Выбрать главу
I ў ранішняй чуйнай цішыні Кожны камень ледзь чутна звініць. Камень, вышчарблены часам і дажджамі, I ўспаміны на вусны просяцца самі...
Пачынаўся жыццёвы дзень Вось тут — у старой Слабадзе. ...Уліваецца плач пахавальны У адвечны віскат дзяцей. I на плечы каменні навальвае Кожны новы галодны дзень.
Ён падрос і тады зразумеў, Што не самае страшнае — голад. Што страшней духоўна знямець, Калі хочацца крыкнуць уголас,
Калі стыне ў глотцы праўда Камяком халоднай ілжы. Чалавек, без адвечнага права — Права вольнасці — можаш ты жыць?
*
На ўсіх скрыжаваннях вісела: «Свабода! Свабода ў нас для народа!» Свабода друку? Што ж, давайце! Пісалі ярасна шпікі, I былі словы, як цвікі, Што ў дамавіну забіваюць.
Усё, што лепшага наўкола — Свабода, шчырасць і пратэст Скажаліся ў судовы тэкст, Заносіліся ў пратаколы.
Свабода слова? У астрогах — У Слоніме, Лукішках, Гродна Забітых аддавалі родным I дараваць прасілі ў бога.
О правакатараў разгул! І ўсё ж народнага сумлення Нястрымнай прагай вызвалення Даносіўся падземны гул.
*
Супраць плыні — вёслы на ўключыны. А бязвольнага плынь панясе. Як ішлі яны ў рэвалюцыю! Як у казку нязнаную — ўсе.
I Пышкі*, як сцяжкі зялёныя, На кашулях лёс вышываў. Дэфензіва над кожным — праклёнамі, З дзесяці адзін выжываў.
I ўсё ж у сценах астрожных, Захлынаючыся ў барацьбе, Усё гучала неасцярожнае, Непадсуднае — КПЗБ!
У вузкіх вуліцах гродзенскіх білася I гудзела, як грозны набат, I не ўпітвалі кроў забітых Пліты з надпісам «Магістрат»...
Узышоў над краінай распятай, Як промень, трыццаць дзевяты...
*
Цішыня на світальных вуліцах, Толькі сэрца агнём гарыць. Вось да клёнаў прымоўклых туляцца Маладосці ягонай сябры.
I блішчаць на далонях скутых росы цёплыя, як сляза. Выжыў ён. I прайшоў скрозь пакуты, Каб патомкам пра іх расказаць...
Сваёй прыналежнасцю гордыя Да няскоранай гэтай зямлі, Адкрываем мы новы горад, У якім да нас жылі...
* Пышкі — лясны масіў, дзе збіраліся падпольшчыкі.

* * *

Водгук рэха, як рык ласіны. Вераснёвага лісця іржа. Пругка ў кошыку журавіны, Як астылыя зоркі, ляжаць,
Аб купіны ўсе ногі збіла — Боты цяжкія ў дзесяць гадоў. Восень стройная, як арабіна, Загарнула мяне ў падол.
На плячы яе павуцінка — Я прапала навек у лясах. I заблыталіся журавінкі У светла-русых маіх валасах.

В'ЕТНАМСКАЯ ГЕРАІНЯ НГУЕН ТХІ ЦЯУ Ў МІНСКУ

Тут — цішыні ўтульнасць глыбокая, Звініць пад вокнамі мінскі трамвай. А там расціскаюць каханага ботамі Здарова-тупыя джы-ай.
Ужо не ўстаць яму болей, здаецца, А ён, як народ неўміручы, ўстае. I кожны ўдар там, далёка, кладзецца На тонкія кволыя плечы яе.
А сэрца шчыміць, а сэрца змагаецца. Туды, на радзіму! Дні, як вякі... I нават у сне не расціскаюцца Маленькія смуглыя кулачкі...

КІРГІЗІЯ

Я сасню цябе, я сасню Арыкаў сінюю глыбіню, Вавоўны белую гарачыню,
Прахалоду блакітных гор, Рэха дальняе наўздагон, Радзіму бацькі майго..,
Што кліча часамі мяне Кіргізскай песняй у сне, Шалёнай грывай мільгне.
Буйнасць макаў у шызай траве, Там прытульна тваёй галаве, Там даўжэй чалавечы век...

* * *

Ад бабулі, што клікалі Вольгай, Я імя панесла у вечнасць... Мне яна ўяўляецца вольхай, Што раскінула рукі над рэчкай,