Выбрать главу

* * *

Будуць доўга ўлашчваць і тлумачыць,

Рай зямны – чарэўны – абяцаць,

Не маніся абхітрыць Пілата –

Грошы задарма ў яго прыдбаць.

Гарам пойдуць глумныя надзеі,

Закуюць запясткі ў кайданы

І сівыя сонмы фарысеяў

Дабрадзействам назавуць грахі.

Агаломшаны казаньнямі аблуднымі,

Не патрапіш іх намераў разгадаць,

Кубак поўны здрадаю атрутнай

Вып’еш з красамоўцамі да дна.

А на ранку, калі роспачу агорне

Сорам надалей таптаць зямлю,

Сам пачнеш вязаць сабе са шворкі –

Як падасца, ратавальную – пятлю.

Будуць доўга ўлашчваць і тлумачыць,

Рай зямны – чарэўны – абяцаць,

Не маніся ж абхітрыць Пілата –

Грошы задарма ў яго прыдбаць.

НА ІЛЬЛЮ

Не чутно было нешта

грукатаньня колаў Ільлёвых,

Срэбнавусы Пярун

сёньня стрэлаў ня цэліў сваіх,

Адно ранак адорыў

залеваю прамянёвай,

Пакрапіўшы сьпярша

шомастам непрацяглай імжы.

Цёплы сонечны дзень

у абдымках разложыстых хвояў,

Далягляд разамлеў

зь непралазнае цішыні,

Адбівае рака

жамчуговы прадон над спакоем

У якім не стае мне

грымотаў і навальніц.

Досыць лашчылі нас,

бестурботнасьцю спавівалі,

Пранікнёна нашэптвалі

аб сабекошце быцьця

Без акалічнасьцяў

і ўрэшце закалыхалі,

Аж спусьцеў ды зьбязбожыўся

некалі ройны абсяг.

Хай шугаюць вятры!

Няхай сьвет разарвуць бліскавіцы!

Хай пабудкай нясецца

суворы, гарэзьлівы сьмех

Ад нябёс пашчапаных

насуперак бязьліўцам

Насланьнё амарокі

начыста,

дазваньня садзьме!

НЯБЁСЫ ТВАЁЙ ПРЫСУТНАСЬЦІ

Усьлед за сіверам гнанымі птушкамі

Пакідаю апрыклы ўтул –

У нябёсы Тваёй прысутнасьці

Напаўсьлеп апантаны брыду.

У разводдзі змроку паўночнага

Зорны Стан ратавальным мастом.

Стуль, дзе промні схаваныя ў похвы,

Я кірую наўпрост на яго.

Ад старое крыніцы здрабнелай,

Дзе купаны быў немаўлём,

Ад гмахоў адрываецца цела,

Нішчачы прыцягненьня закон.

Хай за пераадоленьня радасьць

Незьлічона змушае зямля

Цераз крок памыляцца і падаць,

Але зноў выпраўляюся ў шлях.

У сьвет без пярэйміцы Сьмерці,

Беспадступны, бязьмежны, адкуль

Жнівень сыпле сваё насеньне

У расчыненых душаў ральлю.

І бязьлітасны да немагчымага

На прыступку раблюся бліжэй,

Вось амаль ужо перад вачыма.

Сэрца, дай мне прайсьці яшчэ!

Змоўчаў гадзіньнік змітрэнжаны –

Разгубіўся, ня скеміўшы што

Тут спрадвеку толькі цяперашні

Час люструе Тваю прыгажосьць.

Перад Брамаю неўміручасьці

Пакідаю апошні ўздых.

Я дабрыў, я сьвяткую заручыны

З Валадарствам нябёсаў Тваіх!

* * *

І лягуць першыя сьляды

Лісьцём на люстраных кілімах,

Што хмараў кужалі ткалі

На той зямлі, ў якую гінуць.

І сонца, кінуўшы пасад,

Ніжэй і бліжай да заходу

Кругамі робіць свой агляд

Палёў, пазбаўленых аздобы.

Устаўшы блякла праміне.

А целы чэзлыя бадылін

Зацята хтось хвастаць пачне

Працяглым посьвістам тужлівым.

Грымоты ў шале навальніц

Нябёсы разаб’юць бяз жалю,

Вымые знакі цеплыні

Напорнасьць струмянёвых хваляў.

Тады бязважкасьць туманоў

Зьявіцца сонмам белых зданяў

І высьляпіць маё вакно,

Ня бачыла каб аджываньне.

НОВЫ САВАНАРОЛА7

Ад пачатку вякоў

атрыманыя крыўды,

калісьці

Набалелыя

ў прызьмерк лучынаў,

між ясак грамніц,

У купелях крынічных

дарэшты

сьвінцом наліліся

І пайшлі праставаць

“прывялебных”

за зрынутых ніц.

Па блюзьнерству кавярняў,

ненажэрнай

нахабнасьці крамаў,

На нэоне вітрынаў

пакідаючы

сплаты таўро.

Выкшталцонасьць сталіц

у нябыт

пацякла ручаямі,

У якіх астыгала

раздушанае

гадаўё.

Над бляяньнем TV,

скавытаньнем

ружовае прэсы,

Манітораў аскепкамі

і могілкамі

дыскатэк

На вятрох палымнелі

ютрані

ачышчальнай пратэсы,

Каб з агнёвае раніцы

Новы

паўстаў Чалавек.

* * *