Па сёння яму ўсё сніцца
То росны слядок, то спевы.
Па сёння Адам мітусіцца
Паміж Ліліт і Евай...
* * *
Над зямлёй марознаю
Ранкам побач месцяцца
Месяц каля зоркі,
Зорка каля месяца.
Так праходзіць вечнасць,
I няма расстання.
Вучацца ў іх людзі
Вернасці ў каханні.
Вернасці у шчасці,
Вернасці ў бядзе.
Месяц ты мой, месяц,
Дзе ж ты зараз, дзе?
* * *
Вы думаеце, я не сплю начэй?
Вы думаеце, я па ім гарую?
Прымаю проста ісціну старую:
Пайшоў — дык забываць яго лягчэй.
На лекцыі з сябрамі ідучы,
У шумным перапоўненым трамваі,
Хвілінай летуценнай уначы
Яго я забываю, забываю...
Не дапускаю да сябе нуды:
Ад спраў, званкоў і тлуму ледзь жывая!
Праходзяць месяцы. Ідуць гады.
А я ўсё забываю, забываю...
БАЛАДА ПРА ЛІЛЕЮ
У краі азёрным,
Дзе чэрвень духмяны
Абсыпаў суніцамі
Бор і паляны,
А дзеўчыны ў Нёман
Кідаюць вяночкі,
Расла я у бацькі
Адзінаю дочкай.
Казалі ўсе: «Рэчка
Плыве, не мялее,
Няма за цябе
Прыгажэйшай, Лілея.
Ды толькі і рэчку
Затопчуць, замуцяць,
Паны, як убачаць —
Загубяць, закруцяць».
Касу завязала
Істужкаю сіняй.
Сама ўпадабала
Ды панскага сына.
Ох, чэрвень ты, чэрвень,
Бяссонныя ночы!
Ад любага бегчы б,
Ды сэрца не хоча...
«Наш род каралеўскія
Меў прывілеі!
Пакінь майго сына,
Ты чуеш, Лілея»
Мой любы, твой бацька
Кляне і шалее...
«Чакай мяне сёння
Пад вечар, Лілея!»
Стаяла, чакала,
А сэрцам ляцела,
Нібы ўпершыню
На свет божы глядзела.
Спускаўся над долам
Задумлівы вечар.
А хто папіхнуў
Мяне ззаду за плечы?
У вір паляцела
I быццам растала...
Бялюткаю кветкай
На рэчцы я стала...
Як доўга кашуля
Пад дубам бялее,
Як доўга твой крык:
«Адгукніся, Лілея!»
За слова адно —
Усё, што маю і мела!
Ды я анямела,
Ды я анямела...
Праходзяць стагоддзі,
I рэчка мялее,
Я ж чую адно:
«Адгукніся, Лілея!»
СЛОВА
У Гродна на плошчы
ў 1903 г. выў засечаны
казакамі рэвалюцыянер Голуб.
Пажоўклыя старонкі дакументаў
Нябачна наліваюцца крывёй...
Ну хто яго пад звон літараў медных
Скрозь шэраг вернаподданых павёў?
Павешаны быў брат? Забіта праўда?
I спіны горбяцца штогод ніжэй?
Падумай сам. Жыццё — яно за брата,
За гонар і сумленне даражэй.
А ён крычаў. Крычаў цераз галовы.
Ўядаліся ў цела шаблі «Ы-ых!»
Чаму ён аддаваў жыццё за слова,
За слова, што прамоўлена услых?
МІХАСЮ ВАСІЛЬКУ
Цёмнай дажджліваю ноччу
Шашаль шуфляду точыць.
Газнічка скрыпіць з адчаем,
Ты — грамату вывучаеш.
Пад стомленымі рукамі
Кладуцца вершы радкамі.
Крамола ў хаце — вершы!
I цэнзар твой самы першы —
Пан камендант — смяецца:
«Быдла ў паэты рвецца!»
За кожны радок плаціў
Нямногім, што меў у жыцці...
Ападалі вячэрнія росы
На дзявочкя косы.
Табе не часта было іх кранаць —
У пастарунках ад болю канаць.
I верыць, у болю і крыўдзе,
Што праўда ўсё-ткі прыйдзе...
Як хочацца крыкнуць яму цяпер:
«Прыйдзе яна! Ты толькі вер!»
Ды сцяна, празрыстая, нібы шкло,
Аддзяляе нас ад таго, што прайшло.
...Паэзія рвецца скрозь краты,
Год тысяча дзевяцьсот трыццаты...
РАВЕСНІЦЫ