Выбрать главу
Ды кажуць бабы вясковыя: «Аблічча ў аблічча!» Можа, не выпадкова мяне Марусяю клічуць?
Мне маладзік падковаю Вісіць над сцежкай. Можа, не выпадкова я Жыву з усмешкай?
Ці ж я без племені? Свой сум хаваю. У жанчыне кожнай Цябе адкрываю.
Можа, не выпадкова мне Здаецца прадвеснем Песенька жаўруковая Тваёй песняй?
*
Мы сталі з табой равесніцы. Адной і далей мне жыць. Цяпер ужо стукнуць весніцы, А сэрца не задрыжыць.
Нарэшце яно паверыла, Што з цёмнай тае начы, Любая, ты не вернешся — Крычы на ўвесь свет — не крычы.
Даўно, як мяне насіла I светлага лёсу прасіла:
«Хай будзе дачка прыгожай, Чыстаю, як крынічка, Хай знойдзе хлапца харошага Малая мая сунічка».
Адвечныя матак замовы! I я гавару тыя словы, I аднаго баюся — адзін Сіратой каб не вырас мой сын.
Я сама расла сіратой. Тэлеграфны завулак. Гродна. I дзяўчат гаманлівы строй, Не адразу мне стаўшы родным.
Я там доўга была дзічком, Сярод белых качак — сініцай. Кволым, тоненькім кулачком Ад напасцяў хацела адбіцца.
У салёных слязах, адна, Дрыжучы, як стрэлкі на шкалах, Колькі сонных начэй да відна Маці я з небыцця гукала!
I, напэўна, ўжо з тых часоў, Жывучы па дзетдомаўскай мерцы, Боль надзей і гаркоту слоў Адкладаю глыбока ў сэрцы.
*
Не маглі адагнаць нас ад вокнаў, Хаця кожны ў даўцы войкаў. Навіна сапраўды была дзіўнай: Адшукалася маці у Дзімкі.
Кожны ведаў — у дзетдоме сакрэтаў няма, Што прынесла яго нам на ганак зіма, У шыбу грукнуўшы, знікла ўначы назаўжды, I імгненна змяла завіруха сляды...
...Цыбаты хлапчук з падрапаным носам — Сцеражыце, дзяўчаткі, хвосцікі-коскі! Быў наш Дзімка занадта ў школе вядомы. Гаварылі ўсе: «Ведама, хлопец з дзетдома!»
Толькі нехта падслухаў з нас нечакана, Як, пакрыўджаны, ціха ўсхліпваў ён: «Мама!»
Мамы, мамы... Успомніць пра вас было грэшна. — Гэй ты, румза! — крычалі сяброўкі з насмешкай I ўсё ж па начах, у бяздоннай цішы, Кожны гэтым грашыў.
Насмешнікі і задзіры, Ішлі мы цераз гады I марылі, як аб дзіве, Што прыйдуць маці сюды.
Што сотні дарог яны пройдуць, Паўстануць хоць з небыцця, Толькі тая не вернецца, Што кінула ноччу дзіця.
...А яна вось прыйшла да сябе яго зваць. Дрыжучы, спрабавала пацалаваць. Гаварыла — цяпер адна. Той, даўнішні, цяпер пакінуў.
Гаварыла, што ў горкіх снах Трызніла аб маленькім сыне. Што хацелася шчасця тады, У маладыя дурныя гады.
...Мы таілі дыханне за шклом, Мы судзілі істотай адзінай З бескампрамісным дзіцячым злом За сябе, а потым за Дзімку.
Віншавалі яго і сябе Мы пасля: «Вось як трэба трымацца!» Толькі ён праз нядзелю збег, Напісаўшы: «Еду да маці».
...Тою ноччу дзетдом не спаў. Мы рашалі няўмольна і строга, Што ніхто нам права не даў У жыцці вырашаць за другога.
*
Ленка, можа, не ўспамінаць? Толькі нельга не ўспомніць гэта: Што зрабіла з маці тваёй вайна, Чорным дротам спавітае гета?
Хто над ёй медынынай грашыў — «Хіба людзі яўрэйкі розныя?» Чорным дротам вайна на душы. Чорным дротам яна па розуму.
Толькі сэрца ў яе не закуць. I прыходзячы ў свядомасць, Аднаго прасіла: «Дачку!» I цябе забіралі з дзетдома.
На гадзіну ўсяго. Без паперкі. I сачылі маўкліва дзеці, Як вярталася ты з цукеркай, Што яна даставала недзе;
I, напэўна, ужо тады Цераз гурбаў жыццёвых снежнасць Я панесла з сабой праз гады Мацярынскай любові бязмежнаспь.