Выбрать главу

Алесь нічога не адказаў настаўніку. Аднак размовы не забыў. На матфак ён не паступаў, хаця мог бы — лепш за яго ў школе, пакуль ён вучыўся, задачы не рашаў ніхто. Алесь выбраў іншую прафесію, калі прыгледзецца, блізкую да матэматыкі менавіта логікай. Яна таксама патрабавала таго самага палёту думкі, пра які так у час нагадаў настаўнік. Бывае, над дэтэктыўнай загадкай трэба думаць не меней, чым над цяжкай матэматычнай задачай, прычым у адказе не лічбы, а людскі лёс.

Корзун іранічна пасміхнуўся сам сабе: так-то яно так, але ці не ў Пратасенеў гарод, паважаны інспектар абласнога ўпраўлення, кідаеш ты каменьчык? Ён, значыцца, шматгадовы вопыт і веды прымяняе механічна, бярэ вывады з паверхні, а ты, маладзён, імкнешся ўзняцца над фактам! А чым ты можаш падмацаваць сваю пазіцыю? Нічым, і гэта галоўнае…

Увайшоў Юркавец. Начальнік аддзела часта, жадаючы высветліць тое ці іншае пытанне, не выклікаў да сябе падначаленага, а сам ішоў да яго. «Дома сцены памагаюць, — любіў ён жартаваць, — то хай яны памагаюць інспектарам». Юркавец паставіў пасярод пакоя стул, каб бачыць і Корзуна і Дзюбу, сеў верхам і традыцыйна спытаў:

— Што намудрылі, светлыя галовы?

— Заканчваю план аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў,— сказаў як адрапартаваў Дзюба. Толькі што не ўскочыў з крэсла.

— Так, — маёр зірнуў на гадзіннік, — адразу пасля абеду абмяркуем.

— Усё распісаў,— у начальнікавых словах Дзюба адчуў адабрэнне, — возьмем тых дамушнікаў!

— Ну-ну, — сказаў Юркавец і звярнуўся да Корзуна: — А ты?

— Думаю…

— Мысліцель! — фыркнуў Дзюба.

Юркавец зірнуў на Дзюбу ацэньваюча, быццам бачыў упершыню, тады пасунуўся на стуле, як на кані, да Корзунавага стала.

— Даведка гатова?

— Напалавіну, пра Абабурку, а далей…

— Пратасеня дакончыць, — зноў падаў рэпліку Дзюба.

— Нарада яшчэ не пачалася, старшы лейтэнант, — крутануў галаву ў яго бок Юркавец і вярнуўся да Корзунавай даведкі. Прачытаўшы, сказаў: — Паспрабуй зацікавіць Пратасеню. Калі ты маеш злавіць не падпаручніка Кіжэ, то, мусіць, некага з яго раёна. Два дні табе, і ні гадзіны лішняй. Ці так, ці гэтак!

Корзун пачырванеў. І ад нядаўніх думак аб пракурору Ляснога, і ад катэгарычнасці начальнікавых слоў, за якімі чуўся прыхаваны папрок. Калі да гэтага ён спадзяваўся на Юркаўцову дапамогу — усё-такі ўдвух з тупіка выбірацца лягчэй, то цяпер бачыў, што разлічваць павінен толькі на сябе. Ад Пратасені ён многага не чакаў. Відаць, і начальніку аддзела гэта крутня вакол уяўнага — інакш пакуль не скажаш — забойства ўелася ў пячонкі. Ды і над ім начальства ёсць. Краем вока Корзун улавіў Дзюбаву яхідную ўсмешку і неахвотна выціснуў:

— Ёсць!..

— Ну-ну, — працягнуў сваё любімае Юркавец, паставіў на месца стул і накіраваўся да дзвярэй.

А Корзун падумаў, што ён усё роўна пойдзе па жураўля…

Збіраючыся ў дарогу, Корзун ніколі не спяшаўся. Калі яго падганялі, жартаваў:

— Аўтобус для мяне ці я для яго? Пачакае!

І сёння, зірнуўшы на гадзіннік, вырашыў, што мае некалькі лішніх хвілін, каб зрабіць яшчэ адну важную справу — наведаць Марыю Апылінскую. Крыўда на яе хутка прайшла. Зрэшты, і падстаў не было для крыўды. Хто ён дзяўчыне? Выпадковы знаёмы. Больш ні разу не прыехаў у Даманы, не адшукаў тады ў тэатры. Дык якія могуць быць прэтэнзіі? А вось цяпер не зайсці ён проста не мае права. Бо менавіта цяпер, мажліва, ёй сапраўды патрэбна падтрымка.

У інтэрнаце было ціха, пуста. Завочнікі, відаць, параз'ехаліся, а пастаянныя жыхары яшчэ не вярнуліся з канікулаў.

Вахцёрка доўга вадзіла пальцам па спісе, шукаючы Марыіна прозвішча. Па вузкай стаптанай лесвіцы Корзун падняўся на трэці паверх, прайшоў у канец калідора, разглядаючы на аднолькавых карычневых дзвярах белыя бляшанкі з сінімі нумарамі. Перад Марыіным пакоем спыніўся, пастукаў. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў яшчэ раз, мацней, потым прыхінуўся да сцяны, раздумваючы, што рабіць.

— Летуценні хоць салодкія? Корзун падняў галаву, усміхнуўся:

— Паспіш тут, не інтэрнат — а прахадны двор.

— А ўжо ж, раз'язджаемся, — Марыя апусціла на падлогу свае дзве паўнюткія гаспадарчыя сумкі.

Яна смяялася, а Корзун раптам з сумам падумаў, як правільна падмечана: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Ці не Абабуркавы ўрокі так змянілі дзяўчыну? Вясёлая, пасмялелая, нават бойкая на выгляд. Шчокі густа і не надта ўмела прыпудраны, напэўна, каб схаваць свой, натуральны румянец; вакол вачэй сінія фарбаваныя кругі. Некалі Святлана Якушава тлумачыла яму, што гэтак модна. А ён і да гэтага часу не разумеў, чаму часта дзяўчаты не берагуць тое сваё, чым іх так шчодра адарыла прырода, — натуральную прыгажосць, індывідуальнасць? Сукенку ці боты, як у сяброўкі, не надзене, а прычоску, плямы на твары — калі ласка. І не падумае, што менавіта ў гэтым яны бываюць падобныя адна на адну, як інкубатарскія кураняты.

Напэўна, ён надта прыдзірліва разглядаў яе, бо Марыя сумелася. Аднак адразу авалодала сабой.

— Вы да мяне, Саша?

— Да вас…

— Усё, — загаварыла яна, адчыняючы дзверы.

— З дыпломам? Віншую!

— Дзякую. У нас учора выпускны быў. От адсвяткавалі — жах!

— Чаму жах? — усміхнуўся Корзун. — Напэўна, наадварот.

— Не чапляйцеся да слова, — яна пасунула яму крэсла, вярнулася да дзвярэй, выглянула ў калідор. Потым не вытрымала, спытала. — Вашага сябра часам тут няма?

— Якога? — Корзун спачатку не зразумеў, пра каго яе думкі.

— Ну, майго калегі, калі хочаце, — Марыя сказала гэта з выклікам: ёй, бясспрэчна, было прыемна адчуваць сябе заатэхнікам з вышэйшай адукацыяй. — Міхаіла Карпавіча.

— А-а, — Корзун ужо і сам здагадаўся, хто дзяўчыне патрэбны, але ж не казаць ёй, дзе ён зараз.

— Абяцаў на вечары быць, грошы за яго ўнесла. А ён не прыйшоў. Як вам гэта падабаецца?

Корзун уздыхнуў: не ведаў, што больш — падабаецца яму гэта або не. Зірнуў на Марыю, хаваючы спачуванне. Была пудра, была фарба, але была і бездапаможная, праставатая дзяўчына, у якой так хутка закружылася галава. Аднак ён не папракаць яе прыйшоў сюды. Мяняючы тэму, спытаў:

— Аўтобус хутка?

— Зараз, — яна пакорпалася ў сумачцы, шукаючы білет. — Дзе ж ен? Ага, вось… Яшчэ з гадзіну маю.

— Шкада, што не ў адным кірунку едзем. А то і ў Даманах памог бы.

— Там будуць чакаць, — Марыя з сумненнем паглядзела на пузатыя сумкі, што красаваліся побач са сталом. — Падарункаў дзяўчатам набрала. Як яны там без мяне?

Марыя сказала гэта задуменна, і Корзуну раптам убачылася тая самая загадчыца фермы — простая, заклапочаная, працавітая. А на сэрцы палягчэла. Падумалася, што, урэшце, памадай карыстацца яна навучыцца, справа, відаць, не ў гэтым. Бо ў галоўным — у адносінах да працы — Марыя засталася ранейшай. Ён разумеў, што разважае, бадай, занадта прамалінейна, але ці так ужо гэта важна? Павесялелы, падхапіў важкія сумкі:

— Крануліся?

Па дарозе дзяўчына толькі адзін раз успомніла пра Абабурку. Калі Корзун спытаў, ці застанецца яна цяпер, атрымаўшы дыплом, на сваёй ферме.

— Старшыня прапаноўваў пайсці заатэхнікам-селекцыянерам, — адказала Марыя. — Пасада важная, жывёла ў калгасе ледзь не напалову беспародная. А Міхаіл Карпавіч не раіць.

— Чаму так?

— Яго зразумееш? Баламут! — Апошняе слова дзяўчына прамовіла сярдзіта.

— Проста жартаўнік, — Корзуну падумалася, што яна не можа дараваць Абабурку, які не прыйшоў на выпускны вечар.

— Гэта праўда, — нечакана спакойна пагадзілася дзяўчына. — Выдумшчык. Каб не Фёдар Сяргеевіч, ён бы немаведама што выкінуў бы. Дзіўны ён нейкі.

— Хто?

— Ды гэты дзядзька. Сядзіць, маўчыць, а часам як зыркне на Міхаіла, той і аціхне.

— Стары…

— Усё роўна непрыемны. Ён і пра вас сказаў Міхаілу: што гэта опер да нас прычапіўся? — Марыя страсянула галавой. — Ды ну яго. Не цяжка?

Сумкі былі напакаваны, як для сябе. Але Корзуну яны падаліся пушынкамі. Ён пазнаваў дзяўчыну і не пазнаваў. Аказваецца, яна ўмела назіраць, ацэньваць людзей, і Абабурка ёй не затлуміў галавы…