I толькі тыя, што са святлом
Па дарозе сваёй прайшлі,
Застануцца дрэвам, аблокам, сцяблом
Жыць на Зямлі...
ЗАВІРУХА АСЕННІХ ЛІСТОЎ
Зазіруха імклівых лістоў.
Такі халодны асенні вечар!
Я рукі грэю пад тваім паліто —
Якія цёплыя ў цябе плечы!
Я прыпаду да цябе галавой,
Хаця б на імгненне забыўшы аб нечым.
Адно пачуццё праз бяздум'я сувой —
Якія цёплыя ў цябе плечы!
* * *
Як здорава, што мне жыццё дае,
Хаця і зрэдку, гэтыя хвіліны:
Цяжкія ад дажджу бяроз галіны,
Ў далонях — рукі цёплыя твае.
Так шчыра і спакойна на душы.
Адзін на двух—дрыжыць пад ветрам плашчык.
А мне — маўчаць і плечы твае лашчыць,
I па ударах сэрца варажыць.
Скубе спакойна мокры конь траву,
I сонца звечарэлае садзіцца.
I думаю — якое гэта дзіва —
Вось для такой хвіліны я жыву...
* * *
Не хапае галоднаму кавалачка хлеба,
Паміраючаму — глытка вады нестае.
Ты не ведаеш сам, як мне гэта трэба
Проста рукі твае. Проста вочы твае...
* * *
Мой любы, драмаць у падстрэшшы так цёпла...
Як ластаўка, крылы складу і засну.
Ды працінае вецер жыццёвы,
Ды нельга мне жыць, не сустрэўшы вясну.
Устрапянуся. Ўзлячу ад зямлі.
I мне не хапаць толькі будзе для шчасця —
Каб твае рукі побач былі,
Якія мне не дадуць упасці.
* * *
I я на спатканне бегла.
Быў бэз, пацалункі і зоркі,
На лаве вялізнае сэрца
і выразанка-страла.
Часцей і часцей здаецца
Чамусьці хвілінай горкай,
Што ў дзверы зусім чужыя
Я выпадкова зайшла...
* * *
Маё жыццё цяпер — адно чаканне.
Час доўгі і цяжкі, нібыта камень.
Над Нёманам бярозай гонкай стыну,
I шэрань неба лістапад накінуў
На плечы мне. I рве мяне за рукі.
Лісты — апошнія вясны дарункі
У сіні холад Нёмна ападаюць.
А як было мне цёпла так нядаўна!
Было свабодным неба і высокім,
I, веснавым напоўненая сокам,
«Кахаю!» — я спявала над абрывам.
А можа, гэта ўсё было парывам?
А можа, мне цяпло адно здалося,
Была і ёсць на свеце толькі восень
I буркатанне вербаў шэра-дымных:
«Навыдумляюць нешта маладыя!»
...Задоўга не раблюся я дарослай,
Ва ўсіх учынках холадна-цвярозай,
I шчодрасць мая, розумам не ўзважаная,
Магчыма, стала для цябе не важная?
Якое невыноснае чаканне
Твайго званка, твайго ліста, дыхання!
Дрыжу на ветры злосным да камля...
А ногі ціха грэе мне зямля...
ТРЫ ЗОРКІ
На ускраіне горада, у новым вялікім квартале,
Дзе дамы, як грыбы, вырастаюць з зямлі,
Ціхай ноччу вясновай тры зоркі блукалі,
Ды таго, хто патрэбен ім быў, не знайшлі.
Можа, спаў ён, стаміўшыся ў дзённых турботах,
Можа, быў на спатканні другім да відна.
А зямля плыла ў нястомнай рабоце,
I блішчалі зоркі ў квадраце акна...
ЛІЛІТ
Не Ева — Ліліт была першай
Жанчынай і жонкай Адама.
Яна для каханага вершы
I нават паэмы складала.
А вечарам, як стамляўся
Жвавы агонь у пячоры,
Доўга, бывала, не ляжа —
Глядзіць і глядзіць на зоры.
I што зусім абурала
Адама, адзінага сведку, -
На свежых гаршках малявала
Агністыя райскія кветкі.
«Нашто табе кветкі тыя?
Ад кветак гаршкі не мацнеюць!»
Адкіне кудзеркі густыя:
«А людзі ад іх разумнеюць!»
Быў першы развод не гучны...
Бог шкадаваў мужчыну:
Сам ляпіў, як падручны,
З ягоных рэбраў жанчыну.
Ева была пакорай —
У простых гаршках варыла,
Дзяцей гадавала, пра зоры
Ніколі не гаварыла.
А толькі Адам начамі
Хадзіў блукаць у тых далях,
Дзе песні Ліліт гучалі,
Гойдаўся човен на хвалях.