I разам забываючы на рангі
I на гадоў нямыя рубяжы,
Ты спасцігаеш чалавека раптам
Без накіпу прытворства і ілжы.
Але знікае ўдачы прадчуванне,
I зноў — яшчэ наіўна-малады
Ідзеш, ідзеш, шукаючы пазнання,
Якое прыйдзе, пэўна, праз гады...
* * *
Дрэва здрыганулася ад ветру,
I ніхто — ні людзі, ні зямля —
Не пачулі: празвінеў прыветна
Ліст кляновы ціхай нотай «ля».
Ледзь зямлі крануўся — і пячаткай
Бот яго прыціснуў незнарок.
Растаптаў сімфоніі пачатак
Раўнадушны крок...
ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ
Піць! — шалясцяць перасохла палі,
На сухі пагорак упасці б ніцма.
I раптам загулі, нібы чмялі,
Кроплі ліпеньскай навальніцы.
А навакольных лясоў чубы
Трашчаць, згінаюцца вінавата.
Нібыта прымаюць цары-дубы
За раўнадушную млявасць — расплату.
Бярэмя лянівых разбіўшы сноў,
Бягуць навалькіцы у новыя далі.
I паўстае прырода ізноў
Прыгожая. Моцная. Маладая.
* * *
Ранак дажджлівы ў сіняй смузе,
Край небасхіла — дрымотна-нястрымны,
Бы нехта па дрогкай дарозе вязе
Вялізную шэрую хмару-пярыну.
З трэскам прарвецца сяннік вузкі,
I пад дажджамі па ўсіх аблогах
Стануць прарэзвацца баравікі
Туга, як зубкі ў малога.
* * *
Лісты, нібы хвіліны, ападаюць,
Губляюцца ў суцэльнай жаўцізне.
Здаецца, што таропіць час мяне.
Няўзрушаная яснасць і складанасць
Навекі, мусіць, у маёй душы
Спляліся разам, быццам спарышы.
Пытанні па палічках раскладаць?
Шукаць мне ісціну ў чужых слядах?
Лісты, нібы хвіліны, ападаюць...
* * *
Прайшлі ўжо, кажуць мне, твае гады,
Каб бачыць свет скрозь шкельцаў каляровасць
I верыць шчыра, што і сапраўды
Ён сам такі, яго не шкельцы робяць.
Прайшлі ўжо, кажуць мне, твае гады,
Каб бегаць па расе вясновым раннем,
I верыць шчыра, што і сапраўды
Гавораць між сабой зямля і травы.
Прайшлі ўжо, кажуць мне, твае гады,
Каб ад людзей нічога не утойваць
I верыць шчыра, што і сапраўды
На дабрату адкажуць дабратою.
Твае парады чую, Дабрабыт,
У нормы, лічбы, правілы ўрастаю.
А ўсё ж начамі бачу ў сне, нібы
Над каляровым поплавам лятаю...
* * *
Жораў махне развітальна крылом —
Сэрца услед ірванецца стралой
I зноў — за волі ўласнае краты.
Што гэта — Вернасць ці здрада?
Лодка — уся ў серабрыстай расе
Насуперак плыні цябе панясе
Туды, ува што ты раптоўна паверыш...
Што гэта — здрада ці вернасць?
* * *
Колькі было спатканняў
У шаснаццаць, дваццаць гадоў!
Пройдзена сцежак-блуканняў
Па вулках начных гарадоў!
Гарэлі агні неону,
Падалі зоркі на плечы.
I цёплым здавалася «Оля»
На вуснах хлапечых.
Сарамлівая сэрцаў злітнасць,
Цуда няяснае — вечар...
Цокалі «шпількі» на плітах,
У косах блытаўся вецер.
...Абвіваюць ручкі сыноўнія
Шыю, нібы вянок.
Сталасць лістом кляновым
Ападае ціха ля ног...
СЫНУ
Па зямлі, якою ты яшчэ не крочыш,
Наліліся зернем каласы.
Хай зямля мая хадзіць цябе навучыць,
Як мяне вучыла некалі, мой сын.
Роднай мовай, звонкай і пявучай,
Размаўляюць з рэчкамі лясы.
Хай зямля мая спяваць цябе навучыць,
Як мяне вучыла некалі, мой сын.
Медуніцай, што расце на кручах,
У дзяўчат прапахлі валасы.
Хай зямля мая любіць цябе навучыць,
Як мяне вучыла некалі, мой сын...
СЛОВА ПРА МАЦІ
Матуля, цябе не помню я —
Ні ласкі тваёй, ні жалю...
Смяецца з магільнага помніка
Жанчына чужая...