Выбрать главу

Паўстаў адноўлены Наш Беларускі Дом,

Дзе хопіць месца й кельме, й тому.

Наш Дом трываласьцю

ды гожсцвам сьцен

Ня горшы паміж іншымі дамамі,

Дом Несьмяротных, бо кажны камень

Распавядзе, чыімі кладзены рукамі.

* * *

Ў разводзьдзі электрычнасьці зьнікае места;

І зроблены чарговы крок да маючай вясны,

І чутны рыпат камашоў,

і цемра валадарыць уваскрэсла,

Замёўшы міт пра недасяжнасьць цішыні.

Яна бязголасна мілуецца сабою,

Ды толькі, мроямі не даючы забыцца,

Сон разьдзіраюць ўшчэнт

ліхтарні «дальнабояў»

І прэч нясуць яго на землі чужаніцаў...

ЗАДУШАНАЯ СПРОБА

Золак

Прагна зглынуў туманоў,

Да рэшты змасоліў косьці бяроз,

Новы дзень

Сьляпым шчанюком

Непрыкметна падрос.

А колькі яшчэ будуць помніцца

Асуджаная,

Злосная ноч

Ды гэтак сьмешна,

Ганебна проданы

Скагаталы танкамі ўсход?!

Горад,

Прашпэктамі перацягнуты,

Нібы

Рэмянямі жаўнер,

Пустымі вачніцамі абыякава пяліўся

На прылюдны расстрэл.

Вольнаму – воля,

Зямля – нескароным.

Узьнятыя рукі – таксама ня нам!

Крыйце!

Крыйце сьвінцом і праклёнамі

Сонца.

Што сьцякае са штых-нажа!!!

Шэрай

Плавіцца пад чорным ботам.

Сьвежай барваю

Шыкуе асвальт.

Давайце глядзець –

Ужо можна –

І біць за пераможцаў крышталь...

* * *

Я кахаю ў ейных вачох

Далягляды сталічных прашпэктаў,

Ліхтароў медзяныя манэты,

Кожны двор, кожны дом, кожны рог.

Я кахаю ў ейных вачох

Жомчуг гэтых нябёсаў бясхмарных,

Неспатольную смагу кавярняў,

Лістападаўскіх паркаў рызьзё.

Я кахаю ў ейных вачох

Мастакоў і актораў у працы,

Брук ад летняга сонца гарачы,

Сьвяты Нашыя ў Нашых сьцягох.

Як кахаю прысадзісты Менск,

Што адбіўся ў ёйных вачох,

Бы чарговага вершу чаканы радок,

Дык, канешне, кахаю яе!

* * *

Як файна жыць

І не прымаць нікога

з вашых

Пісьменна ўкладзеных багоў,

І вольным быць

У сваім выбары і словах,

а няўдачы

Не уважаць за мыту з колісь зробленых грахоў.

Як файна жыць,

Ня ўкленчыўшы ніколі

ў вашых

Сьвятарнях Блуду на Хлусьні.

Ужо лепш піць,

Каб раніцой самому

ўзважваць

Цяжар уласнае маральнай чысьціні.

Як файна жыць

І не прасіць нічога

ў вашых

Аж да ванітаў перасычаных айцоў,

Натхнёна йсьці

Празь беспрасьвет праклёнаў

і анатэм

Ад вас адлучаным самім сабой.

Як файна жыць,

Палаючы на плошчах

вашых

У пекле інквізытарскіх агнёў.

Ды ўсё ж перамагчы

А потым

не прабачыць,

Зацьвердзіўшыся ў ерасі сваёй!

* * *

Яшчэ ня вырас з бацькавай кашулі,

А ўжо разгледзелі й “на ўвагу прынялі”,

Ужо не папярэджаньні,

хоць жа пакуль ня кулі,

Жадаюць змусіць плыжыцца ў гнаі.

І не ўздымаць ні голасу,

ні позірку да зораў –

Няхай відучым, утаропіцца ў цямрэч,

Ды гэты гразкі супакой кладоў і нораў

Даводзілася схалануць адмоваю ГіБець.

Славуты колькасьцю кульнутых шклянак

Дражню, нэрвую вас, някуплены гэрой.

Я штрофы страчваю, блукаючы па крамах,

Дзе не прыдбаць ніяк тае адной.

Яе ў паўзмроку на забавы скралі,

Яна пасаджаная ў краты пад замкі.

Камусь назьмену сум і сон падаравалі,

Мной выбар зроблены –

ламіцца напрасткі,

Не варажыць ці вынясе віхлястая крывая,

А – як уборамі хаўтурнымі ня скулі –

Кірунку вызначанага ўпарчуся, трымаюся,

Таму баязна-засьцярожана пільнуюць.

Аднак настаўлены на грудзі цэльнік

Няздольны ні суцішыць, ні засьціць

Цяпер злачынныя,

няўцямныя памкненьні –

Урост узьняцца ды пайсьці.

* * *

Традыцыі каханьня і вайны

Спрадвеку слаўныя надзейным гартам –

Зямлі распнутай верны сын,

Застрэміў памяць я дачкою акупанта.

Каранаваныя арлы “канфэдэратак”

У сваякі нам набіваліся тым годам,

Згадаўшы час супольных высілкаў і стратаў

Дзеля дзяржавы Двох Народаў.

Як соладка было прыгожай марай трызьніць!