Выбрать главу

«Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка — акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад’емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай».

«Нямецка-фашысцкая морда Карл…» Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне «суд народаў» прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.

Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс:

«Наша справа справядлівая — перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!»

— Бачылі? — спытаў Ролік.

Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.

— Ну, гадаўё. Я ім «нямецка-фашысцкую морду» пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:

— Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, — дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то… Але думаў: несур’ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур’ёз. Таму што дай такой свалоце волю… Гэта ж капо[2] растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.

— То што? — спытаў Жэнька. — Развалім проста? Разбурым?

— Э, не, — падумаўшы, сказаў Ролік. — Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл — за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак.

— Дзеля чаго?

— Дзеля цягі.

Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.

Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).

— Каб гарэла зырчэй, — растлумачыў ён.

Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў.

— Патроны возьмем? — спытаў Навум.

— Патроны самі знойдзем, — адказаў Ролік.

— Правільна, — сказаў праз зубы Карл, — яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць.

Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.

— Слухайце, — сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, — тут яшчэ дзесяць… пятнаццаць… дваццаць чатыры ракеты.

— Валачы іх сюды, — сказаў Ролік.

Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.

Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт.

— Падпальваць, ці што? — спытаў Навум.

— Э, не, — сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, — без бікфорда — гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур’ёзных людзей.

— Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? — спытаў я.

— Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.

Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.

— Парадак. Прыдатны.

Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку.

— Ну, з богам.

Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма «шанхаямі», узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым.

— Пайшло, — са здавальненнем сказаў Ролік, — зараз як пачне пластаць.

«Пластаць», сапраўды, пачало. 3 бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.

вернуться

2

Капо (скарочанае ад «Kazetpolizei» — службовец дапаможнай паліцыі канцлагера) — прывілеяваны зняволены ў канцлагерах Трэцяга рэйха, які супрацоўнічаў з нацысцкай адміністрацыяй.