Каміле, дачцэ Дуніна-Марцінкевіча
Равесніцы, ў светлых залах блішчыце
Белай аголенасцю плячэй.
Мой шлях другі. Я — бунтаўшчыца.
Мой бацька таксама. Разам — лягчэй.
Жандары з вамі — шарман, кавалеры.
Са мною — жандары, і толькі яны.
Мой шлях сярод іх — даносы, паперы,
Холад і бруд турэмнай сцяны.
Пісульку — у веер або ў пальчатку.
Каханкам — забавы, гульня, смяшкі.
А на маіх, перахопленых, скрозь пячаткі
I надпіс: «Праверыў... унтэр... такі»
На вас карсеты. Паветра не будзе —
Хіба скрозь свецкі заўважыце шум?
А ў мяне і так разрываюцца грудзі
У краіне, дзе паліцэйскі
на кожную чалавечую душу.
Народзіце дзяцей. Памажы вам божа!
Расціце іх да чыноў, эпалет.
Мой шлях другі. Згару — дык, можа,
Будзе нехта на кропельку жыць святлей...
УСЯСЛАЎ
Брачыслаў радасць з сабой прынёс:
На руках — гайдануў высока.
Прабівае белагаловае хлапчанё
Галавой бярэмя аблокаў.
Аж да Сонца ляціць! Зачапіўся нагой
За штыкеціну Перуновага плота.
Віцьба ўнізе кальчугаю дарагой
Са сваім рукавом — Палотай
Блішчыць на сонцы... Такі прастор!
Хлебам і мёдам прапахлі нівы.
Над Полацкім краем рукі прасцёр
Хлопчык: «Будзеш шчаслівым!»
Ды толькі нікому час не дае
Свой лёс прачытаць, як у кнізе.
Не бачыць і ён, як кроў праліе
Братоў сваіх на Нямізе,
Як будзе, насунуўшы нізка шалом,
Сяброў сваіх косці пляжыць...
Смяецца бацька.
Падставіў далонь:
«Здароў будзі, княжыч!»
ЗДРАДА
Знікае з вуснаў гаркота дыму.
За цёмным лесам ляжыць радзіма.
Князь Курбскі, ратуючы галаву,
Воўкам бяздомным бяжыць у Літву.
Над ім маладзік чырвоны дрыжыць:
«Няхай у чужыну. Затое — жыць».
Ці ліхаманка ў душы, ці агонь?
Капытамі змучана стукае конь.
Чужыя хаты запахлі дымам.
Цяпер за трыма лясамі радзіма.
Не трэба думаць цяпер аб жыцці.
А стрэмя чаму у руцэ трымціць?
I ўласнае здрады раптоўна страла
Атручаным джалам у сэрца ўвайшла.
Уперадзе будзе любоў і сям'я,
Гасціннасць ворагаў будзе былых...
А толькі да скону не зможа ніяк
Князь Курбскі той выцягнуць з сэрца стралы.
ІМ
Адмаўлялі маю радзіму,
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.
А цяпер, драпежныя, дзеляць,
Як вялікі, каштоўнейшы прыз,
Фаліянты старыя, што ў келлях
Мае продкі спісалі калісь...
У вялізных шумных сталіцах,
Дзе шукаць цяпер адрасы?
Як палонныя, на паліцах
Дрэмлюць слуцкія паясы.
Аж трымцяць, трымаючы, дзверы.
Для забаў — хай зайздросціць Парыж! —
У калекцыі мільярдэра
Ефрасінні Полацкай крыж.
Ім хацелася, мецэнатам,
Тых калекцый папоўніць груз:
У свае заморскія шаты
Залучыць саму Беларусь.
Адабраўшы даўняе гора,
Зрабаваўшы слёзы і пот,
Захацелі, каб на гісторыю
Назаўжды забыўся народ.
Вось чаму столькі год радзіму
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў...
* * *
Язычнікі маліліся ціха і ўпарта
Чырвонаму Сонцу і Перуну.
Лупіла на плошчах іх княжая варта —
Па сотні лазін на спіну.
Устане моўчкі дзяцюк зарослы,
Устане, стогнучы, дзед гаваркі,
А на дасвецці пойдуць па росах
Да несціхана-бурлівай ракі.
Да белых бяроз. Да пралесак сініх,
I зноў да неба — рукі свае.
Бо самі бачаць — жыццё і сілу
Толькі гарачае Сонца дае...
* * *
Бывае азарэння момант дзіўны,
Стралой ён задрыжыць ля самых ног;
Параняць сэрца тонкія ільдзінкі
I захлынецца, чуйнае, яно.