Выбрать главу

Корзун зірнуў на Пратасеню. Той усміхнуўся ў адказ краем губ. Яшчэ не дайшло да лавы падсудных, а адзін саўдзельнік ужо гатовы паболей навесіць на другога.

— …Як ведаў. Прыходжу — Абабуркі няма. Карэспандэнт стаіць як не ў сабе. Кажа, упаў, моцна пабіўся. Думаў, што я прахожы. — Кунцэвіч спыніўся. Гарачка мінула, і ён, напэўна, цяпер прыкідваў, ці нельга зменшыць сваю віну. — Я рашыў памагчы чалавеку. Прывёў на склад, пасадзіў на лаўку і пабег вады прынесці.— Калі ён і хлусіў, то даволі праўдападобна. Вось толькі чаму ў склад павёў, у чужы, калі да свайго дома ці бальніцы было бліжэй? — Вярнуўся, а ён нежывы. І…

— У вас мільганула думка, — падказаў Корзун, бо Кунцэвіч запнуўся на слове.

— Так. Я рашыў забраць пісьмо, а тады выклікаць «хуткую». Забраў, і тады мне стала страшна. Хто паверыць, што не забіў?

— І вы пабеглі ў свой двор, запрэглі каня, паклалі ў сані мёртвага чалавека і рушылі на пераезд?

— Вы нібы бачылі,— Кунцэвіч сказаў гэта лісліва, а вочы выдавалі нянавісць. Не хацеў ён шчырасці.

— А каб не ажыў, рукавом рот заткнулі, так? — Корзун павысіў голас. — Быў у вас, Кунцэвіч, шанс, не выкарысталі вы яго. Крыўдуйце на сябе. Наўрад ці суд знойдзе акалічнасці, якія б зменшылі вашу віну.

Кунцэвіч не адказваў.

Корзун і Пратасеня не прыспешвалі, цярпліва чакалі. Нарэшце ён прамовіў:

— Усё роўна ваш журналіст быў не жылец… Машына да смерці падбіла.

Прызнанне было, раскаянне — не.

— Што ж, на сёння, бадай, хопіць, — Пратасеня даў Кунцэвічу падпісаць пратакол.

Кунцэвіч страпянуўся, як бы хацеў што спытаць, але не спытаў і пайшоў да дзвярэй…

Корзун ускочыў, забегаў па кабінеце.

— Спакойна, Алесь, спакойна, — Пратасеня падышоў да яго, абняў за плечы. — Хай цябе суцяшае, што злачынства будзе пакарана. Гэта справа — сведчанне тваёй крыміналістычнай сталасці.

— Згодзен усё жыццё хадзіць у пачаткоўцах, абы не было такіх вырадкаў,— гарачыўся Корзун, — абы не было забойцаў! Я гэтага нарыхтоўшчыка век не змагу забыць!

— На жаль, так, — Пратасеня не суцяшаў, некалі і ў яго была першая справа аб забойстве, і помніў яе да гэтага дня. — А сваёй працай можаш ганарыцца!

— Яшчэ б, — іранічна адказаў Корзун, крыху супакоіўшыся. — На мяне два райаддзелы і адзін раённы пракурор горбіліся. Мне было толькі пенкі знімаць.

— Падзелімся славай, — усміхнуўся Пратасеня з затоеным сумам. — Будзе час, і ты дзеля мяне пабегаеш. А цяпер да ліха справы, пойдзем да нас, павячэраем, пагаворым.

— Даруйце, Аркадзь Міхайлавіч, — Корзун зірнуў на гадзіннік, — праз пятнаццаць хвілін апошні аўтобус.

— Як знаеш, — Пратасеня не пакрыўдзіўся. — Машына ёсць, падкіне на станцыю. — І раптам спытаў: — Ты кватэру ў горадзе маеш?

— За дваццаць пяць рублёў у месяц, затое дровы гаспадарскія, — ён здагадаўся, куды хіліць пракурор.

— Хочаш асабняк, хочаш аднапакаёвую кватэру ў новым доме? — прапаноўваў Пратасеня, быццам быў не пракурорам, а распарадчыкам бескантрольнага жыллёвага фонду.

— Э-э, — засмяяўся Корзун. — У памочнікі не пайду. Не той маштаб, раён для мяне — пройдзены этап. Я — супрацоўнік абласны.

— Ну і марней на сваёй прыватнай кватэры, лаві кішэннікаў, пакуль не забудзеш, што такое сапраўднае следства. Але як надумаеш, Алесь…

— Не спакушайце. Я свайго начальніка люблю, не хачу яго, маладога, да інфаркту даводзіць.

— Балбатун, — махнуў рукой Пратасеня.

Неўзабаве Корзун сядзеў у аўтобусе. Усе месцы былі занятыя, і па салоне плыў няспешны людскі гоман. Нехта нечага звярнуўся і да яго, Корзуна. Ён нешта адказаў, хаця, каб праз імгненне спыталі — што, наўрад ці ўспомніў бы. Гэта няпраўда, што следчы або інспектар крымінальнага вышуку можа ставіцца да злачынства і злачынца як нейкая раўнадушна-аб'ектыўная машына. Крыміналіст — таксама чалавек. Ён мае звычайнае сэрца, здольнае радавацца, перажываць, балець. Толькі не ў час працы…

За акном стала цёмна. Вадзіцель уключыў верхні пражэктар, і моцны прамень святла нібы прасек у вячэрнім лесе вузкую і бясконцую дарогу. Па ёй, пакідаючы за сабой нерухомыя заснежаныя дрэвы, імчаўся хуткасны міжгародні аўтобус. І гэта імклівасць машыны-экспрэса нібы сінхранізавалася з Корзунавым душэўным непакоем, прыглушала смутак. Ён заплюшчыў вочы, адкінуў на пакатую спінку мяккага крэсла стомленую галаву. Першая горыч апала. Застаўся сум. Аб Рамейку, якога ён, Корзун, ніколі не бачыў жывым і якога, ён гэта ўжо ведаў, будзе доўга ўспамінаць, як жывога…