Выбрать главу

— Нічога, хлопчыкі, нічога, — кідаў Ролік, — вось ім, вось.

Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. 3 аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з’явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам.

Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое.

— Што такое? — спытаў старэчы голас.

— А чорт яго ведае, — адказаў бас. — Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?

— А ракеты?

— Ну, можа, фуліганнё… Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі.

— Не кажыце. Развялося — хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з’явіліся нейкія «малаточкі», цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка… Ведаеце, пажылая… То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзяе на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. «Чаго гэта вы, Двося Аронаўна?» — «А малаточкі?» Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці.

Яны засмяяліся.

— Чорт ведае, што гэта, — сказаў бас. — Падазроная нейкая гісторыя… А ўсё ж прыгожа, га?

— Прыгожа… У міліцыю заявіць трэба.

Цяпер страляніна была такая, нібы на ўзгорку віраваў запеклы бой. Снапамі ўзляталі ўгору рознакаляровыя ракеты. Адна паляцела паралельна зямлі між двума кастрамі дроваў і зігзагамі, адбіваючыся па чарзе то ад аднаго кастра, то ад другога, памчала ў бок дамоў. Людзі шарахнуліся ў бакі. Пасля ў зеніт пайшла адна ніць, другая: сярод патронаў былі трасірныя. Мы ў захапленні заскакалі на нашым даху.

I тут нешта глуха вухнула — абвалілася столь пячоры. Відаць, падгарэлі слупы. А можа, і сціснутыя парахавыя газы дапамаглі, не ведаю, як там атрымалася. 3 ямы, як з жарала вулкана, вырваўся слуп агню, узляцела ў розныя бакі яшчэ некалькі ракет, а страляніна стала ўтрапёнай.

Мы саскочылі і пайшлі да людзей. Цяпер можна было ўдаць, што мы таксама выйшлі пацікавіцца. А людзі стаялі і ўсё яшчэ нічога не разумелі.

— Ролік, хлопчыкі, вы? — пачулі мы шэпт.

— Нонка, Ліза.

Прыемна ўсё ж несці цяжар гераізму і славы. Ва ўсякім разе, мы стрымана і мужна ўсміхаліся, калі Нонка трэсла нам рукі, а Ліза ўстала на дыбачкі і выцерла насавіком пляму сажы на Ролікавай шчацэ.

Кроках у дваццаці ад нас стаяў Гнат, і зарыва скакала ў яго па твары. Ён заўважыў нас — аблічча ягонае тарганулася: зразумеў.

Узняў з зямлі ўламак цэглы і шпурнуў яго проста ў жарало, у агонь.

Вочы ў яго былі белыя ад ярасці.

— Ну, трымайцеся.

І плюнуў у наш бок.

VII

«I прыйшоў дзень бітвы. I сеча бысць зла…»

I яны, і мы добра разумелі, што пасля знішчэння штаб-пячоры ніякай размовы аб міры ці нават аб узброеным нейтралітэце не можа быць. Вайна цяпер была толькі пытаннем часу. Узаемная нянавісць была такая, што ніхто, ніводны з бакоў не адмовіўся б ад помсты. Акрамя таго, справа ішла аб сферах уплыву, і мы, вядома, лічылі, што праўда і справядлівасць на нашым баку. Нам трэба было мець свабодны праход на яўбаз, на бульвар, на вуліцу Варашылава і плошчу Хмяльніцкага. Патрэбен быў «выхад да мора».

А ворагі былі гадамі. Яны гулялі ў расстрэл, штурхалі прыкладамі між лапатак безабаронных і слабых. I гэта яны рыхтавалі напад і ўжо загадзя пускалі слінкі, думаючы аб бочцы і крапіве.

Не, яны і сапраўды, па вялікім рахунку, былі паскуднікамі і падлюгамі.

Акрамя таго, гэта была проба агнём, рэпетыцыя, манеўры, якія павінны былі паказаць, ці вартыя мы чагосьці, ці здатныя мы ўтварыць сапраўдны атрад, які здолее дзейнічаць.

Але, шчыра кажучы, мы такі чухалі сабе патыліцы, думаючы аб гэтым дні. Сілы былі жорстка, катастрафічна, да крайнасці няроўныя.

Нас, калі ўлічваць Нонку, было сем чалавек. Тых — дванаццаць. I гэта толькі з адной Падвальнай. Мы і чакалі, і пабойваліся гэтага дня.

…I вось гэты дзень настаў. Мы зразумелі гэта таму, што яшчэ з раніцы на вал узлезлі два хлопцы і пачалі адтуль гарлаць нам:

— Гэй вы, нізавое балота! Пачым жабяняты?!

— Чакайце, дагаўкаецеся! — адказвалі мы.

— Як бы вам гаўкаць не давялося.

— Вы брэшаце — вы і гаўкаць будзеце.

— Паб’ём Раланда з вашывай бандай.

— А ў вас з вашым Гнатам нешта нечым напхата.

— Выходзьце вечарам у сем, калі смеласці хопіць. Мы вас біць будзем.

— Выйдзем, анягож. Толькі глядзіце, як бы мы вам рылам не наторкалі ў тое, што са страху зробіце.