— Нажыву я з табой непрыемнасцей, сышчык, — але гэта ўжо было толькі рэхам нядаўняй навальніцы.
Як і мінулы раз у Кунцэвічавай хаце, на новым вобыску Корзун трымаўся нібы ўбаку. Толькі скоса пазіраў на Кунцэвіча. Той быў абыякавы, раўнадушна глядзеў, як ягоным ключом адмыкаюць стары ржавы замок, як адчыняюць абабітыя бляхай рыпучыя дзверы на даўно нямазаных завесах. Рабіў выгляд, што ўсё гэта яго не цікавіць.
Корзун зазірнуў у хлеў і падумаў, што Кунцэвіч нездарма спакойны. Нічога тут для ягонай версіі няма, Кунцэвіч можа не баяцца. У гэты склад даўно ніхто не заходзіў. Ад парога і далей на падлозе ляжаў непарушаны слой пылу. Пакуль аглядалі памяшканне, Корзун стаяў на вуліцы, грэючыся цёплым, зусім вясеннім сонцам. І думаў. Двое аматараў спорту незалежна адзін ад аднаго сказалі пра тых п'яных. Двое сцвярджалі, што цвярозы, ці цверазейшы, быў у кароткім белым кажусе і белых бурках. Гэта наводзіць на Кунцэвіча. Застаецца даказаць, што ў абодвух выпадках — удвух і адзін — быў ён. Сведкі асабліва не прыглядаліся, да таго п'янейшы наогул брыў, апусціўшы галаву, а другі, сустракаючыся з прахожымі, адварочваўся, быццам менавіта ў той момант яму трэба было падтрымаць таварыша. Такім чынам, поўнай гарантыі, што гэта быў Кунцэвіч, а не Абабурка або, можа, хто іншы, няма. І ніякіх доказаў у гэтым хляве, дзе, было ў Корзуна такое спадзяванне, Кунцэвіч пакідаў непрытомнага Рамейку.
Да Корзуна падышоў Шабуня, сказаў:
— Скончылі. Пуста.
— Будзем… — Корзун хацеў сказаць, што прыйдзецца вяртацца, і спаймаў Кунцэвічаў позірк — здзеклівы і разам з тым насцярожаны, неспакойны. Падумалася: што трывожыць яго? Што? — Віктар Пятровіч, — паклікаў ён эксперта, яшчэ добра не ўяўляючы, аб чым папросіць яго. — Віктар Пятровіч… Якія дзверы з гэтых, — паказаў ён рукой на астатнія хлявы, — адчынялі нядаўна?
Эксперт павёў вачамі па замках, завалах.
— Бадай, скажу.
А праз некалькі хвілін упэўнена паказаў:
— Гэтыя.
— Чый гэта склад, Кунцэвіч? — спытаў Шабуня.
— Цяпер нічыйны, — нарыхтоўшчык адказаў не адразу. — Там нічога каштоўнага няма.
— Я ў райспажыўсаюз, — Шабуня накіраваўся да машыны. — Пачакайце, — ён улавіў Корзунаву здагадку.
— Чаго вы прычапіліся да гэтых сховішчаў старога хламу? — Кунцэвічу ўжо не стаялася спакойна, ён прыкметна занерваваўся. І хаця вобыск праводзілі іншыя, звярнуўся ўсё-такі да Корзуна.
«Вось ты і забаяўся, — падумаў Корзун, — напэўна ж, не праз махлярства. Зараз я табе тое-сёе падкіну, ды так, што новую скаргу пісаць і не захочацца». Адказаў без асаблівай зацікаўленасці:
— Чатырнаццатага лютага па вуліцы Падгорнай ішлі двое, а недзе тут як праваліліся. Вы часам не бачылі, калі на кані праязджалі? Час быццам супадае.
— Завіруха круціла, — ён не ўдакладняў, што за дзень быў чатырнаццатага лютага, помніў.
— Ну, вам завіруха нішто, вы ж свежым паветрам дыхалі.
Кунцэвіч не захацеў працягваць размову. Корзун не настойваў.
Прыехаў Шабуня, і не адзін, з незнаёмым Корзуну чалавекам.
— Кладаўшчык Бачэйка, гэта яго былы склад, — растлумачыў капітан.
— Ключ толькі ў вас? — спытаў Корзун.
— Адзін. Быў другі, але неяк яго ўзяў вось ён, — кіўнуў Бачэйка на Кунцэвіча. — Трымаў часам што.
— Адчыніце, калі ласка, — папрасіў Шабуня. Бразнула завала, прапішчалі дзверы, прапускаючы
ў прапахлы нежылым, затхлы хлеў сонечнае святло.
— Нехта сядзеў,— здзіўлена працягнуў эксперт, спыніўшыся перад лаўкай, што стаяла злева ад увахода. — Лямпу, — загадаў.— Так, так. Адна рука ў пальчатцы, другая — голая. За лаўку трымаўся. Зверху сляды сцёртыя, знізу… Ёсць! Зараз здыму. — Ён устаў, азірнуўся. — Падобна, гэты след нам скажа болей…
Сіне-белыя палосы пайшлі па Кунцэвічавым твары. Корзун занепакоіўся: раптам хопіць удар. Але нічога не сказаў, хаця пытанняў меў нямала. Выконваў абяцанне, дадзенае пракурору.
Пратасеня доўга глядзеў на пратакол, у якім былі запісаны вынікі вобыску на Падгорнай. Так доўга, што Корзуну нават здалося, быццам ён наогул забыўся і на пратакол, і на яго, інспектара абласнога крымінальнага вышуку, які прынёс яму гэты пратакол, а думае нешта сваё, далёкае ад пракуроравага кабінета. Корзун не напамінаў аб сабе, здагадваўся, як нялёгка зараз Пратасеню. Пратасеня не паддаўся новаму павароту ў расследаванні, які быў раптам узнік. Аднак толькі ці не дзякуючы яго, Корзунавай, настойлівасці? Бо быў, шчыра кажучы, гатовы паддацца. І разумець гэта, прызнаваць было не надта прыемна.
Нарэшце Пратасеня паварушыўся, пацягнуўся па тэлефонную трубку і коратка прамовіў:
— Давайце!
Кунцэвіча прывялі неўзабаве, але, пакуль яго не было, Пратасеня не сказаў ні слова Корзуну: безуважна глядзеў у акно.
Раней Кунцэвіч уваходзіў у пракурораў кабінет больш упэўнена. Яшчэ нават у пятніцу храбрыўся, спрабаваў жартаваць, кпіць з сябе. Потым пісаў скаргу, пагражаў. А зараз быў ён нейкі завялы, нібы хто ўзяў і адключыў ад яго былую энергію.
— Сядайце, — сказаў Пратасеня. — К канцу дня вы атрымаеце адказ на заяву.
— Як будзе, — асцярожна адказаў Кунцэвіч. — я не настойваю, калі ўсё будзе па закону, — і паглядзеў на Корзуна.
— Дамовіліся. А цяпер, з майго дазволу, вядома, інспектар абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Корзун высветліць з вамі некаторыя акалічнасці.
— Спадзяюся, мне не будзе поваду зноў пісаць, — крыва ўсміхнуўся Кунцэвіч, ці то пагражаў, ці то прапаноўваў дагавор.
Корзун прапусціў закід міма вушэй.
— Помніце, на чым мы перарвалі размову мінулы раз? Маеце што-небудзь сказаць? Не ведаеце, што хачу? То паслухайце, мажліва, зразумееце. На лаўцы ў Бачэйкавым складзе сядзеў, ведаеце хто? Рамейка!
— А мне што? — напружыўся Кунцэвіч.
— Вельмі падазраю, што вы яго прывялі.— Корзун чакаў выбуху, як мінулы раз. — Буду рады, шчыра кажу, калі вы абвергнеце падазрэнне.
Кунцэвіч маўчаў, марудзіў, нібы ўзважваў свае доказы і інспектаравы.
— Вы часам свой кажух каму-небудзь не пазычалі, Абабурку, напрыклад? — падкінуў Корзун матэрыялу для роздуму.
Кунцэвіч памуляўся. Відаць, яму вельмі хацелася пацвердзіць гэта і было боязна, каб пытанне не аказалася новай пасткай.
— Не, — выціснуў ён.
— Гэта праўда, — пагадзіўся Корзун. — А наконт Рамейкі? Не можаце нічога сказаць? Можа, вочную стаўку зрабіць або следчы эксперымент? Праўда, твар вы стараліся затуляць. Але буркі… Кажуць, у Лясным у такіх толькі чацвёра ходзяць… І паходка… Вельмі адметная паходка.
— Што паходка, што? — ухапіўся за апошняе слова Кунцэвіч. — Калі, як вы кажаце, чалавек п'янага вядзе, якая ў яго паходка? Зноў выдумляеце!
— Бачылі, Кунцэвіч, бачылі, як чалавек у бурках і белым кажуху ад Падгорнай ледзь не подбегам некуды спяшаўся, заўважце, адзін без таго, каго мы пакуль называем п'яным.
Кунцэвіч апусціў галаву, нават руку быў адарваў ад калена, быццам захацелася яму памацаць белыя, абшытыя карычневай скурай буркі, у якіх ён, напэўна, яшчэ зусім нядаўна адчуваў сябе відным дзеячам. І тады яго як прарвала.
— Не забіваў я, не забіваў! — Падобна, думка аб немінучай расплаце ўсё-такі ўвесь час трымцела ў ім, нягледзячы на ўпэўненасць, што не засталося ніводнага следу, што няма ніводнага сведкі. Зараз яна вырвалася крыкам і адчаем: — Вы не дакажаце!
— Спыніце істэрыку, Кунцэвіч. Калі мы памыляемся, скажыце дзе, у чым. Паўтараю, будзем толькі рады.
Кунцэвіч аціх, утаропіўся ў Корзуна. Пасля нервовай успышкі ён, напэўна, кепска кеміў, што з ім адбываецца. І раптам да яго дайшло. Ён аберуч абхапіў галаву, сіпла вымавіў:
— Не хацеў, сам не разумею, як здарылася… Корзун з сумненнем пахітаў галавой.
— Паверце, — працягваў ныць Кунцэвіч. — Не хацеў. Усё атрымалася выпадкова. Абабурка сказаў, што хоча пабачыцца з карэспандэнтам, наконт пісьма з Вадвы. Хацеў наплесці што-небудзь, каб выйграць пару дзён. Мы і так збіраліся згарнуць справу, адчулі небяспеку. У мяне на гэта нюх. Я не паверыў, што майму вучонаму заатэхніку, — вось калі нарэшце прабілася доўга хаваная нянавісць да хаўрусніка, ад якога мусіў раней цярпець залежнасць, — удасца ўладзіць пагрозу. Не ў яго характары. Прайдзісвет — гэта праўда, а слязу пусціць не ўмее…