Выбрать главу

— Такім чынам, павінен быць нехта яшчэ, хто таксама хацеў утаіць сляды. Прызнацца, выслухаўшы цябе, прыкінуўшы зробленае мною, я ўсё роўна не магу за што-небудзь зачапіцца. Не бачу, і хоць ты плач.

— Няўжо няма нават малюпасенькіх, вось такусенькіх кончыкаў? — Корзун сціснуў вялікі і ўказальны пальцы.

— Пад мікраскопам ты збіраешся іх разглядаць, ці што? — усміхнуўся Пратасеня.

— Ёсць у мяне знаёмыя электроншчыкі, Аркадзь Міхайлавіч, што хочаш на святло боскае выцягнуць: хоць малекулу, хоць атам, — Корзун жартаваў, а сам з надзеяй глядзеў на пракурора. Надта задумлівы быў той, каб не мець нечага яшчэ, акрамя версіі, якую ён так упарта адстойваў зусім нядаўна.

— Смала…

— Што-што?

— Ну, дзядоўнік, калі табе смала незразумела. Кажу, прычапіўся ты. Нюхам чуеш, ці што?

— Ага, трэніруюся.

— Ды не строй блазна, не паверу, што з цябе весялосць прэ. Ёсць быццам бы дэталька…

— Якая? — нецярпліва выпрастаўся ў крэсле Корзун, адразу пасур'ёзнеўшы.

— Неістотная ўвогуле, на мой погляд, але…

— Не цягніце, Аркадзь Міхайлавіч! Якая?

— А ты сам што думаеш?

— А якой гадзіне вярнуўся Абабурка да Кунцэвічаў — я так і не ўстанавіў. Адзін пропуск у ланцужку. З кім ён у той дзень пасля абеду бачыўся? Пра сустрэчу яны дамовіліся з Рамейкам на мясакамбінаце… Другі пропуск.

— Усё?

— Быццам бы…

— Так-так, — Пратасеня ўважліва глядзеў на Корзуна, — наклёўваюцца тут дзве няпэўныя лініі, якія перасякаюцца ў адной кропцы. Дакладней, могуць перасекчыся. Аднак я табе не дзед-мароз, сам папрацуй. На сябе ж!

— Дык я хоць зараз!

— Зараз пойдзем да мяне вячэраць, Аляксандр Антонавіч, жонка там напякла-насмажыла, пакрыўдзіцца, калі не ацэнім. Гасцініцу табе заказалі. Так што заўтра і праверыш, праўду казаў заатэхнік, называючы час вяртання да Кунцэвічаў, ці хлусіў. Лады?

Даўно Корзуну не даводзілася дзейнічаць вось так усляпую, не ведаючы дальняга прыцэлу. Ініцыятыва ў справе, якую ён хацеў павярнуць па-свойму, нечакана была перахоплена Пратасенем. Праўда, фармальна так яно і павінна быць: пракурор ёсць пракурор, а інспектар крымінальнага вышуку — толькі інспектар, якому належыць шукаць, лавіць, знаходзіць, а не весці расследаванне. Аднак Корзун любіў, каб кожнае слова, рэпліка, паварот у размове з пачатку і да канца былі вынікам яго задумы, яго волі. А Пратасеня не сказаў, што хацеў бы атрымаць ад гэтай размовы. Ці то сам яшчэ блукаў у тумане і не хацеў другога вадзіць за сабой, ці то, дрэнна ведаючы гэтага другога, баяўся, каб не падагнаў ён факты да няпэўнай здагадкі. Як бы там ні было, Корзун мусіў падпарадкавацца, хаця ў душы быў пакрыўджаны. З Юркаўцом яны працавалі як бы на роўных.

Думка, якая прыйшла пракурору ў галаву, непакоіла Корзуна. Ён не забываў на яе і вечарам, пакуль сядзелі ў Пратасені пад апекай яго гасціннай жонкі, і пасля, калі ён прыйшоў у гасцініцу. Было б някепска не толькі здагадацца, а і крыху падыграць пракурору, адплаціць і за псіхалогію, і за душэўныя кантакты. А дзеля гэтага варта паламаць галаву.

Кунцэвічава жонка ўзімку не працавала, яна афармлялася мужавай памочніцай толькі на гарачую пару нарыхтовак — канец лета і восень. Так што ці яе, ці самога гаспадара застаць дома можна было.

Пабудаваліся Кунцэвічы на ціхай вуліцы, паралельнай цэнтральнай. Дом быў на каменным падмурку, абшаляваны жоўтай вагонкай і накрыты белай ацынкаванай бляхай. Чатырма сваімі шырокімі светлымі вокнамі ён глядзеў на палісаднік, які аддзяляў яго ад тратуара. Але і астатнія пабудовы падворышча былі не горшыя; бярвенчаты хлеў, каменны гараж. Людзі цяпер жывуць добра, будуюцца найчасцей не з апошняй капейкі і хочуць, каб жытло было прасторнае, прыгожае, утульнае. Адно толькі плот у Кунцэвічаў быў шчыльнейшы і вышэйшы за суседскія. І то, у сезон тут, напэўна, на тыдзень-другі, пакуль вывезуць, заставалася нямала нарыхтаванай гародніны і садавіны.

Па высокіх прыступках Корзун падняўся на ганак. Дзверы ў цёплыя сенцы былі прачыненыя, адтуль курыўся смачны пах прыгарэлага перасмажанага сала. Невысокая чарнявая жанчына ў зашмальцаванай ватоўцы з закасанымі рукавамі завіхалася ля газавай пліты. Убачыўшы незнаёмага, гаспадыня абцерла рукі аб крыссе ватоўкі, не надта прыветна аб'явіла:

— Мужа няма.

У яе быў моцны з хрыпінкай голас. Корзун назваў сябе і сказаў, што можа пагаварыць і з ёю.

Жанчына замітусілася, пачала запрашаць у пакоі. Непрыветнасць на твары змянілася ліслівасцю. Калі чалавек мае справу з матэрыяльнымі каштоўнасцямі і пры гэтым тое-сёе не надта законна выгадвае сабе, з супрацоўнікамі міліцыі ён стараецца на ўсякі выпадак не псаваць адносін. А што Кунцэвічы, ва ўсякім разе, муж, былі такімі, Корзун не вельмі сумняваўся. Іх дружба з Абабуркам наўрад ці была чыста духоўная, нездарма, напэўна, спрабаваў Рамейка высветліць, куды дзяваюцца свінні з вадвянскай фермы…

І знутры Кунцэвічаў дом выглядаў новым, завершаным.

Па калідоры, засцеленым дывановай дарожкай, гаспадыня правяла Корзуна ў гасціную. Тут на падлозе таксама ляжаў дыван — на ўвесь пакой, паласаты, чорна-жоўты, з нявытаптаным яшчэ ворсам. Корзун разгублена спыніўся ля дзвярэй. Як ні выціраў ногі, а пакінуў на дарожцы расталыя кропелькі.

Жанчына злавіла яго позірк, паспяшалася заспакоіць:

— Зімой снег чысты.

Але крэсла пасунула бліжэй да дзвярэй. Сама засталася стаяць, трымаючы пад модным стракатым фартушком рукі — ватоўку паспела некуды сунуць.

Корзун не меў прэтэнзій да гэтай жанчыны, у версію Абабурка — Рамейка яна ніякім чынам не ўпісвалася.

— А ў вас утульна…

Ён не надта пакрывіў душой. Гасцінны гарнітур яму сапраўды спадабаўся. Падумалася нават, Светцы такі б. Толькі, бадай, пакой яе для гэтай мэблі быў малаваты. Але і ў Кунцэвічаў чалавеку сярод канапы, серванта з падсервантнікам, стала і шасці крэслаў было цеснавата — напэўна, гаспадары тут і не жылі.

— Праўда? — Жанчына павесялела, якой гаспадыні не прыемна, калі хваляць яе густ. — Імпартны гарнітур, нямецкі.— Аднак усё-такі, як апраўдваючыся, дадала: — Мы сёлета добра зарабілі, па чатырыста рублёў за месяц выходзіла. Корзун усміхнуўся:

— Я, уласна, да вас вось чаму. Вы Абабурку ведаеце?

— Ну…

— Чатырнаццатага лютага ён у вас начаваў?

— Чатырнаццатага? — перапытала жанчына. Яна, напэўна, ведала, што Абабурку арыштавалі. Таму на ўсякі выпадак не хацела адказаць прама. — Гэта калі?

— У той вечар, як карэспандэнта машына падбіла. Муж ваш яшчэ знайшоў яго.

— А-а… У нас… А што?

— Калі ён прыйшоў?

— Мой казаў, позна, у тры гадзіны.

— А вас што, дома не было.

— Чаму? Спала.

— Позна ляглі?

— Ды не рана. У суседкі тэлевізар глядзела, — яна адчула сябе вальней — інспектаравы пытанні непасрэдна ні ёй, ні мужу не пагражалі.— Цікавы фільм, пра нашага разведчыка ў белых, трэцяя серыя.

— У вас жа свой, каляровы тэлевізар.

— Адной нудна, слова няма каму сказаць.

— А Фёдар Сяргеевіч?

— Першую і другую глядзеў. А тут не схацеў, сказаў, у складзе яму нешта трэба. У нас склад у двары. Вось я і пайшла да суседкі.

— І вы адразу пасля фільма вярнуліся?

— Пагаварылі, і вярнулася. Дванаццатая ж гадзіна…

— Абабурка быў дома? — зрэшты, у час, калі памёр Рамейка, заатэхнік знаходзіўся ў Якушавай і да той гісторыі дачынення не меў. Але Корзун, як і Пратасеня, нешта намацваў у гэтым неістотным на першы погляд факце.

— Як ён мог быць дома? — пачала жанчына і раптам як запнулася. — Мой казаў…

— Муж — мужам, а вы?.. — Корзун уважліва паглядзеў на яе і неспадзявана для сябе спытаў: — Калі распраналіся, Міхаілавы чаравікі бачылі, так?

Яна памулялася, насцярожана спадылба пазіраючы на Корзуна, — не разумела, што азначае гэта пытанне, і неахвотна выціснула: