Пытанне было пастаўлена, як кажуць, у лоб. І зноў на Абабуркавым твары не здрыгануўся ніводзін мускул.
— Пра што?
— Ускосна вы мне ўжо сказалі, што прывяло карэспандэнта ў «Зялёны Бор». Але адкуль ён даведаўся пра вашы, скажам мякка, дасягненні ў перадавым вопыце, чаму апынуўся ў Лясным?
Абабурка паціснуў плячамі, аднак адказаў:
— На нас ці не капнуў хто, цяпер не прапусцяць, толькі дай повад. А ў Лясным… Бачыў яго на мясакамбінаце, што ён там рабіў — не пытаўся.
— І ў дарозе нічога не казаў? Праўда, вы сядзелі паасобку, — Корзун спецыяльна паказаў, што тое-сёе ведае, каб Абабурка раптам не пачаў выдумляць.
— Ого! — упершыню ў Абабуркавых вачах акрамя злосці прамільгнула нешта іншае — яшчэ не страх, хутчэй насцярожанасць, ад якой да страху, аднак, ужо блізка. — Умееце вы прыбядняцца, Шэрлак Холмс.
— Няўжо? — Корзун быў здаволены: заатэхнік заўважыў пагрозу там, дзе яе хвіліну назад не было, і зараз будзе выкручвацца.
— А ўжо ж. Не сумняваюся, што вы ўвесь яго шлях аж да пераезда прасачылі.
Так, ён захваляваўся. Аднак Корзун зноў адчуў, што нечага ў яго паводзінах не хапае. Каб пазбавіцца гэтай няпэўнасці, прызнаўся:
— На жаль, не ўвесь. Ведаю, што павінен быў з кімсьці сустрэцца. А з кім — не ўстанавіў.
— Ай-яй, інспектар, — Абабурка, як забыўшы, дзе ён, ажывіўся. — Не, вы не Шэрлак Холмс, я памыліўся. Такой дробязі, а не раскусілі. Са мной павінен быў сустрэцца Рамейка, я назначыў спатканне.
— Жартуеце? — Корзун адчуў млявасць у целе, так не хлусяць вінаватыя, так на віселіцу папасці можна.
— У маім становішчы, Алесь Антонавіч? Кепскі вы псіхолаг.
— Навучуся, — легкадумна махнуў рукой Корзун. — Аднак, згадзіцеся, ваша заява даволі нечаканая. Не баіцеся?
— Чаго? — цяпер здзівіўся Абабурка. — Чалавек хацеў нешта высветліць. Прыёмных пакояў у Лясным ні ў мяне, ні ў яго не было. Чаму нельга нам пабачыцца на вуліцы ў позні час, тым болей што гэта побач з гасцініцай — яму блізка, і мне ад Кунцэвіча недалёка. — Ён зусім не тоіўся.
— Яна адбылася, — Корзун стрымліваў сябе, — сустрэча? — Ён не верыў у такую ўдачу. Два-тры пытанні, і Абабурка будзе прыпёрты да сценкі.
— Напэўна, я спазніўся. На дамоўленым месцы нікога не было: ні Рамейкі, ні машыны, якая яго збіла. — Раптам яго вочы шырока раскрыліся. — Дык…
— Што? — падаўся да яго Корзун.
Абабурка не заўважыў гэтага руху, уражаны ўласнай здагадкай:
— Няўжо шафёр закінуў мёртвага на пераезд?
Гэта ўжо было занадта. Корзун не лічыў сябе псіхолагам. Допытаў не любіў, і яны, падобна, плацілі яму ўзаемнасцю, даваліся цяжка. Не ўмеў распачынаць размову на пустым месцы, тушаваўся, сутыкаючыся з яўным нахабствам. Таму і не пайшоў пасля вучобы ў следчыя. Аднак, нават маючы малы вопыт, бачыў зараз, што Абабуркавы паводзіны натуральныя. Гэта азначала толькі адно: стройная, добра распрацаваная версія рассыпалася на вачах. І ў той жа момант нешта быццам бы ад яе заставалася, нейкая маленькая, але важная дэталь. Яна была вядомая яму і раней і, здавалася, павінна паставіць усё на сваё месца. Звязана яна з Абабуркам? Мажліва, хаця, відаць, не напрамую. Але засяродзіцца не ўдавалася. Абабуркаў калючы позірк быццам свідраваў яго, і гэта раздражняла. Думкі пераскоквалі з аднаго на другое, не клеіліся ў цэлае. Стрымана сказаў:
— Пакінем шафёра мясцоваму пракурору.
— Мая перадышка скончылася, так вас разумець? — самаўпэўненасці, нахабства Абабурку пазычаць не трэба было, сваіх хапала.
Тое, што ён не ўхіляўся ад размовы аб карэспандэнце, збівала Корзуна з толку. Каб перад ім быў спрактыкаваны злачынец, можна было б падумаць, што гэта выдатны прытворшчык, які не баіцца хадзіць па краі кручы, адводзячы тым самым падазрэнне ад сябе. Прызнаць такія якасці за Абабуркам было немагчыма. Як злодзей ён сфарміраваўся зусім нядаўна. Корзун ужо добра вывучыў і яго характар, і біяграфію. Прыпіскі — прыпіскамі, яны былі і да Абабуркі ў гэтым калгасе, а ферма на хутары праіснавала каля дваццаці месяцаў. Нішто ёй не пагражала, так што і апасенні наўрад ці ўзнікалі ў Абабуркі. Цікава, хто яму падказаў гэту ідэю з фермай? Не старшыня ж, які, падобна, і сам аб ёй не чуў. Кунцэвіч? Корзун ледзь не пляснуў сябе па лбе. Менавіта нарыхтоўшчык сцвярджаў, што ў тую злашчасную ноч вярнуўся Абабурка аж пад раніцу. Вось тая дэталька, трымайся, вучоны заатэхнік! Корзун з усмешкай зірнуў на Абабурку: калі ты не хочаш, то пойдзем табе насустрач, перадышкі не будзе. Абыякава сказаў:
— Зрэшты, засталося адно пытанне ў гэтай серыі. Дзе вы былі ў той вечар, калі загінуў Рамейка?
— У той вечар? — Абабурка, было прыкметна, разгубіўся. — Я заўсёды ў Лясным спыняюся ў Федзі… Прабачце, у Кунцэвіча. Напэўна, і тады быў…
— Напэўна ці дакладна?
— Дакладна, — а голас прагучаў няўпэўнена, хрыпла, быццам у горле раптам перасохла.
Корзун з палёгкай уздыхнуў: Абабурка папаўся.
Ён дастаў з папкі, у якой ляжала заведзеная на Абабурку справа, загадзя падрыхтаваную выпіску з паказаннямі Кунцэвіча, і прачытаў яе. А тады з націскам спытаў:
— Дык дзе вы былі?
Абабурка, напэўна, цэлую хвіліну злосна глядзеў Корзуну ў вочы, пакуль крыва не прамовіў:
— А вам не ўсё роўна?
— Як бачыце.
— Эх вы, адным словам, міліцыянер! Хіба для вас існуе мужчынскі гонар? Хіба вы ведаеце, што не на ўсякае пытанне сапраўдны мужчына мае права адказаць?
— Так, я міліцыянер і ганаруся гэтым, — Корзун нават не абурыўся, Абабурка не заслугоўваў, каб на яго крыўдзіцца. — А вы, як можна зразумець, сапраўдны мужчына? Дык вось, Міхаіл Карпавіч, каму-каму, а вам варта было б ведаць, што нават сапраўдныя мужчыны могуць і, заўважце, абавязаны ўрачу і міліцыянеру адказваць на пытанні толькі праўду. Гэта ў іх інтарэсах. Ну, а цяпер канкрэтна. Намякаеце на жанчыну?
— Не ваш клопат!
— Мой, на жаль, Міхаіл Карпавіч, — Корзун адчуў стому. — Ёсць сур'ёзныя падставы падазраваць, што гэта вы завезлі яшчэ жывога карэспандэнта на чыгуначны пераезд.
І без таго пукатыя Абабуркавы вочы, здалося, зусім выкаціліся з арбіт. Ён ашалела глядзеў на Корзуна і шырока, як выкінутая з вады на бераг рыба, адкрываў рот.
— Прыдумалі…— нарэшце выціснуў ён. — Мастакі. Ну добра, Федзька спрасонку на гадзіннік не паглядзеў. Яму што. А вы — афіцыйная асоба… — Ён адвярнуўся.
Бадай, варта было б падаць шклянку з вадой. Аднак вырашыў пачакаць, што будзе далей. Пакой для допытаў — не амбулаторыя, дзе лечаць нервы. Тым болей таму, хто толькі што назваў сябе сапраўдным мужчынам.
— Я разумею, — пачаў Корзун, — абвінавачваючы, мы павінны прадстаўляць доказы. — Ён памаўчаў, даючы магчымасць падследнаму сабрацца з духам. Допыт неспадзявана набыў востры характар. — Але я толькі сказаў, што ў нас ёсць падставы падазраваць вас. Шчыра кажу: буду рады, калі вы абвергнеце гэта сур'ёзнае падазрэнне.
Абабурка аціх і папрасіў дазволу закурыць. Упершыню за цэлую гадзіну. Усё-такі вытрымку ён меў. Толькі нечаканы паварот у допыце пазбавіў яго раўнавагі.
— Дык дзе вы былі? — паўтарыў Корзун. — Ад вашага адказу многае залежыць, Міхаіл Карпавіч. — Ён не хацеў, каб яго версія зараз жа атрымала пацвярджэнне, і адчуваў, што шчыра хоча, каб забойцы наогул не аказалася.
Абабурка выкурыў, напэўна, паўцыгарэты, перш чым, зразумеўшы, што адказваць неабходна, кінуў:
— Спытайце ў Якушавай…
Корзун пазней не здолеў сабе растлумачыць, чаму ён адразу паверыў у Абабуркава алібі. Бо званіў Святлане проста дзеля пратакола, упэўнены, што так яно і было. Пакуль давалі Лясное, пакуль нешта гаварыла Святлана, ён ліхаманкава шукаў, якім чынам закончыць допыт. Нельга было, каб Абабурка зразумеў, што яго цікавіў толькі Рамейка. Але і адысці ад Рамейкі проста так, нават калі версія лопнула, не хацелася. Надта многа было аддадзена ёй думак і часу, каб расстацца раптоўна. Паклаўшы тэлефонную трубку, папракнуў:
— Міхаіл Карпавіч, Міхаіл Карпавіч, навошта была гэта сцэна, га?
— Вы ўсё роўна не паверылі б.
— Хто ведае. Размова ж была шчырая, ва ўсякім разе, з майго боку, і ад вас чакаў шчырасці.