*
Я панесла з сабой у гады
Сум — тугі і няўмольны — па маці.
Прагу — быццам глытка вады —
Кволых цёплых ручак дзіцяці.
Каб аддаць яму я магла
Усё, па чым сама сумавала.
Каб хапала яму цяпла,
Бо ў мяне было яго мала.
Каб нашчадкі мае назаўжды —
Мае дзеці і дзеці сына —
Праз свае пранеслі гады
Слова маці, як «бацькаўшчына».
На зямлі сёння — слёзы і кроў.
Паўпланеты ў атамным зудзе.
Слову гэтаму біцца ў шторме вятроў.
Але хай яно вечна будзе!
ФАРЭЛЬ
Прагучыць над ціхім борам рэха,
У вадзе празрыстай задрыжыць.
Гэтай дзіўнай рыбіне-фарэлі
Толькі ў чыстых рэках можна жыць.
Не — каб тлустым ілам задаволенай,
Ёй малькоў даверлівых сячы.
У імклівай плыні сіне-звонкая
Ценямі на жоўтым дне імчыць.
Рыбакі здалёк яе заўважаць.
Я ж крычу — плыві яшчэ скарэй!
У вярхоўях Ласасянкі нашай
Незвычайная жыве фарэль...
ВОСЕНЬ
Позняй восенню ў бары цішыня.
Толькі тонкія сініцы празвіняць.
Толькі спознены ліст ападзе
I самотай прашые дзень.
Саслабелае сонца ў траву
Хіліць жоўтую галаву.
I — нібы прадчуванне бяды —
Туманамі паўзуць халады...
МОСТ НАДЗЕІ
Ёсць масты нерухома-каменныя,
Ёсць масточкі — кволыя дзеці.
Перакінуты ў сэрцах нязменна
Ад адчаю мост да Надзеі.
Як скрозь бездань па ім прабрацца?
Глянь уніз — душа халадзее.
Ды заўсёды будуць старацца
Людзі трапіць на мост Надзеі.
Хай ад холаду сцісне дыханне,
Хай зіма ў снежны полаг адзене,
Хай усё супраць нас паўстане —
Вы ідзіце на мост Надзеі!
ЛОЛА МАНТЭЗ
Дзявочы яе пратэст
I слухаць ніхто не хацеў.
I трапіла Лола Мантэз
Да караля ў пасцель.
Любоўніца караля!
Ногі пячэ зямля...
Шукаюць яе сябры,
Знаходзяцца сваякі,
I ласміхаецца Цюільры
Толькі ў кулакі.
Любоўніца караля!
А гнеў і праклёны—пасля.
Затое, калі барыкад
Вырас на вуліцах лес.
Пайшла ў паўстанчы атрад
Красуня Лола Мантэз.
Любоўніца караля!
«Апомніся!» — пішуць здаля.
Скрозь пыху раскошных дзвярэй
Да сцятых ад страху вяльмож —
Песня яе, вастрэй
Чым меч каралеўскі ці нож,
Ляціць яна скрозь — о-ля-ля!
А смерць? Пра яе — пасля!
ЗВАНЕЦ
Вячэрні луг з канца ў канец
Я слухаю:
Звініць званец, звініць званец
Са скрухаю.
Звініць званец—пара касіць.
Адвечна так...
А драч натужліва скрыпіць.
Каму, дзівак?
Чаму ж той луг, здалося мне,
Не скосіцца,
А гэта лета не міне,
Не скончыцца?
Звініць званец, звініць званец
Са скрухаю.
Вячэрні луг з канца ў канец
Я слухаю...
* * *
Як быццам на свеце не існуе
Гарачага ветру, пагоні,
Скубуць спакваля рацыёны свае
Стрыножаныя коні.
Паклон — за кожную жменьку травы,
Каб спаць спакойна і сыта,
Хоць вочы туманіць пах лугавы
Ды нешта свярбяць капыты...
* * *
Бабінага лета павуцінкі
З далячыняў вечных прыплылі.
Першыя танюткія маршчынкі
Ля вачэй усмешлівых ляглі.
Хоць, здаецца, падаўжэлі ночы,
Карацей як быццам сталі дні,
Ды вясна, нястрымная, не хоча
Загасіць купальскія агні.
* * *
Кожная вуліца — як радок
Радасны ці нядобры...
Самы маленечкі гарадок
Да тоўстай кнігі падобны...