Выбрать главу
*
Разведка — што востры ножык. Саслізне — і ў крыві рука. Душа ў калючках, як вожык, Ды ямачкі на шчаках:
«Чаго іду па гораду? Ды вёска мне агорала! Прадам на рынку гавяду — Сукенку шоўкаву знайду,
Як гляну з боку правага — Ссушу цябе, чарнявага! Нашто такога хмурага Трымаць на службе ў фюрара!»
Душа ў калючках, як вожык, А ямачкі на шчаках...
*
...Разамлела на сонцы, Лягла на жывот, У суніцах духмяных I рукі, і рот. Што ж, вайною — вайна, А жывому — жытло. Хоць памарыць аб тым, Чаго не было...
...Недзе, у травах росных, Плывуць у тумане стагі. Сэрцу становіцца млосна Ад ціхіх слоў дарагіх.
Кашуля ў чырвоных крыжыках, Усё гарачэй, гарачэй... Нясмелае, кідае ў дрыжыкі: «Ідзі да мяне. Хутчэй».
Ад усмешкі тваёй Да ўсмешкі жыву. Але горда трымаю Сваю галаву.
Утрымаю і сэрца Няўрымслівы стук, Упадзе, разамкнецца Бярэмя рук.
«Не спяшайся, Людміла!» Я ж прайду, як струна. Ды ўсё міма, ды міма, Адна і адна.
...Хай закончыцца, любы, вайна...
*
У суніцах зямля — Ляжы ды ляжы! Толькі ўскрыкнула раптам —
Побач — чужы!
«Дабрыдзень, Людачка, Мая ты вутачка, Дарма ты грэбуеш, Што паліцай!
Дабром ці сілаю, А пойдзеш, мілая, Ці да гестапа ты, Ці да вянца».
У вачах маіх лес Пацямнеў, пацямнеў... А нашто, прыгажосць, Ты дасталася мне?
Для чаго тыя косы I сінь у вачах, Калі гэты, бялёсы, Ад іх не ачах,
Калі порстка за мною Ламае кусты? «Памажыце, бярозы, Дубочкі-браты!»
За спіною ўжо крык: «Так і гэтак тваю! Партызанская... ты, Стой, іначай заб'ю!»
Толькі мне памагаў Ні то бог, ні то лёс — Маю кулю спаткаў Ён ля белых бяроз...
*
Зямля мая мілая, ты Мяне ў азяры прапалошчаш, Пасцелеш пад бок чараты, Пад голаў верас паложыш.
I ціха пачнеш гайдаць, Шчыльней абгарнуўшы ватоўкай, Галінкі сасны, як дах, Над маёй вінтоўкай...
Адзін шчаўчок — і няма Фігуркі людской у прарэзе. А я забіваю, ма, I рукі мае — у жалезе,
I ў дыме парахавым, I ў аружэйным масле, Мне ж хочацца пахнуць жывым, Як пахне жанчына-маці,
Калі, спелянаўшы дзіця, Ідзе лугавою сцежкай, I кружыць над некім бацян З новай ношай-пацешкай.
...Была мке вайна — гульнёй, Рамантыкай тая разведка, I смерць была — за сцяной, I страх перад ёю — рэдка.
Ах, мамачка! Тая — яна За тры гады пасталела I зразумела — вайна Будзённае, страшнае дзела...
*
Чырвоная хусціначка, Гітара у руках. Наперадзе — сцяжыначка У мой апошні шлях.
Заснежанаю пожняю Ізноў у бой іду. У гэты бой апошні мой, У маміну бяду.
Перабіраю струны я, I слухае атрад. ...Няўжо, такая юная, Я не прыйду назад?
Пад вёскай Лугаманічы У грудзі — разрыўной, У тым баю астанецца Каханы мой — са мной.
*
Хацелі ворагі распяць мяне, Мёртвую, на крыжы, Каб партызанскія вёскі страшыць...
Кінулі, голых, у лёд і снег, Толькі снег і лёд растапіліся, Перад намі зямля расступілася...
Гэта ворагаў косці струхлелі, нібы Порхаўкі пад нагой. Сябры ж мае — волаты ў лесе, дубы Адзін да аднаго. Ківаюць мне: «Сасоначка, Ну як жывеш, сястроначка?»
А я кажу: «Зязюленька, Сядзь на плячо, кукуй. Пазнае мо матуленька Ува мне сваю дачку?»
А вецер мне кажа: Закон такі У мудрай прыроды ёсць — Не пазнае маці ў табе дачкі, Як не кончыцца ў цябе маладосць,