Выбрать главу

— Не хапала б яшчэ, каб не даехаў!

— Нідзе дзенецца. Мясцовы ўчастковы ў спадарожнікі напрасіўся. Даставіць, як заказную бандэроль, — Пратасеня няспешна паторгаў шуфлядкі, быццам збіраўся ісці і правяраў, ці зачыніў усё. Праверыўшы шуфлядкі, наморшчыў лоб, як стараўся ўспомніць, ці не забыў што дарабіць, і тады матнуў галавой: — Галоўнае, не раскісай, Алесь. Бывае, на месцы такая ідэя раптам мільгане, што ў кабінеце за тыдзень не выдумаеш. — Ён устаў, правёў Корзуна праз прыёмную і веранду аж да ганка і жорстка, разам адкідаючы сумненні, сказаў: — Кунцэвіча адразу на допыт!

Як бывае часам зманлівы знешні выгляд. Корзуну здавалася, што імпартныя гарнітуры вызначаюць у Кунцэвічавай хаце адносіны да рэчаў наогул: нічога лішняга, строгасць густу, разборлівасць. А пачаўся вобыск, і з прыгожай трохстворкавай шафы раптам вываліўся цюк з брызентавымі плашчамі, у падсервантніку аказаўся пакунак стракатых шарсцяных хустак, са скрыні для бялізны выцягнулі некалькі пар новых кірзавых ботаў. Як па сучасным разуменні, усё гэта, калі і патрэбна, то хіба якому меліяратару на асушальным канале, а не звычайнай, нават і вялікай сям'і. Старым — не перанасіць, моладзь — не надзене. А ў Кунцэвічаў і дзяцей не было. Выходзіць, граблі пад сябе што маглі,— і тое, што траплялася ў магазінах па зніжаных цэнах, і тое, што заставалася ў іх, нарыхтоўшчыкаў, ад выдзеленага ім для сустрэчнага продажу. Нібы збіраліся пражыць не адно жыццё, а, прынамсі, два ці тры. Пацвярджалася старая ісціна: не кожны злодзей хцівец, затое кожны хцівец — можа ўкрасці. На заробленыя мазалём грошы куты непатрэбнымі рэчамі набіваць не будзеш.

Кунцэвіч спакойна пазіраў, як супрацоўнікі міліцыі асцярожна ператрасалі гэтыя залежы тавараў, якіх хапіла б на невялікі сельмаг. Нібы гэта адбывалася не ў яго, а ў чужым доме. Нават на жонку прыкрыкнуў, калі яна пачала была войкаць і галасіць, спрабуючы выклікаць спагаду ў суседзяў-панятых. Але Корзун адчуваў, што Кунцэвічаў спакой — звычайнае ўменне стрымлівацца. Колішняй самаўпэўненасці ў яго паменшала, і ён раз-пораз, не заўважаючы гэтага, выціраў рукавом кропелькі поту на высокім і гладкім лобе.

За апошнія дні Корзун не раз задумваўся аб тым, што прывяло Кунцэвіча да злачынства. Зарплату меў добрую, не кожны прафесар за ім нават угоніцца. Да таго ж такім мантачом, як Абабурка, не быў. Навошта яму крадзеныя грошы, калі і на хату, і на імпартную мэблю, і нават на машыну хапіла б сумленна заробленага? Каб зачыніць шчыльней ад чужога вока аканіцы і перабіраць употай дзесяцірублёвыя або соценныя купюры? Ёсць такія, што ствараюць з грошай ідала. Корзун і пра Кунцэвіча гэтак падумваў. Аднак зараз, пазіраючы на яго, міжволі пачынаў сумнявацца. Кунцэвіч, здавалася, не ўстрывожыўся, не пашкадаваў, калі ў схованцы пад падлогай была знойдзена жалезная скрынка, поўная пяцідзесяцірублёвак. Толькі забуркацеў на жонку:

— Казаў, дура, у ашчадкасу занясі.

І кінуў на Корзуна хуткі і, як таму здалося, насмешлівы позірк. Відаць, ён не вельмі баяўся пытання, якое, на жаль, цяпер не часта задаюць: адкуль столькі грошай?

А калі грошы Кунцэвіча не турбавалі, то што магло быць іншае? Махлююць усё-такі не з любові да самога гэтага працэсу. Махлююць, каб мець грошы, многа грошай, хаця, напэўна, ніводзін злодзей не скажа, навошта яны яму патрэбныя.

Быў жа час, калі і Кунцэвіч працаваў сумленна. Не адразу ён стаў жулікам. А як стаў? Корзуна заўсёды хвалявала гэта пытанне. Думаў: не будзе прычын, умоў для крадзяжу, не будзе і зладзеяў. Бо, напэўна, некалі выпадкова (ці не) прыліпла нешта да Кунцэвічавых рук. Што красці кепска — ведае кожны малы. А вырасце — глядзіш, і забыў дарослы дзядзька гэту ісціну. Спадабалася яму зарабляць не працаваўшы. Мы многія ўчынкі спрабуем вытлумачыць так званай чалавечай слабасцю, церпім тады, калі ўжо трэба ўжыць закон. Былі ж на Кунцэвіча скаргі, што аблічвае, абважвае, падманвае. І не было ні грунтоўных рэвізій, ні праверанае адважваліся кіраўнікі райспажыўсаюза пакрыўдзіць чалавека, за якім ім лёгка жылося: Кунцэвіч адзін ці не за трох нарыхтоўшчыкаў спраўляўся, забяспечваючы раёну план.

Больш дакладна, вядома, пра гісторыю Кунцэвічавага падзення, як, дарэчы, і Абабуркавага, скажуць следчы, суд. Ад Корзуна пакуль што ніхто высвятлення прычын не патрабуе, яго абавязак — лавіць злачынцаў. Аднак, ён у гэтым упэўнены, каб злавіць, трэба добра спасцігнуць сутнасць таго, каго хочаш злавіць…

А Кунцэвіч нібы знарок ставіў перад ім загадкі, не ўкладваўся ў прыдуманую схему. Ён не зварухнуўся і тады, калі з шуфляды ў серванце Шабуня дастаў старыя пісьмы, пажоўклыя квіткі, нейкія даведкі. Корзун вельмі чакаў гэтага моманту і быў расчараваны. Паперы, мажліва, мелі каштоўнасць хіба толькі для рэвізораў. Рамейкавы, калі і забраў іх Кунцэвіч, напэўна, даўно знішчыў. Інакш бы не паглядаў так абыякава-іранічна на Корзуна: улавіў-такі, хто тут самая зацікаўленая асоба.

А ў Корзуна раптам з'явілася ўпэўненасць, што ён абавязкова падловіць Кунцэвіча. На чым, як, ён яшчэ не ведаў, але гэта ўжо не мела для яго значэння.

Вобыск — ёсць вобыск. Як ні старайся, парадку ў доме пасля гэтай працэдуры не дабавіш. Корзуну тады-сяды даводзілася прысутнічаць на вобысках. Ён разумеў іх неабходнасць і нават вымушанасць, але ўсё роўна кожны раз адчуваў сябе ніякавата. Вінаваты ж найчасцей адзін, а маральны ўрон нясуць усе, хто жыве ў кватэры. Гэты выпадак, не выключана, быў не зусім тыповы: у гаспадыні носік, няйначай, пушку не абмінуў. Але падазрэнне не ўпэўненасць, і яшчэ ёсць гаспадыніна маці, якая ўсё жыццё сумленна працавала ў калгасе даяркай і толькі нядаўна, пайшоўшы на пенсію, перабралася да дачкі. Мажліва, Корзуну і не трэба было надта перажываць пра вобыскі, хай аб гэтым загадзя думаюць тыя, хто іх вымушае. Але ўсё роўна думкі, што ёсць у гэтым нешта недарэчнае, як і ў самім злачынстве, пазбавіцца не мог, хаця і быў вобыск выкліканы злачынствам.

Нічога вартага ўвагі больш не знайшлі. Усе вынікі для Корзуна мелі, так сказаць, пабочны характар, на асноўную версію не працавалі. І ён толькі назіраў, як следчы паклікаў да сябе панятых, каб падпісалі пратакол. Кунцэвіч, які ў цёплых сенцах стаяў, увесь час прыхінуўшыся да кажуха, што вісеў на вушаку, знясілена сеў.

— Што ж, Кунцэвіч, мы возьмем вас з сабой, — папярэдзіў яго Шабуня. — Вось санкцыя.

Кунцэвіч перасмыкнуўся, паволі ўстаў, адчужана, як развітаўшыся ўжо даўно, павёў вачамі вакол сябе. Узяўся быў за кажух, але адхапіў руку, сказаў:

— Я лепш у паліто…

Кажух быў не новы, дый пры Кунцэвічавых запасах шкадаваць яго наогул не мела сэнсу, і Корзуна гэта рэакцыя крыху здзівіла. Раптам падумалася, што гэты кажух быў, бадай, адзінай рэччу, якую Шабуневы хлопцы не агледзелі. Ён працягнуў руку, каб зняць яго.

— Я сам, я сам, — паспяшаўся гаспадар. Корзун усміхнуўся:

— Спачатку я.

Ён засунуў руку ў кішэню, потым у другую. Адно рукавіцы. Цёплыя, футравыя, у такіх і сібірскія маразы не страшныя. Што ж занепакоіла Кунцэвіча? Корзун пакруціў рукавіцы. Нічога ні на іх, ні ў іх не было. Ён пачаў засоўваць рукавіцы ў кішэню і тады ўбачыў рукаў. Парваны.

— То я… За калючы дрот зачапіўся, — пачаў тлумачыць Кунцэвіч, хаця ніхто ў яго пра гэта не пытаўся.

— Хіба я спрачаюся? — Корзун задумліва пакруціў рукаў, нават на святло паглядзеў і нечакана вырашыў: — Гаспадар не хоча апранаць, дык мы як рэчавы доказ возьмем, га, капітан?

— А мне што? — паціснуў плячамі Шабуня.

— Тады запішыце ў пратакол.

Белы цень прабег па чырвоным Кунцэвічавым твары і адразу знік. У наступны момант Кунцэвіч зноў стаў абыякавым, быццам гэта не яго забірала міліцыя.

У машыне, як вярталіся з вобыску ў райаддзел, Корзун спытаў эксперта:

— Установіш, на якім дроце парваны рукаў?

— Я не маг.

— А кажуць, НТР і ў крыміналістыку прыйшла.

— Яна-то прыйшла, ды мы з табой на месцы засталіся. Ты ж пра Рамейку думаеш? Так? А дзе твая разумная галава была, як мы труп аглядалі? Чаму не папрасіў прыкус зубоў зняць?