Уплялася ў зямлю карэннем,
I такая ў ёй прага жывая,
Што і я, гараджанка, нярэдка
Кожнай жылкай яе адчуваю,
Калі з рэчкай зліваюся кожнай,
Калі кнігаўкай плачу ў полі,
Калі ўвосень раскінуся пожняй,
Што чужынцы не стопчуць ніколі...
* * *
Жыве ў Светлагореку Жэнька.
Дзетдомаўка Кузьміна.
А можа, яна Бажэна,
А можа, Грэтхен яна?
Ляжала мёртвая маці
Ля хутара Альтэнштос,
Дзіця загарнуўшы ў халацік
З канцлагерных сініх палос.
З якіх была далячыняў
I хто? Адказу няма.
Прывёз у дзетдом дзяўчынку
Малодшы сержант Кузьма.
Думалі ўсе — загіне:
Соскі не брала ў рот.
Сядзела нянька Аўгіння
Тры ночы над ёй напралёт.
...Жыве ў Светлагорску Жэнька
Па прозвішчу Кузьміна.
А можа, яна Бажэна,
А можа, Грэтхен яна?
Ведала тое вайна...
МАНАЛОГ ЛЮДМІЛЫ СЕЧКІ, РАЗВЕДЧЫЦЫ АТРАДА ІМЯ КАТОЎСКАГА
Мяне даўно як быццам пахавалі.
Я ж засталася ў любчанскіх барах.
Стаю сасной, мядзяная, жывая,
А побач даўні — партызанскі шлях.
Зарос травой ён. I даўно ігліца
Заслала ўсе сляды. А я жыву.
Сякуць дажджы каля магільных плітаў
Матуліну сівую галаву.
Я не магу сказаць ёй ані слоўца.
Галінкай хоць пастукаць па акне,
Паслаць кагосьці, як калісьці. з хлопцаў
З наказам: «Не турбуйся пра мяне!»
...Не турбуйся, мая матуленька,
Маладая мая зязюленька.
Мая светлая ты зараначка.
Ты ж сама ў мяне партызаначка.
Па лясных і цябе дарожаньках
Неаднойчы вадзілі ножанькі...
— Мама, хопіць пяшчотаў!
Я ж не маленькая, што ты
Плачаш, не адпускаючы,
Рукі свае ламаючы.
Хлопцы ў атрадзе харошыя,
Ніколі не крыўдзяць мяне.
Праўда, часам Сярожка,
Нахабнік такі, падміргне,
І то, як другія не бачаць.
А ўбачаць — добра дадуць!
...Ну што ты, мамачка, плачаш —
Хлопцы не падвядуць...
*
Мне здорава тады пашанцавала.
За камсамол не расстралялі каты.
Як быдла, нас з сяброўкамі загналі
У эшалон фашысцкія салдаты.
Замкнулі і павезлі ў шлях няблізкі,
Куды вязуць — дарэмнае пытанне.
Грукочуць колы. На руках вятрыскаў
Ляцяць за памі родныя світанві.
Няўжо яны, нібы прывіды, згаснуць
Сярод чужых дарог, у горкім дыме?
О, як раптоўна-востра спасцігаеш
Сапраўдны твой, глыбінны сэнс, Радзіма!
Праменні сонца ў холадзе крыніцы,
Аер духмяны на скарынцы хлеба.
Збан малака. Замшэлая званіца,
Што мне здавалася ў дзяцінстве небам.
Смех бесклапотны на сабраным стозе...
...Чужына блізка. Вось, за паваротам...
Кроў на руках... Адтуліна ў падлозе...
Халодна, Цёмна. Смерць або свабода?
*
У камісара атрада
З камандзірам нарада.
Неўпрыкметку стаю ля зямлянкі.
Спрачаюцца да хрыпаты:
— Жанчыну — у партызаны?
— Што ж — выгнаць яе? Куды?
Ад крыўды вусны кусаю:
Забылі вы, колькі лясамі
Хадзіла я сувязной?
Чую амаль варожае:
— Дзяўчына такая прыгожая
Адна сярод хлопцаў? Вясной?
Рашылі яны нарэшце
(Рашаць было — гэткай бяды!),
Што мне назад, у Чарэшлю,
Нельга ісці сапраўды...
*
На паляне — туманы ціхія,
Пасля бою раны глядзім.
Пад адхон эшалон спусцілі мы,
Гарнізон разграмілі адзін.
...Сечка, два крокі са строю!
Ізноў у бой — упярод?
Хопіць у нас герояў,
Бачыш, які народ?
Ізноў падняла ў атаку,
Лезла ў пекла, як чорт?
...Чаго каштавала так мне
Быць з вамі плячо ў плячо...
А тут шчэ вымову гэткую
Табе нізашто дадуць.
I зараз ісці ў разведку,
А ногі, здаецца, не йдуць...
Хлопцы, каму праз Чарэшлю?
Зайдзіце ў маё падстрэшша,
Скажыце матулі, што ночку
Спакойна праспала дочка.