— Я цябе, можа, на бліны клічу, для выхаднога самы раз.
— Люблю бліны, з салам, маслам, смятанай і без яе, — плёў Корзун у трубку, чакаючы, калі Падабедава зачыніць за сабой дзверы. — Аркадзь Міхайлавіч, я сёння якраз успомніў, што я аператыўнік, а не следчы. Не, ад бліноў не адмаўляюся. Што вы, хто іх для мяне яшчэ напячэ? Але спачатку папрацую.
Падгорная вуліца была недалёка ад гасцініцы. Корзун дайшоў да яе хвілін за дзесяць. Старыя драўляныя хаты з маленькімі вокнамі — такіх цяпер ніхто не робіць; кантора гаргазу — арганізацыя новая, яшчэ не паспела адбудавацца па-сучаснаму; пустэча з рэшткамі цаглянага падмурка — відаць, будыніну ці разбурылі, ці перавезлі на другую сядзібу, і побач некалькі замкнёных хлявоў.
Вуліца як вуліца. Корзун прайшоўся з канца ў канец і выйшаў на невялікую заасфальтаваную плошчу, спыніўся перад будынкам з бетону і шкла. Чорная шыльда горда абвяшчала залатымі літарамі: «Спартыўны комплекс». А трохі ніжэй было пазначана, калі працуе басейн, гімнастычная зала, валейбольная…
Корзуну ўспомніўся свой гарадок. Тады яны, вучні, фізкультурай маглі займацца толькі ў цеснай школьнай зале, а пра басейн нават не марылі. А цяпер у звычайным раённым цэнтры — спартыўны комплекс! Хутка бяжыць час, але яшчэ хутчэй мяняецца аблічча гарадоў і пасёлкаў. Ён пастаяў, пачытаў афішы, якія паведамлялі аб спаборніцтвах, і павярнуў назад. Быў час ісці да Пратасені. Але яшчэ раней трэба было завярнуць у райаддзел. Сякія-такія думкі з'явіліся, іх неабходна праверыць. Тым болей што дзяжурыў сёння сам начальнік аддзялення крымінальнага вышуку капітан Шабуня.
— Здаволены? — сустрэў ён Корзуна. Лічыў, што цяпер справа, нарэшце, закончыцца.
— Прагрэс рухаюць скептыкі, капітан, — адказаў Корзун, — так што пазбягай заспакоенасці. А каб ты не заснуў у шапку, вось табе заданне: знайдзі зацятага аматара спорту. Хай паводзіць мяне па гарадку. Гадзіны праз дзве.
Шабуня паціснуў плячамі. І таму ўвесь яго выгляд нібы казаў: табе так хочацца — дастаўлю, і не толькі аматара спорту, а спатрэбіцца — і музыканта, і шаўца з краўцом, і наогул, каго хочаш. Корзун пасміхнуўся, падумаўшы, што капітан няйначай цяпер будзе ламаць галаву, стараючыся даўмецца, якая такая патрэба ўзнікла ў інспектара абласнога ўпраўлення. Бо ён сам, Корзун, не супакоіўся б, пакуль не адгадаў бы ў падобным выпадку чужую задуму. Здарэнне ж адбылося ў Лясным, следства працягвалася, і начальніку крымінальнага выпуску не павінна быць абыякава, як і чым яно скончыцца.
XVII
Пра што думаў Шабуня гэтыя дзве гадзіны, пакуль яго не было, Корзун так і не даведаўся. Аднак, калі ён прыйшоў у аддзел, у капітана сядзеў белабрысы цыбаты хлопец у караткаватым дэмісезонным паліто і тупаносых чорных чаравіках на тоўстай белай падэшве.
«Як піць даць музыкант», — мільганула ў Корзунавай галаве. Ды, зрэшты, для яго задумы гэта істотнага значэння не мела — абы добрым гідам быў.
Напэўна, нейкая нездаволенасць усё-такі адбілася на Алесевым твары, бо цяпер пасміхнуўся ўжо гаспадар кабінета і падкрэслена раўнадушна адрэкамендаваў модніка:
— Выступае за зборную вобласці, баскетбаліст.
— А ўжо ж, росту хапае, — Корзун больш прыязна паглядзеў на хлопца.
А той ускочыў з крэсла, выцягнуўся па стойцы «смірна», стаўшы яшчэ нібы даўжэйшым, і назваўся:
— Малодшы лейтэнант Наркевіч…
— З майго аддзялення, — задаволена дадаў Шабуня і ўдакладніў: — Мясцовы, у курсе справы.
— От, гэта добра, капітан, — узрадаваўся Корзун. — Дзякую. — І да хлопца: — Як тваё імя, малодшы лейтэнант? Мікола? Дык вось, Мікола, пашукаем зацятых валейбольных балельшчыкаў.
— Усіх? — разгубіўся Наркевіч.
— Яно не пашкодзіла б, аднак пакуль з нас, спадзяюся, хопіць тых, што жывуць на поўнач ад спартыўнага комплексу.
— Геаграфія… — заклапочана паматаў галавой Шабуня. — Мне б з вамі… На заўтра нельга адкласці?
— Баюся, на мяне ўжо данос у пракурора ляжыць, — адказаў Корзун, — мушу спяшацца, — і павярнуўся да малодшага лейтэнанта.
Наркевіч адступіў на крок убок, прапускаючы Алеся ў дзверы.
На вуліцы спыніліся.
Ярка свяціла сонца. Прамерзлы белы снег пад яго промнямі зіхацеў рознакаляровымі вясёлкамі, пявуча рыпеў пад нагамі. Корзуну зноў падумалася, што ў такі суботні дзень не сведкаў шукаць бы, а на лыжах па наваколлі гойсаць, і ўздыхнуў.
— Вы не турбуйцеся, Алесь Антонавіч, к вечару ўсіх выявім, наш гарадок невялікі.
— Я не пра тое, Мікола, — прызнаўся Корзун. — За нашай працай часам забываеш, што ты не толькі дэтэктыў, а і звычайны чалавек, якому хочацца адпачыць, з сябрамі пра жыццё-быццё паразважаць.
— Ну, забойствы не кожны дзень бываюць, — разважліва прамовіў Наркевіч.
— І то верна, — пагадзіўся Корзун. Не яму было расчароўваць гэтага хлопца, які толькі пачынаў службу ў міліцыі і якому яшчэ ўсё бачылася ў асаблівым святле, нагадваць, што, акрамя забойстваў, ёсць нямала іншых сур'ёзных злачынстваў і яны таксама патрабуюць часу. Некалі і ён, Корзун, быў такі. Тады яму кожнае дзяжурства ў выхадны дзень здавалася святам, ён нават ганарыўся, што нясе вахту, калі іншыя супрацоўнікі адпачываюць. Зараз ён святочнымі дзяжурствамі не ганарыўся, зараз ён прымаў іх як звычайную службовую неабходнасць, хаця ў душы было і зайздросціў тым, хто можа вольна распараджацца сваім часам. Аднак, каб яму давялося выбіраць службу спачатку, ён усё роўна пайшоў бы ў крымінальны вышук. З усімі клопатамі, нягодамі і да таго падобнымі праявамі, якімі характарызуецца гэта служба. Толькі цяпер у яго поглядзе на яе было зусім мала колішняй рамантыкі — яна саступіла месца цвярозаму разуменню сутнасці салдата міліцыі. Алесь зірнуў на суровы твар Наркевіча і сказаў: — Не будзем бядаваць, дружа, можа яшчэ пашчасціць, то мы тады і прагулку ў лес арганізуем.
Яны няспешна пакрочылі ў бок цэнтра гарадка. Калі апынуліся на ціхай бязлюднай вуліцы, Корзун спытаў:
— Табе задача ясная?
— Збольшага…
Сам Корзун не любіў, выконваючы даручэнне, дзейнічаць, як кажуць, з завязанымі вачамі, не ведаючы добра сутнасці задання. І рашыў растлумачыць сваю задуму таварышу:
— Прыкладна ў той час, калі скончыўся валейбольны матч, на Падгорнай або на бліжэйшых да комплексу вуліцах мог быць чалавек у вазку ці без вазка, пеша, адзін, удвух, з кампаніяй… Разыходзячыся, балельшчыкі маглі яго або іх бачыць. Нам важна ўстанавіць, ці бачылі, калі бачылі, то каго, ну і, вядома, больш-менш дакладна час. Зразумела?
— Так…
— Бачу, не зусім, — пасміхнуўся Алесь. — Справа ў тым, што я маю вялікае падазрэнне супраць нарыхтоўшчыка Кунцэвіча. Нават амаль упэўнены, што ён тут быў і што яго знаходжанне тут неяк звязана са смерцю журналіста Рамейкі.
— Але адбітак…
— Нягледзячы на адбітак! — жорстка сказаў Корзун. — У той вечар вельмі падобнага на Кунцэвіча чалавека бачылі на Падгорнай, ехаў на кані. Што яму там было рабіць?
— Пыталіся, мабыць, у яго?
— Паспрабаваў. Цяпер скаргі чакаю. Ды гэта дробязь. Абы мы каго-небудзь знайшлі.
— На Падгорнай райспажыўсаюзаўскія склады, заявіць, што па справе прыязджаў.
— Вось я і хачу пераканацца, што гэта так. Раптам людзі бачылі, як заходзіў, як выходзіў са склада.
— Інакш кажучы, калі Кунцэвіч увесь час быў адзін, у забойстве ён не вінаваты?
— Калі быў адзін, — упарта сказаў Корзун. Падгорная вуліца намячалася пад забудову, была з шырокімі тратуарамі, з свяцільнікамі на слупах. Сустрэчнага тут разгледзець можна было і ў начную завею, і на гэта Корзун вельмі разлічваў. Жыхароў вуліцы Шабуневы хлопцы апыталі, так што іх шлях можна было не паўтараць. Тым болей што, як сцвярджаў Наркевіч, вядомыя яму балельшчыкі тут не жылі. І Корзун павярнуў на паралельную вуліцу.
Наркевіч добра ведаў свой горад, яго жыхароў. Яны з Корзунам абышлі не адзін дом, папыталі многіх хлопцаў і дзяўчат. Аднак вынік пакуль што быў не той, якога чакалі. Ніхто дакладна не сказаў, сустрэўся яму хто на вуліцы ці не. Відаць, не да таго было: надта гарачы матч выйграла любімая каманда, каб сапраўдны балельшчык помніў пра што-небудзь іншае. Наркевіч задумаўся. Корзун цярпліва чакаў яго рашэння, радуючыся, што раскрыў перад ім сваю ідэю. Цяпер Наркевіч не проста праважаты, ён актыўны ўдзельнік пошукаў. І Корзун не памыліўся ў сваіх спадзяваннях.