Выбрать главу

Гадаванцы сумніўнае славы.

Адзінота і змрок. Толькі ветру выцьцё

Набажэнствы па нас адпраўляе.

Безаглядна зрабіўшы з-за бруствэру крок,

Пад агнём пагарджалі хіліцца.

Набрынялых дымамі баёвых дарог

Нас ня выбіць з займаных пазыцый.

Нас ня знойдзе паштар на адрэсах жывых,

Бяз нас зладзяць сяброўкі вясельлі,

Праз бяссонныя ночы ў кватэрах пустых

Нашы маткі заўчасна сьсівелі.

Сёньня ў нас, хто ў зямлю натамлёную лёг,

Гной на донцах вачніцаў чарнее,

На зьнявечаных, дужых калісьці грудзёх

Чарвякі бестурботна тлусьцеюць.

Нам, спазналым прыўкрасы старонаў чужых,

Малы скутак з жаўнерскага лёсу:

Папялішчы, нянавісьць, дзірван і крыжы –

Гэта ўсё, бадай, што дасталося…

* * *

Цішынёю ўбраная хата.

У мэлёдыі рытмаў старых

Ты прыходзь да мяне, як да брата,

Лёгкім поступам ветлай сястры.

Пра праменнае распавесьці,

Што спачыла ў тае цішыні,

Вокны гутаркай запавесіць –

Каго мне выглядаць яшчэ ў іх?

Хай кладуцца і голас, і словы твае

На разьдзертыя шнары бінтом.

Чуеш, дровамі ў грубцы патрэсквае

У нецярплівым чаканьні вагонь?

Колькі ўжо задáрма сатлелага!

Колькі скрыдлаў зламана вятром!

Толькі зноўку чаромхаю белаю

Сьнежань вёрсты засыпаў суздром.

Ды ня збойся адбітага сьледу –

Ён да брамкі праводзіць цябе.

Аб мінулым, аб нечым засьветным

Распытай, каб уцяміў глыбей.

Гасьцявала бязь ліку тут дрэні,

Нехта зьнес залатыя ключы,

І таму адамкнёныя дзьверы.

Няма словаў? Прыходзь – памаўчым.

У будзённыя альбо ў сьвята,

Прамарудзіўшы, без пары

Давядайся нявартага брата

Чыстым водбліскам ветлай сястры.

* * *

Аскепкам-месяцам Сусьвет расколаты,

Ў абдымках нашых

стогне цела матухны-зямлі.

Усё,

Што вечным звалі вы –

Ад пачуцьця да гораду, –

Мы разглядаем, як няварты друз і пыл.

Навучаныя правілам сьвядомае нянавісьці,

Выбітныя таўром зацятых і праклятых,

Прэч гонім змрок,

Сьвітанак набліжаючы

Паходнямі зь сялянскіх хатаў.

Апанавала мацярык вар’яцтва:

Паўсюдна рэй вядзе сяганьня штых

І вызваляе ад пакутлівага рабства,

Падраўшы абразы сьвятых.

Сьляпы шчанюк разгублена заходзіцца –

На нашых тварах ўзрошчаны ашчэр.

Адмовіўшыся ўдзел браць у распродажы,

Крывёю людзкасьць з рукава цячэ.

Цяжар тугі мілосных згадак

У ямы выграбныя скінулі,

Каб безаглядней у мястох забраных

Гарбы цярпліўцам правіць карабінамі.

Бясьпечнае і сытае мінулае,

Дзе стоена зьменнага дня ждалí,

Роты штурмовыя сьвінцовымі віхурамі,

Межаў замкí ўзламаўшы,

Спляжылі.

З рамёнаў футры!

З крамаў золата!

З паліцаў памяці тамы! –

Усё,

Што вечным звалі задаволена, –

У попел,

у нябыт,

у пыл!!!

ПРА НОЧ

Ноч. Туліць бліжэй плечы

Свае да ясачак-лятарняў

І скрыдлы матылём калечыць,

Долу сьцякаючы ў сьвітаньне.

Гарачы воск не апякае пальцаў.

Раблюся сам бязвольны ды мяккі,

Кладуся кроплямі на пляцыку цьвінтарным

У словах, што нітуюцца ў радкі.

ЭПІЗОДЫ

1.

Было тлумачыў хросны,

Мох ботамі мнучы,

Што на балоце хвоя

Ня пусьціць карані –

Патрэбны грунт трывалы ёй.

А ў жоўкнулым скрозь жніўні –

Ці сорамам? Ці барваю? –

Ўзгаралі журавіны...

Пазьней размову я згадаў –

Як спляжаны хваробаю,

П’ючы настой з тых ягадаў,

Вусны апёк іх горыччу.

2.

Празь незамольнасьць крыўдаў

Прыходзіла мне ў сны,

Каб дакараць маўкліва

Стамлёнымі вачмі.

Мітрэнгаю дні засьціла,

Забраўшы супакой, –

Так зьвер, які прынадзіцца,

У пастцы б’ецца ўкроў.

І валіцца зьнясілены

Да радасьці лаўцоў,

Ды доўга потым трызьніцца

Гушчарнае лагво...

3.

На аркуш месяц зроніцца

Ледзь бачна, з-за пляча,

Як празьвініць апоўначы

Чыясьці немата.

Стоіў каго вусьцішны

Бязмоўем чорны флёр?

Падасцца раптам: з слухаўкі

Змрок грагне: “Nevermore!”