Выбрать главу

— Казку вам лепш за мяне раскажа мая плямяшка, вось пазнаёмлю вас. А я… — Наташа нахмурылася, сумелася. — У нашым гарадку не разгонішся. Адно на мясакамбінаце вантробы чысціць вакансій хапае. Але вы не думайце, не за чысцінёй пагналася, мне тут сапраўды падабаецца. І Аркадзь Міхайлавіч, здаецца, не наракае, што ўзяў.

— А потым?

— Што потым? — Наташа спытала гэта сярдзіта. — Потым для мяне было, калі сюды ішла. Мроілася немаведама што. А цяпер… Робата ж не пасадзіш. Буду працаваць, і ўсё!

— Адсекла, — Корзун усміхнуўся, здаволена, шчыра. Гэта дзевятнаццацігадовая дзяўчына, відаць, нямала думае аб жыцці. Разумее Пратасеня людзей. — Ты малайчына, Наталка!

— Ведаю, ведаю, — яна прытворна ўздыхнула. — Хочаце падлашчыцца, каб без чаргі прапускала? Не выйдзе. Без «мішкі» не пушчу.

— Хабарніца ты, Наталля бацькаўна. Вось далажу пракурору, хай разбярэцца, каго прыгрэў.

— Ай-ай, Алесь Антонавіч, — Пратасеня ўвайшоў ціха і з усмешкай слухаў іх жартаўлівую пікіроўку. — А яшчэ крыміналіст. Хіба не ведаеш, што вінаваты не толькі той, хто бярэ, а і хто дае хабар! Так што, злоўлены за руку, будзь ласкавы ў пракурораў кабінет.

— Добрая ў вас памочніца, Аркадзь Міхайлавіч, — сказаў Корзун, калі яны апынуліся за дзвярыма.

— Не прымярайся, не аддам.

— Я не ў гэтым сэнсе, — збянтэжыўся Корзун.

— А падумаўшы, шкада, што не ў гэтым, — Пратасеня прыклаў далоні да кафлянай грубкі.— Зноў на мароз бярэцца. Чаму затрымаўся?

— У Пцічкавічы ездзіў…

— Гэта я здагадаўся, іншага адраса ў нас, здаецца, няма пакуль. — Ён сеў там жа ля цёплай грубкі, пацёр пальцамі патыліцу, паскардзіўся: — Солі, каб іх хвароба, ціснуць… Дык што сказаў Багук?

— Больш суседзі. А ў яго месяц, як на падворышчы нават парсюка няма. Ды ўвогуле, як высветлілася, Багук ніколі свіней не прадаваў. Сам есць.

— Зноў мана, — паківаў галавой Пратасеня.

— З аднаго боку так, з другога — не…

— Круці, але знай меру, — усміхнуўся Пратасеня. — Усё-такі перад табой пракурор.

— Па дарозе ў Пцічкавічы заскочыў у райаддзел і папрасіў навесці адну даведку. І аказалася менавіта так, як я кажу. Як напісана ў райспажыўсаюзаўскіх ведамасцях, летась Багук прадаў аж тры адкормленыя вепрукі, на дзевяцьсот рублёў. Што і засведчыў подпісам.

— Можа, і ў яго падпольная ферма, ад жонкі, напрыклад? — Пратасеня з цікаўнасцю глядзеў на Корзуна.

— Як па мне, то хопіць і Вадвянскага хутара.

— Думаеш адтуль?

— Не сумняваюся.

— Але ж Кунцэвіч падстаўляў пад удар Абабурку…

— У гэтым-то ўвесь фокус. Пачуўшы ад мяне, што я цікаўлюся яго сябрам, зразумеў: Абабурку не ўтрымацца. Галава ў яго, напрактыкаваная на махінацыях, што вылічальная машына: ураз усе магчымыя варыянты прыкінула. Вось і рашыў падкінуць нам сябра.

— Паверым — сам ён убаку, не паверым, праверым — што спрасонак не падасца, так? Перастараўся.

— Мог не старацца, усё роўна на чарзе стаяў. Толькі паскорыў падзеі. Бо хлусня пра Абабурку яшчэ магла быць выпадковай, хлусня пра Багука — гэта ўжо занадта.

— Адапрэцца і ад яе. Не па свінні, дык па подпіс ехаў. Ферму цяпер адмаўляць не рэзон, за ферму ён цяпер абедзвюма рукамі ўчэпіцца, пабачыш. Маўляў, нячысты ў вобразе яснагорскага заатэхніка папутаў. На ўсё пагодзіцца, абы карэспандэнта яму не прад'явілі. А злавіць яго нам, падобна, няма на чым. Адны падазрэнні, прычым нават не ўскосныя.

— Вобыск? — Корзуну падабалася такая гутарка. Чым болей пярэчанняў зараз, тым дакладней стане план далейшых дзеянняў. А хто і што прыдумае, зрэшты, прынцыповага значэння не мае. — Калі і было што, адчуўшы ўвагу, знішчыў. І пісьмо, і камандзіроўку, і білеты.

— Ці не занадта рашуча ты, га? Успомні Абабурку.

— Не забываю. Таму і думаю: як даказаць, што гэта ён завёз Рамейку на пераезд?

— Машыны ў яго няма, — Пратасеню спадабалася Корзунава ўпэўненасць. Ён адхінуўся ад цёплай грубкі, ускочыў на ногі — не ўмеў думаць седзячы: — Ва ўсякім разе, машыну не ўстанавілі.

— А каня? — Корзун сказаў і раптам таксама падхапіўся на ногі.— Помніце ў пратаколе: «Запрог каня і паехаў»? Гэта назаўтра зранку, а ці нельга было гэта зрабіць і ўвечары?

— Навошта ж было яму знаходзіць мёртвага карэспандэнта, навошта ў кола следства трапляць?

— Не ўседзеў, хацеў упэўніцца, што памёр Рамейка. Упэўніўся, але была ўжо раніца, маглі яго заўважыць, вось і прыйшлося шум паднімаць. Тут і Пцічкавічы з Багуком прыгадзіліся, хаця, куды ён ехаў, нікога не цікавіла тады.

Пратасеня, можа, хвіліну глядзеў на Корзуна, а тады не вытрымаў:

— Ну, інспектар, ну, галава! А я цэлы тыдзень машыну перад носам трымаў!

— Не вы адзін, Аркадзь Міхайлавіч, — заўсёды, як яго хвалілі, Корзун адчуваў няёмкасць. — Але ж і вазок пакуль не знайшлі.

— Гэта ўжо што, гэта дробязь, — Пратасеня ўхапіўся за тэлефон. Блытаючы ад хвалявання лічбы, закруціў дыск. — Зараз выклічу капітана Шабуню, можа, у яго рука на каня будзе шчаслівейшая. А вобыск можна. Зараз? — ён неяк адразу і ахвотна перадаваў ініцыятыву Корзуну.

— Кунцэвіч казаў жонцы, што заначуе на раёне. Як з'явіцца, так і мы з візітам. Тым болей што да вобыску падрыхтавацца трэба: пратаколы перачытаю, вопратку пагляджу. І яшчэ адно, Аркадзь Міхайлавіч, праўда, невядома дзе Кунцэвіча носіць, а паназіраць за ім не пашкодзіла б. Каб не надумаўся ўцячы часам.

— І аб гэтым папрашу Шабуню. Ён яго пад зямлёй знойдзе, калі возьмецца, — Пратасеня нарэшце дазваніўся да райаддзела, паспакайнеў і сціпла, нічога не тлумачачы, выклаў сваю просьбу.

XV

Корзун лічыў, што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша, бадай, наадварот — той самы чорт стараўся ўласнаручна выкідваць яго дзяцей з калыскі. Інакш кажучы, Корзуну шанцавала рэдка. Як вось і на гэты раз. Калі ўвечары развітваўся з пракурорам, справа выглядала яснай і простай, а з раніцы пачаліся непрыемнасці. Засмуціў капітан Шабуня. Сведку, які бачыў увечары чатырнаццатага лютага вазок на Кунцэвічавай вуліцы, яго супрацоўнікі знайшлі. Але, хто сядзеў у вазку і чый быў конь, сведка не разглядзеў. І патрэбы не было, і завіруха мяла. А каб і пазнаў, то хіба не мог Кунцэвіч, скажам, свежым паветрам дыхаць? Як той Рамейка, ідучы ў позні час з гасцініцы. Аднаму падабаецца на сваіх дзвюх, другому — седзячы на сене ва ўласным вазку. І хаця на Кунцэвічавай вуліцы ніхто больш каня не мае, доказ гэты толькі ўскосны, яго нават да справы не прыкладзеш пакуль. Нічога не даў і новы агляд карэспандэнтавых рэчаў: паліто цэлае, не чаплялася ні за цвік, ні за сук, нават сухой травінкі і той на ім не засталося, быццам не ў сене, а на вычышчаным дыване яго на пераезд везлі. Зрэшты, гэта ўсё ў пратаколе даўно адзначана. І эксперт, і следчы — людзі ўважлівыя, нічога не прапусцілі, Корзун мог іх і не правяраць. Яны не вінаватыя, што яму не хапае доказаў для чарговай версіі. А ў выніку паганая сітуацыя: быццам бы і ведаеш, а вымушаны рабіць выгляд, што не ведаеш.

У дрэнным настроі Корзун прыйшоў у пракуратуру. Не затрымаўся, нават словам не перакінуўся з Наташай, толькі каротка павітаўся і падаўся да Пратасені.

— Пастанову на вобыск і санкцыю на арышт я падрыхтаваў,— хмурна паведаміў Пратасеня, адсоўваючы ад сябе, нібы што брыдкае, падпісаныя афіцыйныя бланкі. І яго не радавалі гэтыя працэдуры, хаця сёння, нарэшце, справа магла закончыцца. Напэўна, і ён адчуваў, што ў іх з Корзунам не ўсё адпрацавана, што ў вывадах ёсць слабыя месцы, і гэта абяцала новыя клопаты, новыя непрыемнасці.

Корзун склаў паперы, схаваў у кішэню.

— Не звязаўся ланцужок, Аркадзь Міхайлавіч, — паскардзіўся пракурору. — Адных свіней і маем. Як бы не выслізнуў…

— Перакінь ад іх масток, ты ж умееш, — Пратасеня падбадзёрваў, а Корзун бачыў, што ён сам хвалюецца.

— Каб-то… Штосьці я ўпусціў, а што — не магу даўмецца.

Зазваніў тэлефон.

— Васіль Андрэевіч? Слухаю. Так, так. Добра. Рыхтуй групу, — Пратасеня паклаў трубку. — Даўмеўся ці не — гэта, браце Алесь Антонавіч, зараз непатрэбныя сентэнцыі. Часу ў нас не застаецца на іх. Шабуня званіў, нарыхтоўшчык едзе дадому.