— Ну…
Ён не паказаў выгляду, што здаволены яе адказам, спакойна кіўнуў галавой:
— Магло, вядома, быць. Чалавек, можа, на спатканне хадзіў, другія надзеў, маднейшыя, — прыцягваць увагу жанчыны да Абабуркавых чаравікаў не трэба было. Хто ведае, навошта яны спатрэбіліся Пратасеню, раптам у ягоных руках гэтыя паношаныя макраступы кладам абернуцца. — Тут Фёдар Сяргеевіч, напэўна, лепш ведае, ён жа дзверы адчыняў.
— А ўжо ж, — жанчына зноў памулялася, запытальна паглядаючы на інспектара.
— Вы хочаце нешта сказаць?
— За што яго? Такі малады, відны з сябе…
— Каго? Абабурку? Малады, але ранні. Прыпіскі, нядбайнасць. За гэта зараз строга…
Па завулку, які быў нешта хаты за тры ад Кунцэвічавай, Корзун выйшаў на галоўную пасёлкаўскую вуліцу. Злева над прыватнымі дамамі ўзвышаўся чатырохпавярховы будынак райкома і райвыканкома — мясцовы дом урада, як называлі яго ў раёне. Крыху далей стаяў Палац культуры, за ім пачыналіся гандлёва-бытавыя прадпрыемствы. Усе раённыя ўстановы імкнуліся перабрацца сюды, у новы гарадскі цэнтр. Толькі пракуратура па-ранейшаму займала ледзь не на самай ускраіне старую, мабыць, яшчэ дарэвалюцыйнай пары драўляную будыніну — доўгую, з ганкам-верандай, якая цягнулася паўз усю бакавую сценку, з мудрагеліста выразанымі ліштвамі, сям-там ужо абламанымі і пацямнелымі ад часу. Да яе Корзуну было тупаць хвілін дваццаць, і ён у думках памянуў нячыстага. Надвор'е зноў крута, па-лютаўску, памянялася. Паўднёва-заходні вецер прынёс завіруху. Мокры снег сляпіў вочы, лез за каўнер. Тут не вельмі засяродзішся на чым-небудзь, акрамя пагоды. А так хацелася ўгадаць, што меў на ўвазе Пратасеня, пасылаючы яго сюды, каб, прыйшоўшы ў пракуратуру, не кленчыць падказку, а ўразіць уласнай здагадлівасцю. Не любіў хадзіць у прыпражных.
Корзун скасабочыўся, утуліў галаву ў каўнерык свайго падбітага ветрам імпартнага дэмі, тужэй зацягнуў шалік. Што б гэтаму Пратасеню трымаць сваю кантору недзе ў процілеглым баку — ішоў бы зараз да яго, як пад парусам. А так па яго ж міласці немаведама чаго прэшся, разводзіш гамонку з надта нефацэтнай жанчынай, а тады, вяртаючыся, зайздросціш псу, якога добры гаспадар у двор не выганяе, і яшчэ спрабуеш чужыя задачкі, нібы старанны вучань, рашаць. Не абы-якія, геаметрычныя. Пра дзве лініі, якія, мажліва, перасякаюцца. Дзівак пракурор. Калі дзве, то абавязкова перасякуцца. Нават паралельныя. Гэта, здаецца, яшчэ ў мінулым стагоддзі Лабачэўскі даказаў. Так што, паважаны Аркадзь Міхайлавіч, перасекчы дзве прамыя не фокус. Калі вы такі геаметр, падкажыце, што рабіць, маючы адну лінію, ды не прамую, а крывую, якая, кажуць, ніколі да дабра не вядзе? І не проста лінію, выразную, бачную, а ў адным адрэзку пункцірам пазначаную. Дай бог, каб гэты пункцір у суцэльнік не ператварыўся. Бо тады з задняга рада, з ценю на авансцэну высунецца асоба, якой наканавана ў гэтай драме быць не статыстам, а прэм'ерам.
На ганку Корзун доўга абтрасаў сваё ўзмакрэлае і адразу пацяжэлае, нібы было зімовым, паліто. Не адважваючыся нацягнуць яго зноў, у прыёмную пракурора ўвайшоў, трымаючы паліто на выцягнутай руцэ.
— А я думала, што гэта дзед-мароз да нас, — сустрэла інспектара маладзенькая сакратарка Наташа.
— Намякаеш на падарунак? Каляды даўно мінулі, не абломіцца.
— Што ў вас за прафесія, Алесь Антонавіч? Людзі ж працуюць ужо ў лік, можа, наступнага снежня або нават студзеня — калі там каляды, забылася. А вы і лютаўскі план, мабыць, у сакавіку выканаеце, — яна была смяшлівай, вясёлай дзяўчынай.
— Нашы планы, Наталля, сакрэтныя. Сама можаш здагадацца, што ў мяне сёння на календары, — і выцягнуў з кішэні два «мішкі» — у буфетчыцы, калі снедаў, не аказалася дробязі на рэшту, замяніла цукеркамі.— Цяпер пераканалася? Вось так! Тады скажы — сам прысутнічае?
— Жывуць жа некаторыя, — дзяўчына закаціла вочы ад задавальнення, сунуўшы цэлага «мішку» ў рот. — Вы, Саша, цуд. Аднаму вам, па блату, адкрыю: паспяшайцеся, на адзінаццаць ён выклікаў аднаго, — яна зірнула ў кнігу, што раскрытай ляжала на стале, — не зусім аўтарытэтнага грамадзяніна.
Пратасеня нешта пісаў. Пачуўшы, як рыпнулі дзверы, падняў галаву, хвіліну разглядаў Корзуна, быццам хацеў угадаць, з чым ён прыйшоў, і, не ўгадаўшы, мармытнуў:
— Ну?
Корзун зарагатаў.
— Што гэта цябе развесяліла? — Пратасеня спытаў асцярожна, ведаў — Корзун умее шпільку падпусціць.
— Такімі «ну» мяне цэлую раніцу Кунцэвічава жонка за нос вадзіла.
— І сама з носам засталася?
— Як сказаць… Але, думаю, Абабурка не схлусіў. У той вечар ён адразу ад Якушавай вярнуўся да нарыхтоўшчыка. Там у яго асобны пакой, адразу з пярэдняй уваход.
— Значыць, няпраўду сказаў Кунцэвіч?
— Выходзіць…
— Ну… Цьфу ты! Што гэта азначае, па-твойму?
— Гадзіннік, відаць, сапсаваўся.
— А ты жартаўнік, інспектар, — Пратасеня задаволена ўсміхнуўся. — Як табе сядзібка?
— З размахам. Што ў хаце, што ў двары. Хоць сам падавайся ў нарыхтоўшчыкі. Па сумяшчальніцтву, ці што? Глядзіш, па пракуроравых заданнях не на сваіх дзвюх, а ў машыне ездзіў бы. І зручна, і паважна, і аўтарытэтна.
— Гараж бачыў? Гэта ён ад запаслівасці, на «Жыгулі» яшчэ чарга не падышла.
— Тады не пайду ў нарыхтоўшчыкі, мне машына зараз патрэбна, хоць які лядашчы «масквічок». Га, Аркадзь Міхайлавіч?
— Вымагальнік! — Пратасеня паківаў пальцам. — І ў каго? Самога пракурора, — ён са здавальненнем падладзіўся пад гуллівы Корзунаў тон, адчуваў, гэта не проста, за гэтым нешта ёсць. — Сапсавала цябе, Алесь Антонавіч, сапсавала кліентура. Але са мной хітрыкі не пройдуць. Я табе асоба афіцыйная. Не скажаш навошта — не дам, на тваіх дзвюх адпраўлю.
— Учора я тут з адным геаметрам гутарыў. Падсунуў ён мне пару ліній па дабраце натуры сваёй, — Корзуна панесла так, што ён не мог спыніцца. — А мне дзве не трэба, я чалавек не прагны, мне і адной хопіць. Яна і адна канкрэтна на мясцовасць кладзецца.
— Улавіў, значыцца? — у голасе Пратасені былі і захапленне і сум. — А я спадзяваўся… Дзе ж за вамі, маладымі, угонішся.
Корзуну стала няёмка, не блазнуючы ўжо, сказаў:
— Не прыбядняйцеся, Аркадзь Міхайлавіч. Каб не вы, блудзіў бы я паміж трох соснаў.
— Суцяшай… А на пенсію ўсё роўна час, — ён націснуў кнопку. Калі сакратарка заглянула ў дзверы, сказаў: — Наталля, хай Пятровіч звозіць інспектара, куды яму трэба. — Пачакаў, пакуль сакратарка зачыніць дзверы. — Паспрабую і я сам даўмецца куды. Але нешта ты не надта бадзёры на фінішы?
— Больш за ўсё, Аркадзь Міхайлавіч, мне хочацца памыліцца. Хай лепш на свеце будзе адным нягоднікам менш.
— Некалі я таксама пра такое марыў. На жаль, марна… Нашай з табой службовай увагай сумленныя людзі не карыстаюцца. А несумленныя ўсё яшчэ ёсць.
— Так, на жаль. Пастараюся не затрымлівацца. Зможаце — пачакайце.
Вярнуўся Корзун аж к канцу дня. Пратасені на месцы не было.
— У райкоме, — растлумачыла Наташа. — Неўзабаве абяцаў вярнуцца. А мне загадаў заняць вас, каб не сумавалі.
Корзун павесіў паліто, прысеў збоку да стала:
— Займай!
Ён быў узбуджаны, гаваркі, інстынктыўна хаваючы за гэтым нервовасць. Сёння ў яго быццам бы ўсё атрымлівалася: і гутарка з Кунцэвічавай жонкай, і гэта паездка… Яны дадалі карціне ўсяго два штрышкі, і яна, яшчэ надоечы невыразная, расплывістая, нават надуманая, раптам ажыла, набыла акрэсленасць: як фотакартка ў праявіцелі. Толькі гэта ўдача не прынесла Корзуну заспакаення, ён і з Наташай размаўляў неяк механічна, думаючы аб сваім…
Дзяўчына засмяялася:
— Расказаць казку?
— Толькі страшную. З ведзьмай, пеклам і абавязкова жабай-царэўнай, — ён ледзьве адключыўся ад намаляванай у думках карціны. — А заадно, — дадаў,— як ты апынулася ў гэтым кіруючым крэсле. — Яму заўсёды думалася, што сакратарка павінна быць сталая жанчына, у якой жыццё даўно ўжо выдзьмула з галавы вецер і якая разбіраецца ў людзях, многае ведае.
Бо сакратарыць — гэта не толькі на званкі бегаць, акуратна падшываць паперы, а і сустракаць наведвальнікаў, нешта вырашаць, падказваць, раіць.