Выбрать главу

Зьдзяйсьняць – бяз мала, пагатоў.

Два леты ад Дняпра да Віслы

Мы за яе лілі зацята кроў.

Два леты... Ды ці замінала каму восень?

Няхай кастрычнік пазалочваў сьвет,

Нязьменны краявід: штыхі, драты, абозы,

Атака, выбух, бінт і лязарэт –

Маёнтак, вернуты “праўдзівым гаспадáрам”.

Ці ведаў хто, што непамысна злучыць

Ён варажбою хваляў мклівай Шчары

Панну з-пад Лозьдзі і “тутэйшага” паручніка.

Гавораць, гэткае – часьцей увесну,

Але вось, выпала традыцыю зыначыць

Праз ананімны сьціпленькі букецік

Сьвежазьнятому зь лекарскіх варштатаў.

Першыя дні прыкідак і прыглядак.

На запальніцу ўрэшце запытацца падыйшла,

Каб потым натуральным сталася працягам:

– ...Krystyna.

– Мне прыемна. Станіслаў...

Паходні клёнаў занімалі вечар

І той курэў, бы лёнданскі тытунь,

Падораных ёй кімсьці цыгарэтаў,

Схаваўшы таямніцу ночы ў даланю.

Пад сукняй шыняля сьвярбеліся мне шнары,

Промньмі апошнімі гаіў іх крыўскі бог.

За сьветам дзесь гарматы неба йрвалі,

Я ж патанаў у прагнулых вачох.

Касьцельнымі званамі плыў сьвітанак

Са стромкіх веж падляскага мястэчка,

Нібы ўспаміны падбірала станік,

Панчохі, намітку да будучай сустрэчы.

Мы ўдасканальвалі, забыўшыся на стому,

Сябе ў майстэрстве велічнага пачуцьця,

Надаючы застыглым колісь формам

Моц і энэргію сьвінца.

Спазнаючы пяшчоты бездань пакрыёму,

Хоць гэны чын і не адпавядаў на час,

З асуджанаю да каханьня, згубы, злому,

Што да пабітага тулілася пляча.

Ды ў хвілю згасла, растварылася ў сутоньні,

Няўцямна цьвердзячы

ледзь гучнае: “Dlaczego?6”,

Як дзеі апусьціў заслону –

Скрозь зубы выцэдзіў: “Назаўтра еду...”

А ад’яжджаў адзін,

бяз сьлёзных разьвітаньняў,

На золку рушыў у чырвоны ўсход,

Не прадчуваючы налетняга вяртаньня

Праз фронтаў і падзеяў вірны калаўрот.

Ціс выдраны, бы рэбры, трушчыўся пад ботам

Паміж самоты голых сьценаў, заляў,

толькі зь іх,

Зь мяне прысутнасьці ейнае попел

Ня далі рады выдзьмуць скразьнякі.

Нешта выводзілі ў падстрэшшы пра мінулае

Пакуль на ганку піў нагбом кан’як

І вылі ўсьлед, сьвісталі ў сьпіну кулямі,

Калі прэч назаўжды пагнаў каня.

* * *

Штыхет. Халодны ды зажды гатовы

Быць верным гаспадаравай руцэ,

Бязьлітасным, калі нахабны вораг

На мой народ і будучнасьць ідзе.

КАРАЛЕВА БАЛЮ

Расчыняйце дзьверы вязьніцаў,

Кашараў,

Выходзьце на пляцы граць пастаралі! –

Сёньня я буду абраны

У каралевы балю.

Выносьце з кватэраў пярэстае шмацьцё!

Спавівайце ядвабам пругкія таліі!

Такога ня бачылі

Ні Парыж,

Ні Ню-Ёрк,

Ні карнавалы Італіі.

Сёньня абаяльнасьць мая

Прарвецца й праз засьветныя межы.

Як жа іначай? –

Прыйшла вясна,

До ўжо пэцкаць паперу!

Разальюся, распліскаюся ў вашых вачох

Безданьню млоснай спакусы.

Ня зважыў на мяне яшчэ хто?

Найвытанчоныя

Задаволю я густы!

Заквітнелі гірляндамі сьцягоў гарады,

У чэргі пашыхтаваў дэвотак зграі...

Ах,

Якая прыемная доля быць

Абраным у каралевы балю!

ДЗЯДЫ

Сёньня Дзяды:

Піва і Хлеб,

Несунімальны вецер;

Сустракаю па завядзёнцы адзін

У прыцемкі ўхутаўшы плечы.

Піва й хлеб –

Каласовы двубой.

Што ёсьць больш смачным у сьвеце?

А зорныя пацеркі на днёвым тле –

Аздобы набліжанай мэце.

Працягні даланю

І дацягнесься, здэцца,

Жменю сабе прыхапіць на ўспаміны,

Як завіталым гасьцём у талерку куцьцью

Шчодра накладвае гаспадыня.

Кілішак паўнюткі

Вішнёўкі налье –

Памяць і шанаваньне нашчадкаў!

Ці адчуваеш нямую прысутнасьць

За сталамі ў прыбраных хатах?

Ці разумееш:

Мы толькі зерне

Між няспыннымі жорнамі часу,

Хтось і нас узгадае пахмурлівым вечарам

Да піва із хлебам ласы...

Бялюткі кілім

Чарговую восень

Па заканчэньні накрые,

Але сёньня Дзяды ў сусьвеце маім,

Сёньня я спрэс прасякнуты імі.

* * *

Нас няма. Мы спачылі, сыйшлі ў небыцьцё,