Выбрать главу

— У кожным асобным выпадку пракурор вырашае, — адказаў Корзун. Гэта прагучала, аднак, надта казённа, і ён жартаўліва дадаў: — Асабіста я за перавыхаванне.

— Абабурку многа наканавана?

— Каб я знаў,— пасля параўнання адбіткаў ён сапраўды нічога пэўнага не мог сказаць.

— Службовы сакрэт?

— Шчыра кажу, — і падумаў, што яго таксама непакоіць, у чым вінаваты заатэхнік.

— Негрунтоўны ён нейкі,— задумліва прамовіла Святлана. — Гэта не заднім чыслом кажу, павер. Вось зараз пастаралася ўспомніць, ці ставіўся ён да чаго сур'ёзна. Усё жартачкі ды прыгаворачкі. Да мяне сватаўся, то прыйшоў і як усё роўна браму за сабой не зачыніў: каб можна было, калі адмоўлю, з добрай мінай адступіць, маўляў, пажартаваў.— Яна памаўчала. — Быў бы іншым, напэўна, пайшла б. Відны, вясёлы — што яшчэ бабе трэба?

— Кажуць яшчэ: падабенства душ… Святлана засмяялася — сумна, стрымана.

— Аднойчы папрасіла: раскажы, як працуеш? «Яшчэ фельетон напішаш», — сказаў. Думала — чарговы жарт. А цяпер здаецца, што тады адзіны раз ён быў праўдзівы…

Яны падышлі да Святланінага дома.

— Зойдзем, — прапанавала дзяўчына. — Ты не павячэраў…

— Дзякую, Света, — адмовіўся Корзун. — Хопіць і таго, што ты мне сёння вельмі памагла, — заўважыўшы яе сумненне, растлумачыў крыху: — Ты сама не здагадваешся як. Сказаў бы болей, але гэта ўжо сапраўды службовы сакрэт.

Ён не хлусіў. Але каб нават Юркавец папрасіў бы зараз канкрэтызаваць гэта, наўрад ці сказаў бы больш. Проста ў яго з'явілася ўпэўненасць, што гэты вечар, няспешная шчырая размова заўтра, паслязаўтра, можа, пазней, але абавязкова дадуць яму нешта важнае.

Дзяжурная ў гасцініцы, Падабедава, чакала Корзуна.

— Вы, Саша, самы позні.

— Прабачце, Рыгораўна, можа, першы вольны вечар за тыдзень.

— Разумею, дзела маладое. А лепш не хадзіць поначы, — яна, напэўна, усё гэтыя дні жыла пад уражаннем выпадку з Рамейкам і баялася за кожнага свайго пастаяльца. — Чаю пап'еце?

— Самы вялікі кубак!

З добрым настроем заснуў Корзун. Спаў моцна, нічога не прысніў і раніцай устаў бадзёры, са свежай галавой.

Была субота, выхадны, ніякіх аператыўна-следчых мерапрыемстваў не прадбачылася, і можна было не надта спяшацца. Тым болей што сусед па пакоі паехаў, а новы яшчэ не пасяліўся. Корзун устаў, праслухаўшы радыёперадачу «Дзень добры, таварыш!», пазваніў дзяжурнаму ў райаддзел, пацікавіўся, ці не было для яго распараджэнняў — Юркавец ужо ведаў аб супадзенні адбіткаў і мог загадаць вяртацца. Не, пра яго нібы забылі.

У сваім пакоі Корзун узяў быў у рукі томік з «Новай зямлёй». Гэту паэму ён вельмі любіў, часта перачытваў, прычым неабавязкова з пачатку, а адкрываў на любой старонцы. І кожны раз яго здзіўляла і захапляла незвычайная назіральнасць паэта, уменне праз маленькія, нязначныя паасобку штрышкі і дэталі намаляваць карціну, вобраз, час. Але сёння не чыталася, не далі ўчарашнія падзеі, яны нібы вярнуліся і цяпер непакоілі, прымушалі думаць толькі пра іх.

Яшчэ надоечы здавалася, што віноўнік гібелі Рамейкі ўжо ў руках. Адзін штрышок, і Кунцэвічу не выкруціцца. Таму і задаваў яму тыя калючыя пытанні. Цяпер Пратасеня, напэўна, зробіць за іх вымову. Корзун пачухаў патыліцу. Па шчырасці, вымову ён заслужыў. Бо палез у бойку наскокам, бы зухаваты кавалерыст, хаця бачыў, што цвёрдых доказаў не мае. Паспадзяваўся на інтуіцыю, падмацаваную пэўнымі данымі. Але, як на цвярозую галаву, на жаль, ускоснымі.

Алесь падняўся з ложка, сеў на тумбачку ля акна. Насупраць будаваўся шматпавярховы дом. Сёння быў выхадны, і на будоўлі не снавалі муляры, не гудзелі машыны. І вежавы кран знерухомеў, як бацян на балоце, падпільноўваючы здабычу. Гэты кран раптам здаўся Алесю падобным на яго: абодва закансервіраваныя і абодва праз два дні павінны ажыць. Ды крану што. У панядзелак зрушыць з месца. А вось ён, Корзун, наўрад ці. Аднак, справа нават не ў гэтых двух днях, вызначаных Юркаўцом. І нават не ў яго, Корзуна, самалюбстве. За дапушчанымі, можа, памылкамі стаяў людскі лёс. І гэта прыгнятала больш за ўсё.

Праўда, Корзун пакуль не збіраўся ўзнімаць рукі. Ён лічыў, што проста часова вымушаны адступіць на зыходную пазіцыю, з якой зноў пойдзе наперад, толькі на гэты раз больш падрыхтаваным.

Дык дзе дапушчана памылка? Быў час, калі Корзун не на жарт падазраваў у забойстве Абабурку. Шукаючы доказаў яго віны, ён неспадзявана выйшаў на Кунцэвіча. Нарыхтоўшчык адразу здаўся яму больш вартым увагі. Надта розныя былі яны. Абабурка імпульсіўны, гэта так. Але ён балбатун, шаркун, як некалі трапна ацаніў яго той жа Кунцэвіч. І не адчуваецца ў ім жорсткасці, без якой на забойства не пойдзе нават адпеты злодзей. Да таго ж такое забойства не ажыццявіш раптам, яго трэба падрыхтаваць, а ў Абабуркі не было, здаецца, на гэта часу. Аднак, бадай, самае галоўнае, ён і цяпер ахвотна ўспамінае Рамейку, паводзячы пры гэтым сябе зусім натуральна.

У Кунцэвіча прычын апасацца журналіста было не меней, чым у яго хаўрусніка. І жорсткасці ў Кунцэвіча хапае. І тэхнічны бок забойства яму лягчэй забяспечыць, чым Абабурку — меў і час і транспарт. Праўда, пра нябожчыка і ён гаворыць зусім спакойна. Так што і да яго не падкапаўся б, каб не паездка ў Пцічкавічы, якая была яму непатрэбная і пра якую ён не сказаў чамусьці праўды.

І вось новы паварот. Адкуль узяўся на Рамейкавым партманеце след Абабуркавага пальца? Гэты адбітак надта сур'ёзны доказ, каб не браць яго ў разлікі. І разам з тым Корзуну ён здаваўся не надта пераканаўчым, захацеўшы, яму можна было даць тлумачэнне, якое суд, напэўна, прыме.

Нізкае сонца светлым крайчыкам бліснула з-за цаглянай кладкі недабудаванай камяніцы. У пакоі пасвятлела, стала ўтульней, цяплей. Корзун зажмурыўся і перасеў да стала, з прыкрасцю думаючы, што на вуліцы зараз вельмі добра, што можна зайсці да Светкі і выцягнуць зноў яе на прагулку або, можа, нават расстарацца на лыжы і махнуць куды-небудзь далёка-далёка. Ён уздыхнуў і ўпарта сціснуў рукамі скроні — не да прагулак.

Корзун прымусіў сябе пераключыцца з сонечнай вуліцы на Кунцэвіча з Абабуркам. Што, калі ён памыляецца, і ні адзін, ні другі да забойства дачынення не маюць? Аднак і гэта ўсё роўна трэба або даказваць, або абвяргаць фактамі. Бо над Абабуркам навіс хісткай скалой адбітак яго пальца, а над Кунцэвічам — мана з Пцічкавічамі. І наогул, можа быць і так, што яны вінаватыя абодва і ўмела блытаюць сляды. Алесь некаторы час і так, і сяк круціў гэту думку і ўрэшце адкінуў яе. Змова патрабавала яшчэ больш часу. Так што дзейнічаў хтосьці адзін. Абабурку, безумоўна, правераць яшчэ раз без яго, Корзуна. А ён тым часам возьмецца за Кунцэвіча. Некаторыя меркаванні з'явіліся.

Корзун узяў чысты ліст паперы і пачаў вычэрчваць план гарадка. У апошнія дні, як прадбачыў, што спатрэбіцца, шмат блукаў па вуліцах і ведаў, дзе і што знаходзіцца.

На Чыгуначнай Кучаронак наехаў на Рамейку, на вуліцы Навасёлаў жыве Кунцэвіч, на Падгорнай яго бачылі ў санях… Паводле Корзунавай версіі, там Кунцэвічу не было чаго рабіць: пераезд у процілеглым баку. Так што выходзіць, быццам нарыхтоўшчык не ездзіў і не вазіў туды Рамейку… Алібі? Неблагое.

Яшчэ адна пятля на Абабуркаву шыю? Няўжо нарыхтоўшчык такі хітрун, няўжо нават друга не шкадуе? Ды пра што гаворка, такія нават украдзенай разам капейкі адзін аднаму не перададуць, а тут жыццём пахне. Толькі вось Абабурка пакуль Кунцэвіча не вельмі топіць, толькі ў дробязях прызнаецца. Затое Кунцэвіч… На словах — пароўну карайце, а сам непрыкметна стараецца галоўнае на чужы карак пераваліць. Корзун ад агіды міжволі перасмыкнуў плячамі. І падумаў, што не аддасць распрацоўку сваёй версіі Пратасеню і мясцовым сышчыкам, сам давядзе яе да ладу.

— Саша, вас да тэлефона! — пастукала ў дзверы Падабедава.

«Няўжо маёр Юркавец? — падумаў Корзун. — Няўжо выклікаюць дамоў?» Адчуваючы прыкрасць, пайшоў у адміністратарскі пакой.

Званіў, аднак, Пратасеня, і ў Корзуна адлягло на сэрцы.

— Нудзішся? — пытаў ён. — То давай да мяне.

— Сёння выхадны, — весела загаварыў Корзун, — маю я права на адпачынак, маю?