Усе сядзелі ашаломленыя.
— Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падавайце рукі адзін другому.
У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер — ад радасці.
— Раландзік, даражэнькі, ты ж добры! Кінь злавацца... Карлуша, ты ж такі — ну самы найлепшы! Ну, няма ж прычыны... Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі...— вочы яе ўмольвалі.
— Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы,— буркнуў Багдан.
Лізка кінулася Роліку на шыю. I тут я ўбачыў, што Фінеес частачаста заміргаў.
— Мірыцеся, басякі,— сказаў ён дзіўным — такога я не чуў ад яго,— глухім голасам.— Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? — I бухнуў: — Падайце рукі. Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.
Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.
— Ну, рукі. Усе — рукі,— сказаў я.
Рукі нашы сустрэліся.
— Ну вось,— сказала Нонка.— I каб ніколі не сварыцца.
Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скрутачкі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.
Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.
— Ешце,— сказаў Дзмітрэнка.— Карл. Нонка.
— Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.
— А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды.— I вызверыўся.— Еш, басурманская ты морда!
Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па коле. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрымі да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. I ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.
Будзь благаславёны, добры хмель!
— Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце... з кім я дружыць хачу? — здаўленым нейкім голасам спыталася Нонка. I раптам развесялілася: — Ну, хто ён, той?.. Які?..
— Хто?— з поўным ротам спытаў Багдан.
— Ды вы яго добра ведаеце! Ён мяне кахае...
— Дык хто? — толькі з ветлівасці, з холадам у душы спытаўся я.
— Хто?! — мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй... I калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач? — Ды ты. Ты, дурнік мой гаротны, небарака мой. Ты.
Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова. Першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца... Калі я падняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачыма. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і нечакана вельмі сур’ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.
— Гэх ты, баба! — сказаў Багдан.
За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі — я паверыў бы. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды:
— Ён мне сказаў пра гэта,— рука яе лягла на маю.— I, дурнік такі, не зразумеў, што я ж яму адказала, што я радуюся. Не магла ж я так проста адказаць: «Добра...» Ну, я і маўчала, думала, і вось... Таму і вам не хацела нічога казаць. Усё думала, ён абдумаецца, яшчэ раз скажа. А ён, дурны, маўчыць, паверыў. Такі дурны. Сам разумны, а галава дурна-ая.
Карл і Раланд пераглянуліся. Пасля Карл зарагатаў. Ролік глядзеў на яго збянтэжана, нібы не верачы, і раптам далучыўся да сябра:
— Ну, гер Канецкі! — ён рагатаў да слёз.— Ну й доўбні.
— Ну, давай лапу, ці што... Ухажор... Аўтух з Чокалаўкі.
— Дый ты...
Але я не думаю, каб у гэтым нястрымным смеху не было ноткі горычы і прыкрасці і лёгкай пагарды да сябе.
А яе рука бязвольна ляжала ў маёй, як нежывая, і позірк быў па-ранейшаму не тое што халаднаваты, а адсутны, і толькі калі яна пераводзіла яго на Карла ці на Раланда — ледзь бачна ўздрыгвалі веі. Але гэтага ніхто не мог бачыць, акрамя мяне. Яны не мелі майго зроку, абвостранага несамавітай любоўю і нясцерпным болем.
Я нібы адразу пасталеў, нібы ў адну хвіліну стаў дарослы. I я зразумеў усё, да самага дна, у гэтай дзяўчыне. Я зразумеў: адным ударам яна памірыла ворагаў, аднавіла кампанію і сваё месца ў ёй, месца нашай атаманшы і каралевы, уваскрэсіла план, якім мы жылі, ды яшчэ адначасна, за адным разам, ашчаслівіла мяне, здаровага боўдзілу, даўгалыгага дылду. Яно ўмела разлічваць, гэтае дзяўчо, і яно выбрала аптымальны варыянт, пакінуўшы дрэннае толькі адной сабе.
I хаця я ўсё гэта зразумеў і пагарджаў сабою і ёй — я ў глыбіні душы сапраўды быў шчаслівы і нават заспакоены.
...Абмеркавалі план заўтрашняга паходу. I таму, што ўрэшце рашыліся, неяк пуставата і трывожна было на душы. Нібы смактала нешта. Збіраліся ўжо і разыходзіцца, але тут здарылася прыкрая, брыдкая гісторыя, якая канчаткова сапсавала гэтую нашу апошнюю «мірную» бяседу.