Кунцэвіч быццам не прыдаў значэння пытанню. Але Корзуну здалося, што ён нібы падабраўся, напяўся.
— І ў той вечар, як загінуў журналіст, ён у вас начаваў?
— Як вам сказаць, — Кунцэвіч задумаўся.
— Як было, так і скажыце, — Пратасеня склаў папкі, засунуў іх у шуфлядку, падкрэсліваючы, што істотнага значэння пытанню не надае.
— Вярнуўся пазнавата, можа, пад раніцу — я на гадзіннік не глядзеў,— кінуў позірк на Корзуна, — справа маладая…
— У Абабуркі тут нявеста, — Корзун забаяўся, што нарыхтоўшчык здагадаецца пра іх другую цікавасць да заатэхніка, і паспяшаўся прыпыніць размову.
— Тады канешне, — згадзіўся Пратасеня. — Дзякую, таварыш Кунцэвіч, спадзяюся, да канца следства больш вас не патурбуем.
— Цяпер бачыш, — сказаў Пратасеня Корзуну, калі нарыхтоўшчык пайшоў,— твой Абабурка ніякага дачынення да справы не мае.
— Можа, наадварот? — захваляваўся Корзун. — Нявесту я наўмысля прыплёў. Не начаваў ён у гэтай дзяўчыны. Не такая яна. З Рамейкам быў Абабурка, з ім!
— Не ведаеш ты жанчын, інспектар, — паляпаў яго па плячы Пратасеня. — Ну-ну, не бычся. Высвятляй, калі хочаш, ці ёсць у Абабуркі алібі. Баюся толькі, на чужы ложак натрапіш.
Як у ваду глядзеў пракурор, хаця пра ложак і загнуў…
XII
Следчы выказаў Абабурку даволі сур'ёзныя абвінавачанні. Прыпіскі, нядбайнасць, якая прывяла да паморку жывёлы, наўмысля заблытаны ўлік. Пра Вадвянскую ферму ён пакуль не ўспомніў. Так прапанаваў Корзун, каб дачасна не насцеражыць заатэхніка. Хай думае, што гібель карэспандэнта з ім ніяк не звязваюць. Толькі папрасіў адзін з першых допытаў даручыць яму. Корзуну вельмі не хацелася б яшчэ раз сустракацца, размаўляць з Абабуркам. Гэты прайдзісвет ніколі не быў яму прыемны. Тым болей зараз, калі выявіліся яго злачынствы. Аднак падазрэнне ў забойстве — толькі падазрэнне, яго трэба або пацвярджаць, або знімаць, і Корзун мусіў перасіліць сябе. Да таго ж ва ўласнай версіі ён мог разабрацца лепш за іншых.
Арышт падзейнічаў на Абабурку. Але не так, як Корзун уяўляў сабе гэта, рыхтуючыся да сустрэчы з ім. Галоўны заатэхнік «Зялёнага Бору» выглядаў больш заклапочаным, чым разгубленым. Корзун ведаў, што на першым допыце Абабурка трымаўся агрэсіўна — не пагаджаўся, спрачаўся, даводзіў сваю асабістую невінаватасць. Следчы не ўтойваў, што яго чакае. Адных прыпісак хапала, каб не хутка вярнуцца дадому. Абабурку гэта, аднак, падобна, не палохала. Нават цяпер, калі ўжо мінула некалькі дзён, за якія можна было абдумаць сваё становішча. Ва ўсякім выпадку, Абабурка трымаўся так, нібы ўсё яшчэ быў галоўным заатэхнікам вядомага калгаса, верыў у свае магчымасці, сілу.
Корзун засмуціўся. Ведаючы ўсё ці многае з таго, што натварыў Абабурка, ён у глыбіні душы чакаў ад яго іншага. Не мог, думалася, нармальны чалавек, у якога крута і далёка не лепшым чынам ламаецца жыццё, не азірнуцца, не ўзважыць сваё мінулае. Інакш кажучы, не магло ў ім не абудзіцца сумленне — хаця б у чым-небудзь пракінуцца. У Абабуркі яно, відаць, як і раней, спала. Адзінай рэакцыяй Абабуркі, калі ён увайшоў, было здзіўленне, што ў крэсле следчага сядзіць Корзун.
— Чым гэта я зацікавіў крымінальны вышук? — спытаў ён, бадзёрачыся, нібы іх сустрэча адбывалася дзе-небудзь на вуліцы пасля нядаўняга і цёплага расстання.
— Хіба ў вашых дзеяннях няма нічога крымінальнага? — Корзуну раптам стала цікава: паядынак абяцаў быць напружаным.
— Ого, «вы»!.. Значыць, масты спалены, і мне дарогі назад няма?
— Вы не адказалі на пытанне.
— Як вам сказаць… э-э… Напэўна, я павінен гаварыць «грамадзянін інспектар»? — Абабурка яўна цягнуў час, стараючыся выбраць правільную лінію ў паводзінах, з'яўленне Корзуна азадачыла яго.
— Увогуле так. Але можна і «Аляксандр Антонавіч». Спаленыя масты заўсёды наводзяць на сумны роздум.
— Следчы лічыць…
— Міхаіл Карпавіч, — Корзун усё яшчэ не губляў надзеі, што тое добрае, якое павінна быць у кожным чалавеку, возьме верх над тым злачынным, якое чамусьці з'явілася ў Абабурку. — У такіх абставінах для вас і для нас таксама зусім не ўсё роўна, што думаеце вы.
— Чыстасардэчнае прызнанне. Так, Алесь Антонавіч? — іранічна ўсміхнуўся Абабурка. — Але ў чым? Былі прыпіскі? Былі, не адмаўляю. І ўлік заблытаны быў. Але ці мы хавалі ўсё гэта? Рэвізоры вунь з першага заходу заўважылі. Гэта адно. А другое — ці для сябе мы стараліся?
Ён выбраў-такі лінію. Маўляў, не я, а мы, і ніякае мае асабістае зацікаўленасці тут няма — усё, што рабіў, было на карысць раёну, бо і прадукцыі давалі нямала, і для іншых служылі маяком. І яшчэ ў словах, паводзінах Абабуркі было спадзяванне, што тыя, каму ад яго перападалі цукеркі, кветкі і парсюкі, нарэшце, у крыўду не дадуць. Корзун падумаў, што ўсё-такі правільна не нагадалі пакуль Абабурку пра свінаферму на хутары. Нават калі ён і не забіваў Рамейку, то не пашкодзіць выкрыць яго як звычайнага ашуканца. Паказаць яму ўсю тую шкоду — і матэрыяльную, бо калгас мог даваць значна болей мяса, і маральную, бо махінацыі, якія знаходзяць падтрымку, разбэшчваюць няўстойлівых, выклікаюць расчараванне ў сумленных працаўнікоў,— што нанёс ён сваімі нібыта клопатамі пра калгас. Аднак быў і чыста следчы момант, які раіў не спяшацца раскрываць усе карты, якімі Корзун валодаў. Свінаферма на хутары, мажліва, вяла непасрэдна да Рамейкі, і тады Абабурка будзе асабліва пільны да ўсіх пытанняў, якія так ці інакш звязаны з карэспандэнтам.
— Ну, вы таксама без прыварку не заставаліся, — Корзун у тон яму іранічна пасміхнуўся. — Я не кажу аб прэміях. А пашана! Помніце, вы, думаючы, што я газетчык, запрашалі мяне прыехаць, каб паказаць ваш вопыт? Так?
— Пра нас і без вас пісалі,— Абабурка абурыўся, і Корзун не мог уцяміць, шчырае абурэнне ці найгранае. — Той, хто пісаў, не дурны быў, нешта разумеў! — Не, абурэнне было шчырае, Абабурка з усяе сілы чапляўся за свае довады.
— І Рамейка, скажаце, таксама станоўчае ўбачыў? — Момант, каб памяняць напрамак допыту, здаўся Корзуну ўдалым. Ён узняў вочы, каб праверыць, як Абабурка ўспрымае гэта даволі хітрае пытанне.
— Ён з вашай пароды, — нахмурыўся падследны. — Прычапіўся не горш за рэвізора.
— Уедлівы быў журналіст, шкада, загінуў.
— Што і казаць. Лепш бы ён нас прапісаў у газеце, чым тая Мухіна з абласнога ўпраўлення ў акце.
— Думаеце, вам лягчэй было б? — Корзун занепакоіўся. Нешта ў паводзінах Абабуркі, які не ўхіляўся ад, здавалася б, небяспечнай для яго тэмы, не ўпісвалася ў загадзя пабудаваную Корзунам схему допыту.
— А то не? У раёне адрэагавалі б, і кропка, не было б крымінальнай справы.
Пэўны рэзон у гэтым сцвярджэнні быў. Сапраўды, не на кожнае выступленне друку адгукаецца міліцыя, асабліва калі ёсць так званае рэагаванне. Але што, калі Абабурка спрытна адводзіць ад сябе Рамейку? Часу, каб прыдумаць гэты, увогуле ўдалы, ход, у яго хапала. Ліквідацыю ж фермы на Вадвянскім хутары, напэўна, пачалі не выпадкова.
— Нават так? — Корзун зрабіў выгляд, што здзіўлены такой магчымасцю. — Я думаў, што журналісты не вельмі дзеляцца планамі, збіраючыся крытыкаваць.
— І здагадацца не цяжка, калі грэх ёсць…
— Нарэшце, Міхаіл Карпавіч, — засмяяўся Корзун. — Нарэшце вы прызналі за сабой сёе-тое. Праўда, грэх — не крымінал, — ён наўмысля на час адводзіў размову ўбок, — але, спадзяюся, урэшце пагодзіцеся…
— Што гэта вас развесяліла? — Абабурка пакруціў галаву. — Мне асабіста не да смеху.
— Даруйце, правільна, радавацца нагоды няма. Менавіта вам, столькі начапіўшы на сябе.
— Вось я і кажу, — ён пачынаў злавацца, не разумеючы, да чаго хіліць інспектар. — А начапіў, як вы кажаце, не я, а вы на мяне…
— Стаміліся ад ношы? Ну то, каб даць вам перадыхнуць, — падхапіў Корзун, зноў мяняючы кірунак размовы, — успомнім што іншае, — ён зрабіў выгляд, што раздумвае. — Ну то хаця б… Як я да вас у калгас прыязджаў. Мы тады, па-мойму, не дагаварылі, нешта перашкодзіла. Справа, вядома, мінулая, але, калі не супраць, задавольце маю інспектарскую цікаўнасць.