— Ведаеце што, — нарэшце ажывіўся Мікола. — Ёсць у нашай другой школе фізрук Масальскі. Ён, па-першае, чалавек сталы, а па-другое, валейболам асабліва не захапляецца. Але на матчы быў.
— Вядзі,— згадзіўся Корзун, пазіраючы на пацямнелае неба. Паўдня яны такі прабегалі, і падобна, дарма.
Школа стаяла на пагорку і свяцілася шырокімі незанавешанымі вокнамі. Толькі што скончыліся ўрокі, і дзятва шумным патокам вырывалася з высокіх і вузкаватых для такой установы дзвярэй, імкліва расцякаючыся па спадзістых заезджаных схілах пагорка. Корзуну з Наркевічам прыйшлося доўга чакаць, пакуль ля ўвахода ў школу крыху пацішэе.
Спортзала знаходзілася на трэцім паверсе. Паднімаючыся па даволі крутой лесвіцы, Алесь з Міколам яшчэ здалёк пачулі звонкія воклічы, гулкія ўдары па мячы, прарэзлівыя свісткі судзейскай сірэны. Значыць, Масальскі быў на месцы.
Наведвальнікаў Андрэй Андрэевіч прыняў з цікавасцю: міліцыянеры ў школе бываюць не часта. Пачуўшы просьбу пагаварыць, паківаў галавой:
— Ніколі не думаў…— Аднак пра што не думаў, удакладняць не стаў. Паклікаў хлопчыка ў паласатай майцы, які сядзеў на лаўцы запасных. — Пасудзі, Вася, — працягнуў яму свісток. — Прашу вас, — запрасіў ён міліцыянераў у бакоўку.
Счакаўшы, пакуль госці ўсядуцца, спытаў:
— Дык што ў вас? Корзун адказаў:
— Матч быў чатырнаццатага, а сёння — дваццаць чацвёртае. Як бы не памыліцца.
— То быў апошні завірушны дзень, вось вам прыкмета, — падказаў Наркевіч.
Андрэй Андрэевіч прыжмурыўся, як успамінаючы, потым усміхнуўся:
— А што, прыкмета сапраўды запамінальная, у нас даўно такой завеі не было. Вось што значыць дэтэктывы, умееце накіраваць думку… — І сам спахапіўся: — Што гэта я, вас жа не зіма трывожыць. А сустрэча была. Адзін, відаць, добра падпіў, другі як не нёс яго. П'янага не ведаю. Цвярозага быццам бы недзе бачыў, але як параўняліся яны са мной, ён адвярнуўся, друга хацеў падтрымаць, ці што. Апрануты быў у светлы кажух фабрычны. Вушанка чорная, з труса. Але найбольш мне паказаліся буркі. Высокія, белыя, абшытыя карычневай скурай. Такія цяпер толькі ў кіно бачыш, калі даўніх дзеячаў паказваюць.
— Можа, яшчэ і на гадзіннік паглядзелі, як выходзілі пасля гульні? — Корзун забраў ініцыятыву ў размове ў свае рукі.
— Была палова дзесятай.
— Дакладна. Цяпер бы нам каго-небудзь, хто крыху затрымаўся ў комплексе, пасля вас ішоў, га, не падкажаце?
— Напэўна, мае вучні, яны, пакуль спартсмены з раздзявалкі не пойдуць, будуць таўчыся пад дзвярыма. Вася, Юра! — гукнуў ён у залу.
Хлопцы аказаліся кемлівымі і дружна заявілі:
— Нейкага дзядзьку бачылі, мы яго яшчэ перагналі. Не, аднаго. У белым кажуху і валёнках, такіх белых, абшытых. Можа, паляўнічыя, бо пад самыя калені.
— Вы яго раней сустракалі ў горадзе? Не? То, можа, што адметнага кінулася ў вочы, каб пазнаць можна было, сустрэўшыся.
Хлопчыкі пераглянуліся. Вася сказаў:
— Спартыўная хадзьба.
— Як гэта? — не зразумеў Корзун.
— Ну, ходзіць дзядзька, як падскоквае, — удакладніў за сябра Юра. — Трохі падобна на спартыўную хадзьбу, ёсць такі від у лёгкай атлетыцы.
— Малайчына, — Корзун ускудлачыў ягоныя густыя валасы, — запомніў, што трэба. Дзякую вам.
— У цвет? — спытаў Мікола, калі выйшлі са школы.
— Нешта ў гэтым ёсць, хаця хацелася б большага…
— Калі дазволіце, я заўтра яшчэ пабегаю, — прапанаваў Наркевіч.
Корзун згадзіўся.
XVIII
— Усё-такі разумны чалавек некалі сказаў, што панядзелак цяжкі дзень. — Пратасеня пачаў здалёк. — Ты сядзіш, зубы скаліш, а Кунцэвіч скаргу накатаў — во такую, — паказаў ён рукамі,— і яшчэ ў вобласць абяцаў пісаць. Маўляў, у прысутнасці раённага пракурора інспектар міліцыі дапытваў недазволенымі прыёмамі.
Скарга, напэўна, была яшчэ ў пятніцу, і Пратасеня ведаў аб ёй. Аднак загаварыў толькі ў панядзелак, у службовым кабінеце. Не хацеў псаваць Корзуну выхадны. Добра зрабіў, бо сёння ў Корзуна ўжо што-кольвек было, каб не толькі адбівацца ад скаргі Кунцэвіча, а і прапаноўваць нешта пазітыўнае.
— Аркадзь Міхайлавіч, — дачакаўся ён паўзы, — трое сутак не мінулі, як скарга пададзена?
— Законнік! — Пратасеня сярдзіта засоп і сеў за свой стол. — Болей нічога не прыдумаў?
— Што вы, Аркадзь Міхайлавіч! Пустую торбу не нашу. Давайце абмяркуем.
— Гляджу я на цябе, інспектар Корзун, і думаю: ёсць для цябе нейкія рамкі ці не?
— Навошта так, Аркадзь Міхайлавіч? Быццам я толькі і раблю, што крымінальна-працэсуальны кодэкс парушаю. А ў мяне і дапушчэнне ёсць, па нашай справе. Абабурка сустракаўся з журналістам у калгасе, у Якушавай, у аўтобус білет разам браў…
— Твой Абабурка не цыркач-фокуснік, каб, не трымаючы ў руках рэч, сляды пальцаў пакідаць на ёй.
— То я і кажу: мог трымаць і яшчэ потым заявіць: «Вельмі спадабаўся мне Рамейкаў партманет, папрасіў паглядзець».
— Юркавец званіў. Не заявіў Абабурка, не помніць.
— Як прыпячэ — успомніць. Пратасеня ўскіпеў:
— Тады тое будзе!
Корзуну стала крыўдна. Зноў Пратасеня хапае першае, што плыве на следчы стол. Сам загарачыўся:
— На Падгорнай засталіся некалькі райспажыўсаюзаўскіх памяшканняў. Варта агледзець.
— У Кунцэвіча меціш?
— Махлярства ён не адмаўляе. Так што падставы ёсць.
— Але гэта не твой клопат, — Пратасеня амаль адкрыта намякаў, што далей следства пойдзе без Корзуна.
— Не Кунцэвіч, дык Абабурка. А адбітак усё роўна падмацоўваць трэба, для вернасці.
Пратасеня дапытліва паглядзеў на Корзуна, пасміхнуўся:
— Ну давай, давай, развязвай сваю торбу. Корзун толькі і чакаў гэтага.
— На Падгорнай чатырнаццатага лютага а палове дзесятай вечара былі двое п'яных, дакладней, відаць, цвярозы п'янага вёў. Хвілін праз дзесяць цвярозы вяртаўся адзін, а яшчэ хвілін праз дваццаць там нехта ехаў у санях.
— Не бачу сувязі.
— Думаю, нехта, назавём яго, як у матэматыцы, іксом, бо ён пакуль нам невядомы, прывёў туды Рамейку, а потым збегаў па каня.
— Думаеш ці факты маеш? — Пратасеня зацікавіўся.
— І таго і сяго пароўну. У суботу гуляў па Падгорнай…
— Выпадкова, вядома, — падкалоў пракурор.
— Ага, перад блінамі,— адпарыраваў Корзун. — А там, на Падгорнай, — выдатны спартыўны комплекс. У ім, дарэчы, чатырнаццатага лютага — у той дзень, як загінуў Рамейка, — адбыўся валейбольны матч. Гэта я ў раённай газеце вычытаў. А яшчэ ў газеце было напісана, што гульня зацягнулася. Прыкінуў, і атрымалася, што разыходзіліся балельшчыкі прыблізна а палове дзесятай. Звярнуўся да Шабуні па дапамогу. І недарэмна. Хаця пахадзіць пахадзіў, прыйдзецца вам купляць мне новыя мадэльныя тупаносыя, не, вастраносыя туфлі…
— Не мялі,— паморшчыўся Пратасеня. — За гэтай лухтой сэнсу не відно.
— Даруйце, — прыняў папрок Корзун, — але, баюся, неўзабаве на жарты ў нас не стане часу.
— Рабацяга! — Пратасеня ўсё яшчэ злаваўся. — Можа, я цябе раней дадому адпраўлю. Тады хоць па вуліцах гуляй, хоць у кіно хадзі з валейболам.
Корзун падумаў, што і пракурор па словы ў кішэню не лазіць, аднак палічыў за лепшае прамаўчаць.
— Значыць, балельшчыкі п'яных бачылі? — ужо іншым, дзелавым тонам спытаў Пратасеня. — П'яных, вядома, не ўстанавіў?
— Як у вадзе ўтапіліся! А на рэчцы ж лёд. Чаго ім хавацца, асабліва цвярозаму?
Пратасеня доўга глядзеў у акно, быццам там мог быць адказ на гэта пытанне.
— На Падгорнай, здаецца, некалькі хлявоў,— нарэшце сказаў ён. І Корзун зразумеў, што пракурор згадзіўся з яго довадамі.— Што, усе аглядаць?
— Відаць, хопіць аднаго, які адкрыецца ключом з Кунцэвічавай звязкі,— і асцярожна паабяцаў: — Лішняга пытаць не буду.