — не зразумеў яго Малевіч, — праверкі не патрабуюць.
— Я не пра гэта, — паспяшаўся растлумачыць Корзун. — Мне здаецца, голыя лічбы можна ўзяць і па тэлефоне. А калі прыехаў на прадпрыемства, то скарыстай выпадак, зазірні глыбей. На тое ты і карэспандэнт, — сказаў і збянтэжыўся, ці не занадта павучальна?
— Слушна, — інжынер з цікавасцю паглядзеў на Корзуна.
А той раптам заўважыў, што ўсё-такі ўхапіў нітку размовы за кончык. Цяпер трэба толькі асцярожна цягнуць, каб не парвалася.
— То ён, можа, яшчэ чым цікавіўся?
— Гм… Хіба для прыліку…
— Чаму вам паказалася?
— Калі чалавек хавае блакнот, гэта азначае, што ўсё патрэбнае ён ужо запісаў.
Корзун усміхнуўся: следчы таксама не заўсёды гутарыць з алоўкам у руках. Прыглушыўшы ўсмешку, спытаў:
— А пра што гаварылі без блакнота?
— Хіба прыпомніш… Так сабе. Пра пагоду. Потым, ці вытрымліваецца графік здачы жывёлы… Якія гаспадаркі і колькі прывезлі на той дзень свіней…
— І што вы адказалі?
— У мяне на стале даведка. Паказаў, і ўсё. Корзун пакруціў даведку. Не было ў ёй нічога, на чым магло спыніцца вока. Гэта яго. А Рамейкава?
— Рамейка да каго-небудзь з вашых заходзіў?
— У бухгалтэрыю. Але чаго, я не пытаўся. Ды і ў ажуры ўсё ў нас.
— Добра хадзіць у перадавіках, — пажартаваў Корзун. — Ні рэвізор, ні газетчык не страшныя.
— Дзеля таго і стараемся, — падтрымаў жарт галоўны інжынер.
Корзун развітаўся і пайшоў у бухгалтэрыю.
Дзяўчаты, якія сядзелі ў пярэднім пакоі, у момант адсунулі лічыльныя машынкі і з цікавасцю ўставіліся на Корзуна. Яму падумалася, што ў іх жыцці інспектар крымінальнага вышуку быў даволі рэдкай з'явай.
— Памажыце, падружкі,— Корзун зняў шапку, сеў ля дзвярэй, каб бачыць усіх дзяўчат адразу. — Да вас заходзіў карэспандэнт Рамейка, ну, той, які загінуў. Пра што ён пытаўся?
— Гэта вам Валя скажа, — дружна паказалі дзяўчаты на сваю худзенькую, строгую з выгляду сяброўку. Начапіць ёй на нос акуляры — будзе гатовы партрэт рахунковага работніка, якім мы сабе яго звычайна ўяўляем.
— Як, Валя? — Корзун са стулам падсунуўся да яе стала.
— Падумаю, — адказала Валя.
З сумежнага пакоя, на дзвярах якога вісела шкляная шыльда з надпісам: «Старшы бухгалтар», выглянула сярдзітая жанчына. Сурова агледзела падначаленых і адчытала:
— Балаболкі! Вам абы языкамі паматляць. А ў таварыша інспектара, можа, важная справа. Так, таварыш інспектар? — Па ўсім відаць, ёй хацелася самой пагаварыць.
Корзун да яе яшчэ не заходзіў. Але нейкім чынам яна ўжо ведала, хто ён. Няйначай, падслухала, калі прадстаўляўся. Трэба было выпраўляць становішча, а то яшчэ гэта надта сур'ёзнае начальства пакрыўдзіцца.
— Калі дазволіце, я з вашымі дзяўчатамі спачатку пагутару, — сказаў ён.
— Калі ласка, — памякчэла старшы бухгалтар. Аднак дзверы за сабой не зачыніла — жаночая цікаўнасць была вышэй за гордасць адміністратара.
— Дзякую, — прамовіў услед Корзун і павярнуўся да Валі.
— Слухаю, — суха адказала дзяўчына і раптам, кінуўшы хуткі позірк на адчыненыя дзверы, гмыкнула, нібы падавілася смехам.
Корзун па-змоўніцку падміргнуў, але тут жа нахмурыўся з сваёй вольнасці — нагода, што прывяла яго сюды, была не з вясёлых.
— Хачу даведацца, як загінуў карэспандэнт, вось і хаджу па ягоных слядах.
— Хіба яго не Кучаронак забіў? — зноў выглянула з свайго кабінета старшы бухгалтар. У раённых цэнтрах заўсёды ўсе ўсё ведаюць. А гэта кабета, падобна, не любіла, каб навіны праходзілі міма яе.
— Ведаеце, — супакоіў Корзун, — наша міліцэйская справа, што ваша бухгалтарская. Пакуль апошнюю клетачку не запоўніш, справаздачу не здасі — не прымуць.
— Як жа, як жа, — згодна заківала яна галавой, нібы нешта зразумела. І вярнулася на месца.
— Карэспандэнт папытаў, ці часта гаспадаркі парушаюць узгоднены графік здачы жывёлы, чым гэта выклікана, — дзяўчына была памятлівая. Напэўна, праца з лічбамі прывучыла да такой дакладнасці.— Паглядзеў рахунак яснагорскага калгаса «Зялёны Бор». У той дзень адтуль без чаргі свіней прывезлі.
— Прынялі?
— Не хацелі, да дырэктара дайшло. Загадаў прыняць.
— Што ты, мілачка, — умяшалася бухгалтар з свайго пакоя. — З «Зялёным Борам» у нас ніколі не бывае канфліктаў.
Валя так паглядзела ў яе бок, што Корзуну здалося, быццам дзяўчына зараз язык высуне.
— У такіх выпадках, напэўна, сам заатэхнік прыбывае? — Корзун пачаў нешта разумець.
— Як кожны дбайны гаспадар, — перабіла старшы бухгалтар, і ў яе голасе загучалі павучальныя ноткі.
— З цукеркамі? — наіўна закончыў пытанне Корзун.
Дзяўчаты захіхікалі, а дзверы ў сумежны пакой сярдзіта ляпнулі, не пакінуўшы нават шчылінкі.
— Пра што яшчэ цікавіўся журналіст? — нібы нічога не адбылося, спытаў Корзун.
— Ці могуць калгаснікі прадаваць дзяржаве асабістую жывёлу праз калгас.
— Што вы адказалі?
— Што толькі пасля адкорму ў гаспадарцы, хаця, вядома, парушэнні бываюць. Купяць — і адразу вязуць, а пішуць, што гадавалі.
— І ўсё?
— Здаецца… А-а, карэспандэнт яшчэ пытаўся, ці прымаем мы жывёлу ад нарыхтоўшчыкаў і прыватных асоб. Вядома, не.
— Я здаволены, — падзякаваў Корзун і на развітанне, кіўнуўшы галавой на белую шыльду з вялікімі чорнымі літарамі, усміхнуўся: — Будзе вам.