Выбрать главу

Нагаварылі, словам, процьму, проста-такі кучу разумных рэчаў. А нагаварыўшы, сталі думаць, як не абняславіцца.

Дом, на які абапіраліся нашы тылы, той дом, у якім жыў Кульба, у плане быў падобны на літару «П». Справа ад яго, калі стаць спінаю да ніжняй часткі гэтага «П», быў глухі мур шматпавярховага дома. Злева — брукаваны з’езд з вуліцы непасрэдна ў двор, а за ім — фасад яшчэ аднаго, пяціпавярховага дома. Злева і справа, такім чынам, нам не было чаго баяцца нападу. На жаль, і тут былі свае слабыя месцы. Адно — брама, што вяла на з’езд. Другое — пад’езд у П-падобным доме. Ён вёў на другі, мікраскапічны дворык, з якога, зноў жа праз пад’езд, суседні з першым, таксама можна было выйсці на вуліцу. 3 першым пад’ездам было прасцей. Мы зачынілі чыгунную вітую браму, ведаючы, што ўсе ўспрымуць гэта як належнае: цюкнула ў галаву ўпраўдому, і ўсё.

Справу з другім пад’ездам уладкаваў Навум Фінеес, гэткая хітрая зараза. I ўладкаваў выпадкова: убачыў ля «Перукарні» грузавік і шафёра, які, відаць, рыхтаваўся крыху перапачыць, скручваў ватоўку ў валік.

— I што вы, дзядзька, так і збіраецеся спаць тут?

— Ну. Далёка завідна не ад’едзеш. I ўначы ездзіць небяспечна. Прыкімару тут.

— Угм. I на цёмнай вуліцы. Нейкі іншы грузавік дасць пад хвост вашаму. Прыемнае вы сабе рыхтуеце абуджэнне.

— Ну, а ты куды б параіў, шалапут?

— Заганіце унь у той пад’езд. Хадзем, я пакажу.

I паказаў. Шафёру ідэя нечакана спадабалася.

— Гэта ж вузкі пад’езд, — пераконваў Фінеес. — Ён на рамізнікаў разлічаны. Дом жа ж стары. То калі вы заедзеце — ніхто ж нават дзверцы да вас не здолее адчыніць, каб вас украсці. I машына не наедзе. I нічога.

Вадзіцель згадзіўся. Загнаў машыну ў пад’езд, нібы коркам бутэльку заторкнуў, і заваліўся дрыхнуць. Тады мы прыцягнулі некалькі скрынак і запхнулі іх пад грузавік. Тыл быў забяспечаны.

Мы не ведалі, чаму гэта Ролік знікаў гадзіны на дзве сярод белага дня, але мы бачылі: ён хвалюецца. I за сябе, і за нас.

Сонца ўжо схілілася нізка, і вокны дамоў гарэлі вадкім аранжавым ззяннем, калі на вяршыні грады з’явіўся вораг. Цэлы ланцуг прыдуркаў і лэйбусаў з галоўным прыдуркам і фашыстам на чале.

Наша кампанія грэбавала біцца іначай чым «на кулачкі». I, акрамя ўсяго іншага, мы пагарджалі «падвальнымі» за тое, што яны заўсёды, нават зараз, ішлі ў бойку «ўзброенымі». Вось «карабіны», зручныя ў якасці доўбні, кіі, унь у аднаго лук, а ў другога прашча. Гэтак жа і галовы папрабіваць можна, вельмі проста.

I тут нас зноў здзівіў Ролік. Пайшоў перад нашым строем, раздаючы кожнаму па пяць скрутачкаў, з якіх стырчалі канцы шнуркоў.

— Калі выгарыць тое, што надумалі, і іхні строй расстроіцца, па майму сігналу торгайце за шнурок і кідайце ім проста пад ногі.

— Гэта што? — спытаў я.

— Гэта пад час тактычных заняткаў ужываць. Называецца «выбухпакет».

— Дзе ўзяў?

— На яўбазе ў таго гандляра выменяў сёння. Гадзіну таргаваўся, гад.

— Што аддаў? Раланд маўчаў.

— Няўжо «Цэйса» свайго?

— Не, хлопцы, бінокль нам спатрэбіцца. Ён у гарах — першы сябар, — і ўздыхнуў. — Шаблю аддаў.

Мы ахнулі. Гэта быў скарб, якім ганарыліся ўсе мы, хаця належаў ён Раланду. Нямецкая парадная шабля. Танюткая, у чорных лакіраваных ножнах, тупая, лёгенькая, з «залатым» эфесам. Нейкі афіцэр салютаваў ёю на парадах, магчыма.

— Адолець трэба, — сказаў Ролік і ўспыхнуў. — Ды чаго, як на хаўтурах? Парадная яна. Цацка. У паходзе яна нам — ну, ні да чаго. Тупая, адных жаб рэзаць. I потым, вы ж бачылі на эфесе круг, а ў крузе арол на свастыцы. На якога д’ябла нам іхні арол? Ды яшчэ на фашысцкім знаку?

Гэта сапраўды крыху мяняла справу. Ва ўсякім разе, мы зрабілі выгляд, што нам не шкада.

А ланцуг стаяў на ўзгорку і чакаў.

— Значыць так, — сказаў Ролік. — Б’ёмся амаль усур’ёз, бо іначай не павераць, не завабім. А пасля падамося назад. А пасля ўцякаць.

Мы глядзелі на тых, на градзе. Чатырнаццаць чалавек. Два на аднаго. Але горш было тое, што некаторых хлопцаў з Падвальнай не было. Замест іх былі ландскнехты і подлыя найміты з Пірагоўскай. Значыць, мы мелі рацыю і частка іхняга атрада была засланая нам у тыл.

А тыя, на градзе пачалі нас свалачыць.

— Гэй вы, калі здрэйфілі — бяжыце па хатах. А то здавайцеся. Тады адхвошчам крыху крапівой, дый канцы.

Мы маўчалі. Мы проста ішлі па схіле ўгору. Зрэдку даводзілася адскокваць ад каменя, пушчанага з прашчы. I гэта яшчэ больш распаляла нашу ярасць. Быдла паршывае! Камянямі!

— Ідзіце-ідзіце, — яны наперабой надасканальваліся ў сінонімах. — Мы вас адлупцуем. Узгрэем! Адвозім! Накладзём! Аддубасім! Гарачых усыпем!