— Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе… Ну і купілі… — I цалкам не лагічна дадаў: — А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.
Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.
— Хальт маўль, — сказаў Карл. — А па-нашаму «заторкніся».
— Ціха, хлопцы, ціха.
— Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы.
Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.
— Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі — не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б’е да смерці, але таго, хто ўпаў — не б’е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я…
Навісла цяжкая паўза.
— Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? I нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць — не хачу. Гонар губляць — тлумачыць — не хачу. Сволачы ўсякай тлумачыць — не хачу. Смешачкі чуць, усмешачкі бачыць — не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі — не хачу. «Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец». А я немец, немец! Немец, чуеш ты?!
Мы маўчалі. Цыкадкі і конікі нібы раздзіралі ноч.
— Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, — глуха сказаў Карл. — Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе — і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша… Вязуць нас параходам…
— Чакай, — перабіў я. — Які параход! Не «Пугачоў»?
— Ён самы. А-а ты чаго?
— Так, нічога, кажы далей.
— А ўва мне злосць кіпіць. I вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам…
Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. I тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў — нельга было.
…Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха:
— Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог.
— Агонь згас, — сказаў Фінеес. — Подаўна ўжо.
…Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны.
— Ну як? — Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі
— Знялі пост. Дзве гадзіны таму.
— Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.
Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур’ян.
…Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі.
Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі — хітрыя чэрці! — так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што «падвальныя» перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.
Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае.
Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з «макаронамі», нямецкім порахам.
— Угм, — сказаў Раланд. — Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.
На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.
— План разраблялі, гады, — сказаў Карл.
На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.