Выбрать главу

Корзун адклаў справу ўбок і паехаў на папяровую фабрыку, на якой Валюжэніч працаваў сетачнікам. У аддзеле кадраў яму сказалі:

— Да нас Валюжэніч прыехаў з Баравіцкай фабрыкі, сам. Спецыяліст ён невялікі, але нараканняў на яго працу няма, нядаўна далі пяты разрад. Халасты, больш дакладна — разведзены.

Усё гэта, за выключэннем апошняга, лейтэнант ужо ведаў. Валюжэніч расказаў, калі запаўнялі пратакол допыту. Таму, слухаючы супрацоўніка аддзела кадраў, ён пытаў у сябе: «А што, уласна кажучы, ты хочаш высветліць?» І не мог адказаць. Толькі пазней, калі вяртаўся, у галаве мільганула: «Чаму Валюжэніч не сказаў, што быў жанаты?» Аднак у гэтым нічога незвычайнага не было. Факт сам па сабе да справы дачынення не меў, а афішыраваць сваю ранейшую жаніцьбу Валюжэніч, мажліва, не хацеў, баючыся, каб пра гэта не даведаліся яго тутэйшыя каханкі. Аднак Корзун на ўсякі выпадак вырашыў пазваніць у Баравіцк. Яму адказалі адразу: Валюжэніч развёўся пасля таго, як яго жонку судзілі за буйную растрату ў магазіне, якім яна загадвала.

Праз гадзіну Корзун выехаў у Клін.

Сяркова сустрэла яго з ранейшай непрыветнасцю.

— Я ўнесла грошы! — адрэзала яна, не выказваючы жадання працягваць размову.

— Вам хочацца, каб вас лічылі растратчыцай? — ніякіх пэўных меркаванняў лейтэнант не меў, проста яму хацелася выклікаць у жанчыны патрэбу разгаварыцца, а тады магло што-небудзь і выявіцца.

— Дык гэта… — Сяркова аж захліпнулася ад абурэння. — Усе ведаюць, што я не брала.

— Нястачу з вас спагналі, так? — не адступаў Корзун. — Таму што, пакуль не даказан факт крадзяжу, пэўная віна ляжыць на вас.

Поўны твар Сярковай перакрывіўся. Яе нафарбаваныя губы дробна дрыжалі. Але яна стрымалася. Відаць, зразумела, што гэтаму лейтэнанту слязьмі нічога не дакажаш. І ўжо амаль спакойна адказала:

— Я што, я пад рукамі, на мяне ўсё спіхнуць можна.

— Каб хацелі на вас спіхваць, я не прыехаў бы сюды зноў,— і Корзун папрасіў яе паўтарыць усё, што яна гаварыла мінулыя разы. Нішто не сведчыла, быццам Сяркова спрабуе нешта ўтаіць. Але і новага яна нічога не паведаміла. Пад канец размовы Корзун спытаў: — Валюжэніч у магазіне адзін заставаўся?

— Вы гэта што? — Спакою Сярковай як не было. — Са мной не выходзіць, дык на жаніха хочаце паклёп узвесці?

«Цікава, — падумалася Корзуну, як і тады, у час допыту Валюжэніча, — што б яна заспявала, каб пачула пра Хруцкую?» Аднак выкарыстаць гэты забаронены прыём не мог. Проста сказаў:

— Трэба ўсіх праверыць.

— Не быў, няма чаго яго правяраць!

— Не быў, і добра, — не стаў пярэчыць Корзун, тым болей што і паказанні іншых сведак не пацвярджалі гэтага.

Нервовасць Сярковай, калі размова краналася яе жаніха, здзіўляла Корзуна. Валюжэніча ж ніхто не абвінавачваў. А можа, яна сама не вельмі ўпэўнена ў ім? Хаця наўрад. Сяркова, падобна, з тых жанчын, што свайго не даруюць, нават жаніху. Ёй, напэўна, проста непрыемна, што яго могуць западозрыць. Аднак жа і яна сама не брала, бо трэба быць добрай артысткай, каб паводзіць сябе так натуральна. А хто тады ўкраў? Без усякіх спадзяванняў спытаў:

— На купюрах не было якіх-небудзь паметак? Сяркова пільна паглядзела на лейтэнанта, падумала і адказала:

— Дык людзі часта на грошах што-небудзь пішуць.

— Значыць, і на тых былі, так? Пастарайцеся ўспомніць.

Яна павагалася, быццам не была ўпэўнена да канца, і сказала:

— Хто ж яго ведаў, што вам спатрэбіцца. Здаецца, былі. Так, так, я яшчэ на пошту званіла. Гэта калі Лісавы тэлевізар бралі. Іх дзеці соценкі панадпісвалі. Я баялася, што не прымуць. Таму і пазваніла.

— Яны што, імёны свае напісалі? Як іх завуць, ведаеце?

— Здаецца, Зіна, Каця і Мішка… — Яна насцярожана глядзела на Корзуна. — А што, знойдзеце?

— Хто яго ведае, — адказаў лейтэнант, — самі ж казалі, што на грошах шмат хто піша. Ды і сцерці можна.

Паметкі на купюрах — гэта ўжо след, зачэпка. І цяпер Корзун быў упэўнены, што падпалкоўнік дазволіць працягваць расследаванне. Аднак перш чым пайсці да яго, ён вырашыў яшчэ раз самастойна абдумаць усе свае довады. Думка, што ў Сярковай ёсць сумненні ў адносінах да свайго жаніха, пасля размовы з ёю адпала. Калі паметкі былі сапраўды, яна ніколі б не сказала пра іх, каб не паставіць пад пагрозу жаніха. Па ўсім было відаць, што яна кахае яго. Аднак калі не Валюжэніч, то тады нехта іншы, і абавязкова свой, сельскі. Чужых, акрамя Валюжэніча, у той дзень там не было. З гэтым ён і пайшоў да Шарая.

— Клін? — здагадаўся падпалкоўнік. — А то я думаю, што гэта ў цябе такі рашучы выгляд?

— Ніяк не магу даць сам сабе рады, — збянтэжыўся Корзун. — Быццам нябачны парог пад нагамі: і не відаць нічога, і не пераступіць. — Потым суха пераказаў начальніку аддзела ўсё, аб чым даведаўся за апошнія дні.

Шарай доўга сядзеў, задумліва паглядаючы на лейтэнанта. Нарэшце прыняў рашэнне:

— Добра, зробім так. Па-першае, трэба прасачыць, ці не сустрэнецца сёння-заўтра Сяркова з жаніхом. Бо, магчыма, тут без яго не абышлося. Калі яна ў ім упэўнена, то пастараецца сустрэцца. Па-другое, пацікаўся, хто і куды і з якой нагоды выязджаў за апошнія дні з вёскі. І папярэдзь банк, каб сачылі за надпісанымі купюрамі. Гэта, здаецца, наш адзіны больш ці менш верны след.

— Баюся, спазніліся, колькі дзён мінула, — з жалем прамовіў Корзун.

— Наадварот, думаю, яшчэ нават рана, — не пагадзіўся падпалкоўнік. — Калі злодзей заставаўся тут, то спачатку дробныя грошы траціў, чакаў, каб мы забыліся на яго. Так што дзейнічай.

— Слухаю, — весела адказаў Корзун, не ўяўляючы ў той момант, якую работу ўзваліў сабе на плечы.

Яе аб'ём ён ацаніў толькі назаўтра, калі пачаў правяраць усіх, хто выязджаў з Кліна. Такіх людзей было нямала, і ездзілі яны у розныя месцы, па рознай патрэбе. Добра, што сярод іх былі і такія, якія ў магазін Сярковай у той дзень не заглядвалі. Так што круг звузіўся. Працуючы над гэтай сваёй версіяй, Корзун, аднак, не забываўся на саму прадаўшчыцу. Яна не паехала ў райцэнтр, хаця і выклікалі па тавары, і, такім чынам, з Валюжэнічам не сустракалася. Але і гэта зусім не пацвярджала выказанае падпалкоўнікам меркаванне. Сярковай на той час быццам бы тэрмінова спатрэбілася падаць справаздачу ў сельпо, і таму на базу замест сябе паслала памочніцу, якая толькі што выйшла на працу пасля хваробы. Так што шукаць злодзея, відаць, трэба было ў іншым месцы.

З усіх непрыкметна правераных вяскоўцаў Корзуна найбольш зацікавіў Буевіч. Па-першае, ён такі заставаўся адзін у гандлёвым памяшканні, і па-другое, назаўтра пасля прапажы ў магазіне паехаў у абласны цэнтр. Што ён там рабіў, дакладна даведацца не ўдалося. Стала толькі вядома, што яго сын, які там жыў, у той жа дзень купіў матацыкл. Сваіх грошай у яго наўрад ці магло столькі быць — за паўгода працы токарам трэцяга разраду шмат не назапасіш. Аднак, расказваючы таварышам пра пакупку, не гаварыў, дзе ўзяў грошы. Ці не хацеў, ці ўтойваў, што дапамог бацька. Корзун не мог нават падумаць, што тут можа што-небудзь быць нячыстым. Буевіч, з якім ён у свой час гутарыў, быў не з тых людзей, якіх можна падазраваць у чым-небудзь благім, — ветэран вайны, актывіст. Аднак гэта супадзенне з пакупкай Корзуну вельмі не спадабалася. Звязаўся з банкам абласнога цэнтра, каб высветліць, ці не паступалі да іх у той дзень мечаныя купюры з магазіна спорттавараў, які прадаваў матацыклы. Ніхто, аднак, нічога пэўнага сказаць не мог.

А час ішоў. Цяпер усё выглядала яшчэ больш безнадзейным, чым напачатку. Корзун так і сказаў падпалкоўніку, калі прыйшоў на чарговы даклад. Той папракнуў:

— Хутка ты здаўся, лейтэнант. Ці, можа, забыўся, што цярпенне — твая самая моцная зброя?

— Мне не часу шкада, — не пагадзіўся Корзун, — баюся, што мая падазронасць на сумленнага чалавека цень кіне.

— Ну, гэта ад цябе залежыць. Зрэшты, у адным ты, бадай, маеш рацыю. Важдаемся доўга. Таму давай паспрабуем падштурхнуць падзеі.